Loading

Завяршыўся візіт Зянона Пазняка, Паўла Усава і Дзмітрыя Шчыгельскага ва Украіну. Беларуская дэлегацыя пабывала ў Львове, Кіеве і нават даехала да Бахмута – фотаздымкі адтуль вось ужо некалькі дзён актыўна абмяркоўвае беларуская супольнасць. Як расказаў радыё Ўнэт палітолаг, прадстаўнік нацыянальна-вызвольнага руху «Вольная Беларусь» Павел Усаў, яны прыехалі ва Украіну па запрашэнні палка Каліноўскага і не трэба шукаць за гэтым візітам нейкіх палітычных «сматрын».

Крыніца: t.me/belwarriors

Справа ў тым, што мы яшчэ некалькі месяцаў таму планавалі прыехаць, але з розных прычын, у тым ліку і лагістычных у нас гэты візіт пераносіўся. У рэшце рэшт удалося супаставіць усе элементы, якія дазволілі нам паехаць і сустрэцца перш за ўсё з «каліноўцамі». З самага пачатку гэта была наша прыватная ініцыятыва, мэта якой сустрэча з байцамі палка Каліноўскага. Яны даўно запрашалі Зянона Станіслававіча і іншых палітыкаў прыехаць у Кіеў, да байцоў, паразмаўляць з імі. Я асабіста з імі сустракаўся яшчэ ў траўні 2022 года, а зараз атрымалася прыехаць групай. Адразу мы планавалі і сустрэчу з тымі байцамі, якія знаходзяцца на лініі фронту, у Бахмуце. Мы загадзя пра гэта не расказвалі, бо ўсё магло змяніцца, сітуацыя на фронце даволі напружаная. Усё іншае, што суправаджала гэты візіт: сустрэча з украінскімі палітыкамі, размовы з украінскімі журналістамі – гэта ўжо была паралельная актыўнасць.

З палком Каліноўскага абмяркоўвалі праблемы, якія ў іх узнікаюць і тую інфармацыйную атмасферу вакол палка, якая ўзнікла падчас нашага візіта.

І што вы ад «каліноўцаў» пачулі? Як яны ацэньваюць гэтую сітуацыю і што Вы думаеце на гэты конт?

Шмат для каго было велізарным здзіўленнем, што мы прыехалі аж на самую пазіцыю, бо гэта ўсе трымалася ў таямніцы. Байцы не верылі, што гэта магчыма, што прыехаў Зянон Станіслававіч, гэта быў такі пазітыўны шок. Атрымалася шчырая размова. А калі мы кажам пра тую хвалю крытыкі ў дачыненні да палка, намаганні паказаць у нейкім чорным святле кіраўніцтва, вайскоўцаў, то яна не да канца адпавядае рэчаіснасці. Заўсёды ў любым калектыве ёсць канфлікты, ёсць супярэчнасці, а спецыфіка добраахвотніцкіх аддзелаў, у тым ліку ПКК, у тым, што ёсць магчымасць не выконваць нейкі загад, а проста сысці з палка. І такая свабода дзеянняў дае пасля магчымасць расказваць, што не падабаецца. У любым войску існуюць праблемы, толькі механізмы кіравання імі адрозніваюцца ад добраахвотніцкіх падраздзяленняў, дзе ўсе пытанні спрабуюць вырашыць кампрамісам, але не заўсёды гэта ўдаецца зрабіць. Якраз падчас нашага візіту ва Украіну выйшла інтэрв’ю з адным з байцоў, дзе полк паказаны ў чорным святле. Я лічу гэта мэтанакіраваным ударам па палку. Я хачу сказаць, што гэтая крытыка не адпавядае рэчаіснасці. Хачу падкрэсліць: узровень байцоў, іх адукаванасці, разумення сітуацыі ў Беларусі і за межамі вельмі высокі і варты пашаны. І менавіта гэта трэба падкрэсліваць.

Падчас Вашага візіту гучала крытыка не толькі ў дачыненні да байцоў-«каліноўцаў», але і да Вас асабіста. Маўляў, навошта паехалі, можа, у піку Ціханоўскай, якую ва Украіну не запрашаюць. Як Вы ставіцеся да такой крытыкі?

З усмехам стаўлюся да такой крытыкі. Гэта наша было асабістае рашэнне, наша асабістая воля, я не разумею, чаму я павінен апраўдвацца, нават калі з гэтага спрабуюць зрабіць нейкую палітычную падзею і разглядзець у гэтым піяр. Гэта абсалютнае перабольшванне сітуацыі, асабліва калі кажуць, што нейкія вонкавыя сілы стаяць за гэтым. Былі інтэрв’ю, што гэта «сматрыны» нейкія, але абсалютна ніякага дачынення да ўкраінскай палітыкі гэта не мае. Канешне ўкраінцы гатовы развіваць адносіны з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, але тое, што хтосьці стварыў нам нейкія спецыяльныя ўмовы для візіту, не адпавядае рэчаіснасці. Святлана Ціханоўская можа, калі жадае прыехаць ва Украіну, але асноўны аспект, што яе офіс чакае афіцыйнага запрашэння, але такога запрашэння не будзе. Яна можа ўзяць адказнасць на сябе і прыехаць, яе тут будуць рады пабачыць, у тым ліку і байцы-«каліноўцы». Нас афіцыйна ніхто не запрашаў. Гэта была выключна наша ініцыятыва.

Былі ў нас сустрэчы з украінскімі палітыкамі, з парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь», але загадзя яны не ўзгадняліся, а ўзнікалі па ходзе візіту.

Крыніца: t.me/belwarriors

Як далей будуць развівацца Вашыя стасункі з ПКК і з украінскімі палітыкамі?

У нас даволі актыўна зараз развіваюцца кантакты. Мы атрымалі запрашэнне ад Ігара Гузя, дэпутата Вярхоўнай рады, прыехаць у Луцк, праехаць па гарадах паўночнай Украіны. Сустрэцца там з беларускай дыяспарай. Думаю, што актыўна будзе развівацца супрацоўніцтва з дэпутатамі ўкраінскімі, якія ўдзельнічаюць у вырашэнні пытанняў, звязаных з Беларуссю.

З ПКК мы будзем працягваць нашу супрацу і нашу палітычную падтрымку, падтрымку фінансава-матэрыяльную. І безумоўна, падтрымку інфармацыйную, разумеючы, што гэта вельмі важны інструмент і рэсурс для рэалізацыі палітычных перамен у Беларусі.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.