Украінскі гісторык, дэпутат Тэрнопальскай абласной рады і вайсковец Багдан Буткоўські спрабуе асэнсаваць гэтую вайну і ўдзел у ёй беларусаў па-мастацку. Зараз ён піша аповесць «Беларускі паход». Пры гэтым ад 24 лютага мінулага года спадар Багдан знаходзіцца ў шэрагах Узброеных Сіл Украіны, дзе і стварае аповесць. Мы паразмаўлялі са спадаром Багданам пра гэты год вайны, удзел у ёй Беларусі і беларусаў.
Асноўнае:
– Хоць я і ваяваў у 2014-2015 гадах, я на гэтыя падзеі больш схільны пазіраць з гледзішча гісторыка. Украіна – гэта ўсяго толькі кавалак гэтага пазла, калі хочуць скінуць сусветнае панаванне ЗША і навязаць шмтпалярны свет. Але мы разумеем, што шматпалярны свет – гэта свет, у якім такія, як Пуцін, могуць беспакарана спрабаваць захапіць суседнія краіны. Гэта не той свет, які патрэбны ўсім цывілізаваным людзям. І я ўпэўнены ў нашай перамозе.
– Што да пачатку вайны. Гэты напад з усіх бакоў, які праводзіў Пуцін, сведчыць пра дзве прычыны. Па-першае, яны дужа слаба разумелі палітычны і вайсковы патэнцыял Украіны. А па-другое гэта сведчыць пра нізкую якасць іхняга камандавання. Гэтыя расцягнутыя бязглуздыя калоны на 60, па 100 кіламетраў на трасе – гэта лёгкая здабыча не толькі для Джавелінаў, але і для артылерыі.
– Я 24 лютага выехаў на Кіеў і 25-га ўжо быў на блок-пасце ў Абалоні. Потым я на Браварскім накірунку ваяваў. Ваяваў пад Ірпінём, мы яшчэ адразу другімі пасля ГУРу заходзілі ў Гастомель. І я, можна сказаць, відавочца ўсіх гэтых падзеяў. Насамрэч, гэтыя калоны – элітныя войскі Расіі, якія былі разгромленыя, яны былі разгромленыя нашай старой артылерыяй, якая працавала ў сувязі з амерыканскімі спадарожнікавымі сістэмамі. То бок, мы вельмі добра разумелі, дзе размешчаныя іхнія войскі – гэтая расцягнутыя калоны. І такім чынам яны страцілі гэты свой наступальны патэнцыял.
– Пуцін і найвышэйшае кіраўніцтва Расіі знаходзілася і дагэтуль знаходзіцца ў змане. Гэта насамрэч хворыя людзі. Баяцца іх ні ў якім разе не трэба, яны самі ўсіх баяцца. І перад украінцамі і беларусамі зараз адкрываюцца вельмі добрыя перспектывы адплаціць маскавітам за зло, якое яны нам учынілі, і, нарэшце, зрабіцца вольнымі еўрапейскімі краінамі.
– Датычна беларускіх дабраахвотнікаў. Я ў сваёй кнізе апісваю эпізод, які адбываўся ў 2015 годзе ў тых самых Пясках. Я тады ўжо ведаў, што там былі некаторыя дабраахвотнікі-беларусы. Яны тады былі ў складзе «Правага сектару».
– І гэта слушны шлях. Калі будзе больш дабраахвотнікаў, якія будуць пераймаць навыкі ваеннай справы, калі будуць больш медыйна працаваць – гэта будзе вялікі ўплыў на беларускае грамадства. Бо ўсе мы памятаем пратэсты 20-га года, калі яны былі вельмі мірныя, вельмі такія талерантныя, і да чаго гэта прывяло: мірных людзей брутальным жорсткім чынам разганялі і гэтыя пратэсты падавілі. То бок, беларусам трэба навучыцца ва ўкраінцаў быць больш жорсткімі ў адстойванні сваіх грамадзянскіх правоў.
– На будучыню я лічу, што без незалежнай і вольнай Беларусі гаварыць пра нейкую бяспеку Украіны немагчыма. То бок, перамога ў вайне з Расіяй прадугледжвае таксама і вызваленне Беларусі. Бо, калі не будзе вольная Беларусь – заўжды будзе пагроза для Кіева, заўжды будзе пагроза атакі з поўначы. І не толькі для Украіны. Гэта будзе пагроза для Польшчы, для Літвы. Таму я ўпэўнены, што і ўкраінская ўлада, і польская надалей мусяць працаваць на развязанне гэтае справы.
