Loading

26 лістапада раптоўна пайшоў з жыцця міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Гэтая смерць падзяліла беларускае грамадства на тых, хто шкадуе, што функцыянер рэжыму не дажыў да суда, і на тых, хто спачувае, бо лічыць Макея адным з самых прагрэсіўных і ліберальных чыноўнікаў Лукашэнкі.

Мы папрасілі Паўла Мацукевіча, былога супрацоўніка МЗС Беларусі, які свядома сышоў з працы ў 2020 годзе, выказацца пра яго бачанне постаці Уладзіміра Макея.

Калі параўноўваць Макея з яго папярэднікамі, то ён, безумоўна, быў досыць эфектыўным міністрам. Магчыма, яму пашчасціла з часам і ўмовамі, на якія выпала гэтая пасада. Мне цяжка меркаваць, наколькі ён быў датычны да стварэння лібералізацыі, што адбывалася ў Беларусі да 2020 года. Думаю, што яго ўнёсак у гэты працэс ёсць з улікам яго вагі і апаратнага ўплыву. Хоць зразумела, што сітуацыю ў краіне вызначаў і працягвае вызначаць толькі адзін чалавек.

Але як міністр Уладзімір Макей быў эфектыўным і дасягальным, адкрытым для дыпламатаў. Памятаю, калі я быў яшчэ на нязначнай пасадзе і вярнуўся з замежнай камандзіроўкі, Макей асабіста прыняў мяне, каб прызначыць у Цэнтральны апарат МЗС. Гэта падкупала.

Нарады і справаздачы ён таксама праводзіў інакш, чым ягоны папярэднік. Усе было цёпла, адкрыта і па-сутнасці. Калі глядзець далей, то Уладзімір Макей быў чалавекам, які арыентаваўся заўсёды на вынік. Не важна, якімі сродкамі гэты вынік дасягаўся.

Што асабіста мяне падкупіла ў яго працы, дык гэта тое, што з яго прыходам стаў значна мяняцца склад супрацоўнікаў міністэрства і амбасадаў. Спынілася практыка прызначэння на пасады кіраўнікоў дыпмісій «крэпкіх хазяйственнікаў» і пачалі набіраць прафесіяналаў. У тым ліку маладых выпускнікоў факультэта міжнародных адносін БДУ. У яго атрымалася стварыць добрую каманду, якая давярала яму, а ён ёй. Але ж да гэтага часу Уладзімір Макей быў кіраўніком Адміністрацыі, і падчас яго кіраўніцтва і прызначаліся ў амбасады ўсе гэтыя «крэпкія хазяйственнікі».

Уладзімір Макей, па маіх уласных адчуваннях, вельмі добра «заходзіў» заходнім партнёрам. Ён лёгка з першай сустрэчы ўсталёўваў кантакт, а гэта вельмі важна ў дыпламатычнай працы.

Наколькі Уладзімір Макей меў уладу і магчымасці нешта вырашаць ва ўмовах, калі ўсё вырашае адзін чалавек?

Я думаю, нейкі элемент ініцыятыўнасці ў яго быў. Але столь магчымасцей вызначалася не ім. Тым не менш, у адрозненне ад іншых чыноўнікаў, ён стараўся знаходзіць выхад. Прыгадваю адну сітуацыю з Макеям, якая мяне ўразіла. Беларускія верталёты павінны былі ляцець кудысьці ў Еўропу, каб тушыць пажары. Але ім своечасова не выдзелілі грошы і яны не атрымалі неабходныя дазволы. Усе іншыя чыноўнікі проста апусцілі рукі і не ведалі, што рабіць. Макей, калі даведаўся пра сітуацыю, вырашыў яе цягам гадзіны.

Ён быў напорысты чалавек, але добра ведаў межы дазволенага і разумеў, што можна ініцыяваць, а што не. Я яго не ідэалізую. Як кіраўнік ён быў складаны і досыць імпульсіўны. Але каманда была добрая, і мы бачылі, што ў каманды атрымліваецца.

