Loading

15 лютага 1902 года нарадзілася легендарная оперная спявачка Ларыса Александроўская. Яна была кумірам цэлага пакалення, сапраўднай зоркай, дзівай! Ларыса Пампееўна аднолькава бліскуча выконвала і оперныя шэдэўры, і беларускія народныя песні, і рамансы, якія ёй прысвячалі тагачасныя кампазітары. Вакол яе асобы заўсёды існаваў флёр загадкавасці і разам з тым шчырага захаплення. Сабралі для вас топ-5 фактаў з жыцця знакамітай спявачкі.

1. Стала першай беларускай Кармэн

23 мая 1933 года мінская публіка ўпершыню ішла ў Беларускі тэатр оперы і балета. У той цёплы вясновы вечар давалі «Кармэн» Жоржа Бізэ. Галоўную партыю ў спектаклі выконвала Ларыса Александроўская. Крытыка пасля захоплена пісала пра надзвычайныя магчымасці спявачкі, чысціню яе інтанацый, свабодную манеру выканання. Гэта быў поспех, фурор, прарыў! Ужо праз 7 гадоў Александроўская першай са сваіх беларускіх калег атрымае званне народнай артысткі СССР.

2. Абрала месца для ўзвядзення тэатра оперы і балета

Паводле гарадской легенды, менавіта Александроўская абрала для тэатра Траецкую гару. Маўляў, паказала на яе царскім жэстам. Так гэта ці не, але сёння ўсе сыходзяцца ў меркаванні: найлепшага месца для Вялікага прыдумаць немагчыма.

3. У 50 гадоў паступіла ў ГІЦІС

У тэатральны інстытут Ларыса Пампееўна пайшла за рэжысёрскай адукацыяй: вымагалі абставіны. У 1954 годзе спявачка стала мастацкім кіраўніком Тэатра оперы і балета. Александроўская працавала вельмі прадуктыўна, выдавала па дзве прэм’еры ў сезон і паставіла каля 15 опер. Адна з іх, «Аіда» Джузэпэ Вердзі, ішла ў яе версіі да 2008 года.

4. Была эталонам элегантнасці і прыгажосці

Ларыса Александроўская любіла гуляць у валейбол, захаплялася плаваннем і нават у вельмі паважаным узросце цудоўна рабіла даволі складаныя практыкаванні і захоўвала выдатную фізічную форму. Дбала і пра ўборы. Многія свае сцэнічныя касцюмы, дарэчы, шыла самастойна. А знакамітую шубку «пад каракуль» увогуле зрабіла са звычайнага трыкатажу.

5. Памерла ў адзіноце і амаль што ў галечы

На «кніжцы» у той час, у 1980 годзе, у яе ляжала каля 60 рублёў. Асабістае жыццё ў Ларысы Александроўскай не склалася. Яна двойчы выходзіла замуж, але абодва шлюбы распаліся. Балела сэрца і за адзінага сына Ігара: падчас працы ён атрымаў вялікую дозу радыяцыі і цяжка хварэў.

Аўдыёверсію падкаста Топ-5 слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.