Loading

Украінцы перамагаюць на фронце, але да заканчэння вайны яшчэ далёка. Сапраўдным канцом вайны будзе крах пуцінскай Расіі і асуджэнне расійскай ідэалогіі.

Фота: t.me/V_Zelenskiy_official

Узброеныя сілы Украіны паведамляюць, што знішчылі ўжо 65 тысяч расійскіх вайскоўцаў. Гэтая лічба не ўключае параненых, якіх можа быць значна больш, і частка з якіх, магчыма, яшчэ доўга не зможа вярнуцца на фронт. Улады ЗША заяўляюць, што Расія страціла 6 000 розных тыпаў узбраення і не можа своечасова папаўняць запасы боепрыпасаў. У апошнія месяцы яна да таго ж губляе і занятыя раней тэрыторыі. Расійскія масіраваныя атакі на ўкраінскую энергетычную інфраструктуру ў большасці выпадкаў не прыносяць доўгатэрміновага эфекту. А ўкраінцаў яны дакладна не напалохаюць.

Пры гэтым нашы ўсходнія суседзі не толькі маюць значныя поспехі на полі бою (напрыклад, Харкаўскі наступ або серыя перамог пад Херсонам), але і могуць стаяць за «незразумелымі» выбухамі ў аэрапортах, на складах боепрыпасаў і базах нафтапрадуктаў у самой Расіі альбо на падкантрольных ёй тэрыторыях – і гэта адчувальны ўдар па расійскіх міфах і марах пра моц. Яшчэ больш пераканаўча гэтыя міфы ўласнымі няўдачамі абвяргае сама Масква. Расійская мабілізацыя пераўтварылася ў суцэльны сорам – ад масавых уцёкаў расіян з краіны да немагчымасці належным чынам экіпіраваць і навучыць навабранцаў. Нават спробы прымусіць Лукашэнку безагаворачна падтрымаць Пуціна і ўцягнуць Беларусь у вайну не даюць чаканага для Крамля эфекту (хоць Беларусь, хутчэй за ўсе, непасрэдна ўступіць у вайну ў бліжэйшы час). Расію ўжо не жадаюць цалкам падтрымліваць яе намінальныя саюзнікі з СНД, а некаторыя – як прэзідэнты Казахстана або Таджыкістана – часам публічна могуць падарваць пазіцыі Пуціна. Украіне ў той жа самы час удаецца мабілізаваць шэраг заходніх краін да павелічэння дапамогі і прадастаўлення неабходнай зброі.

Усё гэта можа ствараць уражанне, што канец вайны і ўкраінская перамога набліжаюцца. На жаль, гэта не так. Проста глядзець на суадносіны сіл, ход вайны і казаць пра «логіку» зараз не выпадае. Таму, магчыма, не спраўджваюцца і меркаванні прафесійных экспертаў, бо ў Расіі ў пэўным сэнсе нічога не працуе па правілах, якія мы лічым нармальнымі. Калі б дзеянні Пуціна і Расіі былі лагічнымі, гэтай вайны не было б увогуле. Але яна ёсць. І нягледзячы на ​​тое, што Расія набліжаецца да паражэння, гэта можа працягвацца яшчэ доўга, і на гэтым шляху яшчэ можа адбыцца шмат трагедый. Расія, на жаль, знайшла ў Іране пастаўшчыка беспілотнікаў і ракет, і Турцыя, магчыма, стане добрым пасрэднікам у «газавых пытаннях». Усе яшчэ ў заходніх краінах (на жаль, у Польшчы таксама) засталіся агенты, якія могуць паклапаціцца пра расійскія інтарэсы.

Перамагчы Расію можна толькі сілай. Без кампрамісаў. Сёння гэта разумее большасць украінскага грамадства, украінская армія і частка палітычнага свету. Нельга весціся на расійскія пагрозы сусветнага голаду ці ядзернай вайны. Калі свет праяўляе слабіну, то менавіта ў гэтае месца Расія наносіць больш моцны ўдар. Вось чаму вялікай памылкай было перакананне, што варта перастаць страляць, і вайны не будзе, ці неабгрунтаваныя заявы Байдэна, што сілы НАТА не будуць задзейнічаны ва Украіне, або заявы Макрона, што Францыя не будзе прымяняць ядзерную зброю (у выпадку выкарыстання Расіяй ядзернай зброі супраць Украіны). На мудрыя рашэнні Макрона ў цэлым разлічваць не даводзіцца, але, прынамсі, зараз ён мог бы і прамаўчаць.

Сёння Расія – наш вораг, і стаўленне да яе павінна быць адпаведным. Польшчы варта ўзбройвацца і наладжваць супрацоўніцтва з рэальнымі саюзнікамі. Краіна ні на хвіліну не павінна спыніць дапамогу Украіне і ўкраінскаму грамадству. Калі мы бярэм пад увагу, што Расія сёння наш вораг, то ўзнікае пытанне, а што робіць у Польшчы да гэтага часу расійскі амбасадар з кучай расійскіх агентаў? Польшча павінна была выслаць яго або 24 лютага, або пасля сведчанняў пра расійскія злачынствы ў Бучы і Ірпені, пасля Марыупаля, пасля інфармацыі з Ізюма, або пасля масіраванага ракетнага абстрэлу Украіны на мінулым тыдні. Нам трэба зразумець, што з пуцінскай Расіяй ніколі больш не можа быць ні супрацоўніцтва ні дамоўленасцей. Любая дамова гэта працяг існавання рашызму – так украінцы называюць гэтую хворую ідэалогію Пуціна. Гэтая пуцінская дзяржава павінна знікнуць, як Трэці Рэйх, а яе ідэалогія павінна быць асуджана, як калісьці нацызм.

Павел Бабаловіч

Comments are closed.