Loading

13 снежня на пасаду кіраўніка МЗС быў прызначаны першы намеснік памерлага міністра Уладзіміра Макея Сяргей Алейнік. У эфіры радыё Ўнэт гэтае прызначэнне пракаментаваў былы супрацоўнік ведамства, дыпламат Павел Слюнькін.

Павел Слюнькін

Сяргей Алейнік – кар’ерны дыпламат. Усё прафесійнае жыццё працаваў на заходнім накірунку. У яго добрыя сувязі з Мальтыйскім ордэнам і Святым прастолам. Менавіта гэтыя дзяржаўныя ўтварэнні ў свой час былі аднымі з лабістаў аднаўлення адносін з Беларуссю пасля выбараў 2011 года. І роля Сяргея Алейніка ў гэтым была вялікая.

Пры гэтым Алейніка «сваталі» на пасаду міністра шмат гадоў. Але ён не мог дарасці да гэтай пазіцыі, бо яе займаў Уладзімір Макей. А вышэй за Макея немагчыма было скокнуць. Таму ў сваё апошняе вяртанне з Брытаніі ён стаў першым намеснікам Макея. І ў гэтым сэнсе яго прызначэнне досыць лагічнае.

Але і адметнае тым, што апошнім часам Лукашэнка на ўсе значныя пасады прызначае сілавікоў. Так было з пасадай кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта і прэм’ер-міністра. У рэгіёны прызначаны сілавікі. Мяне б не здзівіла, калі б і на гэтую пасаду знайшлі чарговага сілавіка. Бо ва Украіне вайна, Беларусь таксама не ў лепшым становішчы. Цалкам натуральна было б, калі б гэтую пасаду заняў сілавы міністр. Нават у Макея была сілавая кампанента ў бэкграўндзе.

Але не, ён абраў кар’ернага дыпламата, чалавека, які з 2020 года нідзе не адзначыўся ніякімі жорсткімі антызаходнімі заявамі. Не мільгацеў на тэлебачанні і не расказваў, ні пра небяспеку з Захаду, ні пра небяспеку з боку Расіі. Таемна ці адкрыта працягваў сустракацца з заходнімі амбасадарамі, якія працавалі і працуюць у Мінску. Ездзіў за мяжу, дзе таксама падтрымліваў камунікацыю з еўрапейцамі.

І гэтае прызначэнне мне паказвае, што Лукашэнка чакае ад МЗС вырашэння тых задач, што ён ставіў раней. То бок, спрабаваць, не гледзячы на ўнутраныя ўмовы рэпрэсіўныя, удзел у агрэсіі супраць Украіны намагацца таго, каб санкцыі часткова здымаліся, а дыялог з Захадам усталёўваўся.

Лукашэнка, калі ўручаў гэтую тэчачку ў сваім кабінеце, сказаў Алейніку, што задача ў таго не лёгкая. Ну і відавочна, што тут ён не мае на ўвазе экспарт у Кітай ці зносіны з Расіяй. Гаворка ідзе пра заходні вектар. І ў гэтым сэнсе дадзенае прызначэнне адметнае.

Ён мог прызначыць і нейкага русафіла з тых, хто часта на тэлебачанні з’яўляюцца і з максімальнай адданасцю дэманструюць сваю лаяльнасць. Але прызначылі найбольш празаходняга чалавека.

Пры гэтым важна адзначыць, што сярод кандыдатур былі такія людзі, як Максім Рыжанкоў, які знаходзіцца пад санкцыямі. Думаю, што за Алейніка яшчэ згуляла тое, што ў еўрапейскія санкцыйныя лісты ён не патрапіў. І зараз яму будзе не складана атрымаць увагу заходніх краінаў, якія захочуць з ім паразмаўляць. Ці сустрэцца, спадзеючыся на то, што ён можа прывезці ім нейкую дадатковую інфармацыю, даручэнні, а магчыма і саступкі. Ну як мінімум новая фігура дазваляе ў гэтых ілюзіях трошачкі пажыць.

Наколькі гэта магчыма, не залежыць ад таго, хто займае пасаду кіраўніка МЗС. Не самае галоўнае, хто гэты чалавек, ёсць на шмат больш складаныя і важныя фактары, каторыя перашкаджаюць гэтаму дыялогу ўсталявацца. Гэта ўдзел у агрэсіі, яе падтрымка, шчыльнае супрацоўніцтва з Расіяй і ўнутраныя рэпрэсіўныя працэсы. Калі над гэтымі фактарамі рэжым не будзе працаваць і не будзе іх змяняць, то ніякай размарозкі вядома не будзе.