– І беларускія дабраахвотнікі – гэта тыя людзі, якія мусяць рана ці позна са зброяй у руках здзейсніць гэтае вызваленне. Бо, не зважаючы на тое, як будуць развівацца падзеі на ваенным фронце, магчыма ў Беларусі будзе зноў рэвалюцыя. І мы разумеем, што яна мусіць мець зброю. Бо ўзброеныя людзі значна лепш могуць адстойваць свае правы, чым людзі, якія няўзброеныя.
– Вы зараз пішаце аповесць, пра якую Вы ўзгадалі, і асноўным лейтматывам у ёй робяцца стасункі Украіны і Беларусі, украінцаў і беларусаў. Чаму Вашую ўвагу прыцягнула менавіта беларуская тэма?
– Паўтару, што для Украіны Беларусь ёсць надзвычайна важнаю. І, уласна кажучы, мая аповесць пра аднаўленне ўніі Міжмор’я. Неяк так атрымалася, што Беларусь выпала з украінскага кантэксту. Мы ва Украіне не да рэшты разумеем, што такое Беларусь і наколькі яна для нас важная. Палякі тут нашмат лепш працуюць.
– І я такім чынам вырашыў у мастацкай форме, умоўна кажучы, падаць гістарычную, геапалітычную інфармацыю, а таксама перспектывы развіцця. Таму што і эканамічна, і геапалітычна і для Беларусі, і для Украіны вельмі важна гэтае аб’яднанне – то бок, Міжмор’е. Ці гэта будзе толькі з Літвой, ці гэта будзе таксама з Польшчай, якая зараз ёсць чальцом Еўрапейскага Саюзу – цяжка сказаць. Але тое, што гэта трэба развіваць, і тое, што без Беларусі гэты Люблінскі трохкутнік не будзе паўнавартасны – гэта факт.
– Ці змянілася за год стаўленне ўкраінцаў да беларусаў?
– Хто разумее сітуацыю, той заўжды мог адрозніць, што вось гэта Лукашэнка, а гэта беларускі народ. Калі пачалося ўварванне, вельмі шмат людзей, асабліва тыя, якія пацярпелі пад Кіевам – Ірпень, Буча, іх можна было зразумець, калі гэта была такая трошкі агрэсія і неразуменне, скажам, беларусаў. Але, зноў-такі – з’явіўся гэты батальён Каліноўскага, былі яшчэ, наколькі я ведаю, некалькі фармаванняў. І зараз вельмі важна, каб ва Украіне ўсе ведалі пра полк Каліноўскага, пра тое, што ён расце, што беларусы таксама поплеч з украінцамі ваююць.
– Да вайны ў нас ніколі не было кепскага стаўлення да беларусаў. І, я думаю, што, калі сітуацыя будзе развівацца так, як яна зараз развіваецца, то, безумоўна, будзе сяброўскае стаўленне. Адзінае, што я часам сустракаю ў інтэрнэце, што, калі да палку Каліноўскага няма ўвогуле ніякіх пытанняў, то да Ціханоўскай пытанні ёсць. Яны вельмі мала працуюць. У іх пазіцыі няма нейкай такой дакладнай, вострай. Гэта тое, што я назіраю.
– Якою Вы бачыце перамогу Украіны?
– Я далёкі ад думкі, што будзе нейкая хуткая перамога. Але, безумоўна, гэты альянс Расіі і Кітая будзе пераможаны.
– Я лічу, што Расія мусіць быць падзеленая на маленькія, сярэднія, нармальныя нацыянальныя рэспублікі. І толькі так і мы, і вы – беларусы, можам быць спакойнымі.
Спрыяць самавыражэнню Кубані, ці самавыражэнню Дону, або, так як я ў сваёй аповесці, напрыклад, пісаў – самавыражэнню Смаленска, самавыражэнню Бранска – насамрэч, гэта нашыя нацыянальныя цікавасці. І лепшай нагоды, чым зараз, не будзе.
Поўную гутарку з Багданам Буткоўськім слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.