Loading

Беларускі шоумен і вядоўца праграмы «А я вам сейчас покажу» на YouTube-канале NEXTA Дзмітрый Танковіч выступіў у Варшаве са сваім монаспектаклем «Пра што маўчаць мужчыны». Акцёр падзяліўся ўражаннямі ад варшаўскага дэбюту і распавёў пра супрацу з NEXTA.

«Я багата думаў, наколькі гэта будзе зараз дарэчна, але з іншага боку, сёння мы ўбачылі, што ёсць рэакцыя, людзям гэта цікава, то бок гэта таксама важна».

Стэндап-пастаноўка запрашае гледача ў свет адносін паміж мужчынамі і жанчынамі і прапануе пашукаць адказы на вечныя пытанні. Дзмітрый кажа, што спектакль хаця і прысвечаны стасункам увогуле, для яго гэта таксама і асабістая гісторыя, у якой ён шмат распавядае пра сваё сямейнае жыццё.

Напрыканцы выступлення артыст падзякаваў гледачам, сярод якіх было нямала беларусаў і украінцаў, за цёплы прыём і заклікаў трымацца разам у агульнай барацьбе супраць беларускага рэжыму і расійскай агрэсіі:

«Усё вельмі проста, я кажу кожны раз: зараз мы ўсе павінны дапамагаць Украіне, таму што ад таго, калі пераможа Украіна, залежыць, калі пераможа Беларусь».

Дзмітрый Танковіч. Фота: vikna.tv

– Вы таксама нямала для гэтага робіце – на інфармацыйным фронце. Як адчуваеце сябе ў ролі вядоўцы на NEXTA?

– У першы дзень вайны я вывозіў сваю сям’ю з Бучы ў Польшчу. Гартаючы па дарозе навіны ў тэлеграм-каналах, убачыў аб’яву, што праект шукае вядучых. Напісаў. Адразу папярэдзіў Сцяпана (заснавальнік NEXTA Сцяпан Пуціла – аўт.), што навіны рабіць не змагу, але можна прыдумаць што-небудзь у фармаце больш блізкім майму жанру. Так з’явілася праграма «А я вам сейчас покажу», якая дадаткова выходзіць і на 24 канале.

– Дзе пераважна цяпер знаходзіцеся – у Польшчы ці Украіне?

– Украіна, Кіеў. Я працую вядоўцам навін на ўкраінскім тэлебачанні, але з Варшавай сувязі не губляю. Не так даўно правёў канцэрт у падтрымку Палка Каліноўскага, а неўзабаве, спадзяюся, мы пакажам тут новы монаспектакль на ўжо больш актуальныя тэмы.

Comments are closed.