Публічна Алейнік у падтрымцы рэпрэсій нідзе не запэцкаўся. Але як і ўсе, ён паслухмяна выконваў усе загады. Аднак, важна разумець, што ў сістэме МЗС высокая канкурэнцыя і працуюць вельмі таленавітыя людзі. Там немагчыма дайсці да такіх пасадаў, калі ты проста выдатны, безыніцыятыўны выканаўца.

Сяргей Алейнік – таленавіты чалавек, вельмі добра адукаваны, які можа размаўляць з заходнікамі. Ён гадамі даказваў, што добра можа выконваць сваю дыпламатычную функцыю. Апроч таго, дэманстраваў лаяльнасць уладзе. Пасля 2020 года ён застаўся працаваць у міністэрстве і расказваць заходнім дыпламатам усё тое, што казаў Лукашэнка. Не можа, штосьці ад сябе дадаваў, каб прыемней ім было чуць. То бок, ён не штучны чалавек, які выпадкова там апынуўся. У яго доўгая, шматгадовая дыпламатычная праца.

Сяргей Алейнік. Крыніца: novychas.online

Чаму ён маўчаў? Ну, пэўна разумеў, што гэта нашкодзіць яму ў будучыні. Для таго, каб лепш зразумець, трэба яго асабіста ведаць. Але дакладна магу сказаць, што ён не з тых людзей, што будуць лабіраваць рэпрэсіі ці вайну. І падобныя загады будзе выконваць не з радасцю, а з-за таго, што з яго пункту гледжання іншых варыянтаў у яго няма. Таму ён застаўся на гэтай пасадзе. Але ён ніколі не быў лабістам інтэграцыі з Расіяй, антызаходняй рыторыкі ці разрыву адносін з Захадам. І зараз яму ставяць тыя ж задачы, што ставілі, калі ён праз Мальтыйскі ордэн дабіваўся аднаўлення адносін з заходнімі краінамі.

Каманда Макея ў МЗС, якую той доўгія гады будаваў у 2020, развалілася. Спачатку па ўласным жаданні звольніліся тыя, хто быў супраць той унутранай і знешняй палітыкі, што пачаў праводзіць Лукашэнка. Макей тады застаўся, развярнуўся на 180 градусаў і падтрымаў гэта ўсё, а нязгодныя сышлі. Потым звольнілі тых, хто лайк не там паставіў, ці нешта пракаментаваў. Затым пачалі звальняць тых, чыя сваякі не за таго прагаласавалі ці былі заўважаныя на пратэстах. Таксама не знайшлося працы для дыпперсанала з заходніх амбасадаў, якія былі скарочаныя. Некаторыя людзі не гатовыя былі ехаць у менш развітыя краіны. Яны прызвычаіліся ўсё жыццё працаваць у Парыжах ды Венах, а тут прапануюць Ханой ці Каракас.

То бок, каманда, якая была да 2020 года вельмі моцна змянілася. На іх месцы набралі частку людзей з іншых ведамстваў, частку з сілавікоў. А частку замянілі на звычайных студэнтаў.

Пры гэтым у Сяргея Алейніка не дыктатарскі стыль кіравання. Ён даволі разумны, спакойны, адказны дысцыплінаваны. Наколькі я ведаю, у тых амбасадах, дзе ён працаваў, былі заўсёды вельмі добрыя адносіны ўнутры калектыву. Ён не любіцель ставіць дурныя задачы, бо сам па сабе інтэлігентны чалавек. Кадравая палітыка не залежыць зараз ад фігуры кіраўніка ведамства. Яна больш залежыць ад сітуацыі ва Украіне і ўнутры Беларусі. Бо на маршы зараз сілавое, спецслужбісцкае, адданае Лукашэнку сілавое выслужванне. Алейнік не зусім у гэты фармат упісваецца. І наколькі ў яго атрымаецца ў такіх умовах будаваць нешта больш-менш прыстойнае, пакажа час.

Бо зараз у сістэме дзяржаўнага кіравання дамінуюць сілавікі. І каб дасягнуць мэтаў збліжэння з Захадам, Алейніку прыйдзецца мець з гэтым справу. Канешне, супраць яго будуць працаваць і ставіць палкі ў колы. Будзе вельмі шмат людзей, якія будуць супрацьстаяць збліжэнню. І тут важна, якую пазіцыю зойме Лукашэнка, наколькі ён будзе давяраць гэтаму новаму міністру. Таму што наменклатурнай вагі ў Алейніка пакуль няма. Яму прыйдзецца нанова яе будаваць сярод гэтых людзей у гэтых складаных умовах. Паглядзім, што ў яго атрымаецца. Бо ён на такіх пасадах яшчэ ніколі не працаваў.

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.