Loading

Напрыканцы снежня 2022 года Святлана Ціханоўская прызначыла ў Аб’яднаны пераходны кабінет прадстаўніцу па сацыяльных пытаннях. Ёю стала былая палітзняволеная і кіраўніца ініцыятывы дапамогі ахвярам хатняга гвалту «Радзіслава» Вольга Гарбунова. Яна распавяла нашаму радыё пра асноўныя напрамкі сваёй будучай дзейнасці.

Цалкам размову са спадарыняй Вольгай Гарбуновай можна паслухаць у плэеры ніжэй, а тут прыводзім асноўнае з таго, што яна сказала:

Пра асноўныя прыярытэты ў дзейнасці

Памылкова будзе лічыць, што прадстаўніцтва па сацыяльных пытаннях [Аб’яднанага пераходнага кабінета] – гэта нейкая аналогія, альтэрнатыўны погляд на паўнавартасную дзяржаўную сацыяльную палітыку. У нас вельмі шмат абмежаванняў, звязаных з тым, што мы знаходзімся не ў краіне, што ў нас няма такіх рэсурсаў, якія звычайна закладаюцца ўрадамі пад працу такіх інстытуцыяў. Таму тут важна разумець, што гэта не роўна, не замена і нават не альтэрнатыва. Гэта спроба сфармаваць нейкія новыя прынцыпы, а ўжо, сыходзячы з гэтага, і новыя інструменты для сацыяльнай дапамогі, абароны розным катэгорыям грамадзян.

Кажучы пра прыярытэт, я, вядома ж, кажу пра фокус у Беларусі – гэта палітзняволеныя і іх блізкія, рэпрэсаваныя беларускія беларусы – людзі, якія знаходзяцца ў краіне. І другі напрамак – гэта беларускія беларусы, якія знаходзяцца за мяжой. І мы тут кажам пра вельмі шмат іншых, новых ужо, сацыяльных праблемаў, з якімі сутыкаюцца нашыя грамадзяне за мяжой – гэта пытанне легалізацыі, гэта пытанне здароўя, гэта пошук працы, гэта раптоўная эвакуацыя.

Я прыхільніца таго, што не абстрактнае грамадства, а канкрэтны чалавек павінен стаяць як мэта, да якой мы імкнемся пры наданні сацыяльнай абароны і дапамогі. У нас ва ўсіх вельмі розны досвед. Мы не гамагеннае нейкае грамадства. Усе вельмі розныя. У Беларусі свой унікальны досвед у тым ліку і з гэтай сацыяльна арыентаванай палітыкай. У нас ужо недазваляльна працяглы час у краіне вельмі жорсткая іерархія, вельмі жорсткая вертыкаль. І гэтая ўся дзяржаўная машына працуе не на стварэнне і развіццё. Яна працуе на страху, на параноі, на пастаянным кантролі. Мы бачым, як вялізныя сумы з дзяржаўнага бюджэту ідуць на сілавы блок, а не на сацабарону, адукацыю, ахову здароўя.

Пра работу недзяржаўных арганізацыяў

Захапляюся тым, што адбываецца з беларускім НДА-сектарам. Я дакладна ведаю пра ініцыятывы, якія працягваюць аказваць дапамогу людзям, якія знаходзяцца ў самой Беларусі. Я бачу, як многія ініцыятывы перафарматавалі свае напрамкі дзейнасці, многія ўключылі ў мэтавыя групы беларусак і беларусаў, якія змушаныя былі пакінуць краіну. Таму захапляе тое, што недзяржаўныя арганізацыі працягваюць сваю працу. То бок, яе нават і аднаўляць не трэба.

Бачу сваю задачу ў тым, каб даследаваць пытанне патрэб такіх НДА і проста дапамагчы аб’яднаць рэсурсы, дапамагчы знаходзіць рэсурсы. А не думаю, што задача прадстаўніцтва неяк каардынаваць працу. Хто мы такія? Гэтая праца адладжаная. На жаль, зараз значная частка працы перайшла ў такі анлайн-рэжым, але мне здаецца, што зараз вельмі важна сапраўды дапамагчы гэтаму захавацца. Таму сваю задачу бачу як збор такіх патрэб і стварэнне ўмоў, каб гэтыя патрэбы ў НДА былі рэалізаваныя ў поўнай меры.

