Loading

На мінулым тыдні беларускія ўлады апублікавалі праект даўгачаканага закона аб амністыі. У некаторых апазіцыйных і праваабарончых колах былі спадзяванні, што праз амністыю на волю змогуць выйсці хаця б некаторыя палітвязні.

Старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак каментуе праект:

«У апублікаваным праекце не прадугледжваецца нейкае заўважнае вызваленне асобаў, якія прызнаныя палітвязнямі. Увогуле па палітычных артыкулах вызвалення фактычна не будзе. Людзі могуць патрапіць пад зняццё нейкіх іншых, дадатковых артыкулаў. Але гэтая ідэя больш за ўсё разганялася ў СМІ, цвярозы аналіз жа падказвае, што чакаць паслаблення рэпрэсій і нейкага масавага вызвалення не прыходзіцца.»

У Магілёве вынесены чарговы прысуд па справе Андрэя Зельцара. Яшчэ адным палітвязнем стаў Мацвей Міцура, якога магілёўскі суддзя Ігар Зямцоў прызнаў вінаватым у абразе прадстаўніка ўлады і распальванні варажнечы, прысудзіўшы тры гады калоніі.

Затрымалі брата вядомага тыктокера Уладзіслава Белавусава, таксама тыктокера-мільённіка Андрэя Белавусава. У так званым пакаяльным відэа, знятым у клетцы пастарунка, якое сілавікі апублікавалі проста ў канале Белавусава, яго прымусілі прызнавацца, што ён у 2020-м удзельнічаў у пратэстах.

Затрымалі Дзмітрыя і Уладзіміра Каракіных — спевакоў гурта Litesound, які прадстаўляў Беларусь на Еўрабачанні, а ў 2020-м спяваў песні на мірных сходах. Паводле паведамленняў у праўладных каналах, у віну ім ставяць удзел у мірных сходах, агітацыю праз інтэрнэт і супрацу з нібыта экстрэмісцкімі арганізацыямі.

МУСаўцы дадалі ў свой «спіс экстрэмістаў» адразу 79 чалавек. Сярод іх блогерка Вольга Такарчук, аўтар Вікіпедыі Марк Бернштэйн, актывіст з Вілейкі Андрэй Кудзік і шмат іншых.

У Баранавічах затрымалі гаспадара крамы з нацыянальнай сіволікай Росквіт Юрыя Казакевіча. Перад тым у праўладных каналах з’явіліся даносы на тое, што ў краме Казакевіча прадаюцца рэчы ў нацыянальных колерах. Пазней стала вядома, што Казакевіча асудзілі на трое сутак арышту нібыта за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У горадзе Беразіно затрыманы ўладальнік студыі беларускай нацыянальнай татуіроўкі 1863 Андрэй Вайцэховіч. Афіцыйныя прычыны затрамання не паведамляюцца.

Гарадзенскі суддзя Максім Філатаў папрызначаў вялізныя тэрміны зняволення ў турмы і калоніі для актывістаў з гарадзенскага рэгіёна.

  • Мікалая Аўтуховіча ён пастанавіў пакраць 25-ю гадамі ўзмоцненага рэжыму,
  • Паўла Саву – 20-цю гадамі,
  • Віктара Снегура 19-цю гадамі суворага рэжыму,
  • Ірыну Мельхер 17 гадамі,
  • Вольгу Маёраву – 20 гадамі,
  • Уладзіміра Гундара – 18 гадамі,
  • Сяргея Рэзановіча – 16 гадамі,
  • Любоў Рэзановіч – 15 гадамі,
  • Паўла Рэзановіча – 19 гадамі,
  • Галіну Дзербыш – 20 гадамі,
  • Ірыну Гарачкіну 6 гадамі і 1 месяцам  калоніяў. 
  • Антону Мельхеру Філатаў прысудзіў 2,5 года калоніі, але ў сувязі з тым, што ён ужо амаль столькі ж адседзеў без усялякага суда ў СІЗА, яго вызвалілі па судовым паседжанні.

Агулам Філатаў прысудзіў за адзін гэты працэс 197 гадоў і і 7 месяцаў зняволення ў калоніях і турмах для так званай групы Аўтуховіча.

У Мінску затрымалі жонку палітвязня Ігара Лосіка Дар’ю. Паводле паведамленняў у праўладных тэлеграм-каналах, яе абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці за тое, што яна распавядала пра свайго мужа тэлеканалу Белсат. Такім чынам улады груба парушаюць права і Дар’і Лосік на выказванне меркаванняў, і журналістаў Белсату на збор і распаўсюд інфармацыі.

Крыніца: tme/viasna96

Праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнямі яшчэ 9 чалавек. Гэта Андрэй Будай, Аляксандр Мураўёў, Аляксандр Сідарэнка, Мікалай Бібліс, Юрый Зянковіч, Мікалай Аўтуховіч, Павел Сава, Віктар Снегур, Ірына Гарачкіна. Такім чынам, станам на 18 кастрычніка ў Беларусі паводле палітычных матываў за кратамі ўтрымліваюць 1347 палітвязняў. 

Comments are closed.