Loading

Прэм’ера спектакля-чыткі «Бяляцкі, прасі літасці!» запланавана на 20 красавіка ў Каралеўскім драматычным тэатры «Драматэн» у Стакгольме. У межах праекта «Драматэн.doc» чацвёра артыстаў прадставяць інсцэніроўку паводле твораў «Бяляцкі, пішыце прашэнне аб памілаванні» праваабронцы Алеся Бяляцкага « і «Зэкамерон» адваката Максіма Знака. Нагадаем, што яны абодва зараз з’яўляюцца палітычнымі зняволенымі. Аб прэм’еры і праекце мы пагутарылі мастацкім кіраўніком dramaten.doc Дзмітрыем Плаксам.

Фота: Hans Malm, dramaten.se

— Чаму я спалучыў гэтыя два творы? Таму што мне падалося, што яны дапаўняюць адзін аднаго вельмі цікавым чынам. Бо для Бяляцкага турма і адсідкі – гэта частка яго жыцця. Гэта яго выбар свядомы. Уласна кажучы, пра гэта ў яго тэксце і ідзе размова, калі яму прапануюць напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, і ён адмаўляецца. Гэта пра яго папярэднюю адсідку. Як мы ведаем, ён гэтага тады так і не зрабіў і адсядзеў увесь тэрмін. Бо яго стаўленне прынцыповае: тое за што ён сядзіць, пакутуе, яно як бы больш за яго. Эсэ ў гэтым сэнсе мае такі філасофскі характар. Што тычыцца тэкста кнігі Знака «Зэкамерон», то яна напісана, як мне падаецца, з пункту гледжання чалавека, які ніколі ў жыцці нават не дапускаў такой магчымасці – трапіць у турму. Гэта замалёўкі такога побытавага характару пра тое, якім абсурдным светам ёсць турма. Гэтыя два тэксты ў спалучэнні, а я зрабіў, вядома, драматургічную апрацоўку, то бок у спалучэнні і апрацоўцы раскрываюць для мяне гэтую тэму з двух бакоў. З аднаго боку, гэтая абсурднасць і саркастычны тон Максіма Знака, які апісвае штодзённасць у турме, а з другога боку – такі погляд, не тое, што звонку, але зверху, напэўна, на гэты феномен як такі. Бяляцкі распавядае «чаму», а Знак – «як».

Тут яшчэ ёсць момант. Перад самой п’есай я яшчэ выкарыстоўваю тэкст Нобелеўскай прамовы, з якой жонка Бяляцкага Наталля Пінчук выступала ў Осла падчас уручэння прэміі міру. Я зрабіў таксама, з дазвалення Наталлі, вядома, апрацоўку гэтага тэкста. Ён складаецца таксама з дзвюх частак – з уласна слоў самой Наталлі і з той кампіляцыі слоў Алеся, якую яна зрабіла. Для мяне гэта вельмі моцная прамова і яна адразу стварае кантэкст.

— Акрамя шведскага гледача, на каго яшчэ разлічаны гэты спектакль-чытка?

— Гэта Каралеўскі драматычны тэатр, то бок Нацыянальны тэатр Швецыі. Ён, вядома, паказвае спектаклі для шведскай публікі, гэта ж па-шведску.

— Не плануецца нейкім чынам распаўсюдзіць? Праз YouTube, напрыклад?

— Мы рабілі гэта калісьці, калі я колькі год таму, два гады з гакам недзе, ставіў спектакль Андрэя Курэйчыка «Пакрыўджаныя. Беларусь (-ія)» тут у «Драматэне» таксама, то тады мы гэта зрабілі. Зрабілі здымкі, потым мантаж, потым пераклалі, субтытры і гэтак далей. Але гэта занадта складана. Тэатр не зусім у стане такія рэчы рабіць.

— А хто ўдзельнічае ў чытцы?

— Толькі акцёры з Каралеўскага тэатру. Іншая справа, што з гэтых чатырох акцёраў, якія там удзельнічаюць, двое працуюць у трупе тэатра на сталай аснове, а двое працуюць па кантракце, але ўсе чацвёра гэта акцёры «Драматэна».

Поўную размову са Дзмітрыем Плаксам слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.