Пра дапамогу палітзняволеным, якіх прымусілі здзяйсняць аўтынг у «пакаяльных» відэа

Калі сілавікі імкнуцца такім чынам пашырыць такую сінсетыўную інфармацыю пра чалавека, размова ідзе, вядома ж, пра прыніжэнне, пра спробу ціснуць на іх, у тым ліку, праз гэтыя аспекты іх жыцця, унутры закрытых установаў. І нам вядомыя такія кейсы не толькі пра мужчынскія калоніі.

Але, сыходзячы з інфармацыі, якая да нас даходзіць, то нават у такіх установах салідарнасць значна павышаецца. Бо тое, што яны робяць, калі апублікоўваюць гэтыя відэа – гэта іх спроба заблакаваць спачуванне грамадства да такіх зняволеных.

У нас няма зараз магчымасці ўплываць на гэта. Але тое, на што мы дакладна можам уплываць – гэта працягваць падтрымліваць усіх палітзняволеных. Яны могуць выкарыстоўваць і раскручваць любую нагоду для таго, каб мы не спачувалі чалавеку. Таму тое, што ў нашых сілах – гэта працягваць падтрымліваць кожную і кожнага і асуджаць дыскрымінацыю.

У нас зараз ёсць магчымасць, хоць і такая страшная магчымасць, зразумець ці пра сапраўдную дэмакратыю мы ўсе гаворым і ці пра сапраўдныя дэмакратычныя каштоўнасці. Таму салідарнасць і асуджэнне дыскрымінацыі – гэта тое, што ў нашых сілах.

Безумоўна, ёсць спецыялізаваныя службы падтрымкі, дапамогі. Наша задача проста дачакацца таго моманту, калі людзі змогуць пакінуць небяспечную сітуацыю. І тады будзе магчымасць дапамагаць ім пражываць гэты досвед.

Пра тое, ці варта гандлявацца з рэжымам наконт вызвалення палітвязняў

Наколькі ў мяне склалася ўражанне з такой грамадскай дыскусіі, з таго, што я бачу ў камунікацыі, у тым ліку публічнай, офіса Святланы Ціханоўскай, Кабінета, які я цяпер прадстаўляю, – гэта тое, што ў нас зараз няма сітуацыі выбару паміж добрым рашэннем і кепскім рашэннем. У нас усе выбары, якія стаяць перад намі – няправільныя, няўдалыя, кепскія. Няма гатовых рашэнняў.

Мне здаецца, мая задача – шукаць іх. Я дакладна бачу гнуткасць, гатоўнасць абмяркоўваць гэтае пытанне. Мы цудоўна разумеем, што гэтае рашэнне шукаць трэба. Важна пачуць меркаванне розных прадстаўнікоў, нават, калі нам здаецца, што з кімсьці мы не згодныя.

Варта разумець, што адпусціць людзей могуць толькі тыя беларусы, якія трымаюць палітзняволеных у вязніцах. Мне падаецца, нам трэба перадаць адказнасць за тое, што адбываецца з палітзняволенымі, тым, каму яна належыць – гэта рэжыму. Але пры гэтым разумець і шукаць шляхі выбудоўвання дыялогаў.
Як многія каментуюць гэтае пытанне – нават Украіна, якую бамбяць, вядзе перамовы з Расіяй аб абмене вайсковапалоннымі. Так, у нас няма нікога ў закладніках. Але давайце думаць пра тое, што мы можам выкарыстоўваць, у чым ёсць нашыя рэсурсы, наша сіла. Для гэтага патрэбна каманда і патрэбныя новыя ідэі. Я думаю, што як раз мы і будзем гэтым займацца.

Comments are closed.