Ды і мэта таго часу нікога не засмучала, бо ішла нармалізацыя адносін з Захадам, і гэта ўсім падабалася. Мы дыстанцыянаваліся ад Расіі. У МЗС было вельмі мала прыхільнікаў інтэграцыі з РФ. І гэта адпавядала настрою як маладых дыпламатаў, які толькі прыйшлі працаваць у ведамства, так і вопытных, якія рыхтаваліся стаць амбасадарамі. Варта адзначыць, што Макей не падмануў іх чаканні. Зараз у многіх краінах свету амбасадарамі працуюць выпускнікі БДУ. То бок, гэта ўжо свае дыпламаты, а не МЗС СССР і партыйнай школы. Гэта падкупала і дапамагала нам усім верыць у тое, што мы робім.

Менавіта таму многія, і я ў тым ліку, звязвалі з Макеем пэўныя спадзевы ў 2020 годзе. Пасля тых тытанічных высілкаў, што ён сам асабіста ўклаў у пабудову адносін з Захадам, пусціць гэта на самацёк, каб апынуцца ў той сітуацыі, якой мы зараз! Я не ведаю, ці стаяў тады Макей перад выбарам, падтрымаць пратэст ці не, але, калі стаяў, то яму рабіць выбар было куды цяжэй за мяне.

Таксама на карысць Макея сведчыць той факт, што з яго міністэрства быў самы вялікі адток чыноўнікаў, якія падтрымалі пратэсты. Ну і з МЗС сышоў яго сын. Магчыма, нейкая частка Уладзіміра Макея сышла разам з ім.

Уладзімір Макей быў чыноўнікам, якому Лукашэнка асабіста давяраў. Магчыма, што гэтыя гульні ў ліберала, а потым у прыхільніка рэпрэсій – гэта проста прыстасаванне, каб выжываць?

Мне цяжка аб гэтым меркаваць, бо я не ведаў гэтага чалавека асабіста блізка. Але мне падаецца, што ліберальныя працэсы, што адбываліся да 2020 года цалкам адпавядалі яго ўласным уяўленням, дзе павінна быць Беларусь і якой яна павінна быць. Праўда, ёсць нюанс: столю гэты чалавек адчуваў лепш за нас усіх у МЗС.

Але без гэтага нюху, думаю, кар’ера Макея даўно бы скончылася. Таму што існуе шмат сіл і інтарэсаў, якія дабіваюцца ўвагі Лукашэнкі. Умоўна кажучы, Макей шмат разоў мог загінуць у апаратнай барацьбе. Але ён выжыў. Тыя метамарфозы, што адбыліся з ім пасля падзей 2020 года, гэта выжыванне.

Якім Вам бачыцца МЗС надалей і каго Вы бачыце пераемнікам Макея?

У любым выпадку гэта будзе вызначаць сам Лукашэнка. Не думаю, што Крэмль можа на гэта неяк уплываць. Прынамсі ўсе мінулыя прызначэнні не падобныя на навязаныя Масквой. І па новым прызначэнні можна будзе зразумець, што ў галаве Аляксандра Рыгоравіча. Ці звязвае ён нейкія спадзевы на нармалізацыю адносін з Захадам, ці паставіў на іх ужо крыж.

І тут ёсць выбар. Не буду называць прозвішчы, але гэтыя людзі на віду. Калі ён прызначыць кагосьці, хто ўвесь час пасля 2020 года робіць заявы, апраўдвае злачынствы, будзе азначаць, што дыялога не будзе. Калі прызначаць чалавека, кадравага дыпламата, які не запэцкаўся і не засвяціўся негатыўна, можна будзе выказаць здагадку, што намаганні працягнуць кантакты з Захадам застаюцца.

Вядома, што Уладзімір Макей збіраўся на пачатку снежня на нараду АБСЕ ў Лодзь. Гэта выклікала тэорыі, што смерць міністра невыпадковая і штучная.

Я думаю, усе канспіралагічныя версіі ў дадзеным выпадку не маюць пад сабой падмурку. Гэта проста раптоўная смерць. Бо кожны раз, як толькі Макей знікаў з радараў і замест яго на нейкай сустрэчы выступаў яго намеснік, адразу пачыналіся чуткі пра таемныя перамовы.

Кантакты з Захадам былі і будуць, бо сітуацыя пакуль тупіковая. І абодва бакі зацікаўлены ў вырашэнні. Другое пытанне, што пакуль няма спрыяльных умоў. Тыя саступкі, на які можа пайсці Захад, не задавальняюць рэжым. Мы бачым прыклад Украіны, якая ўжо доўгі час дэкларуе свой праеўрапейскі накірунак. Але ў крытычнай сітуацыі Захад фактычна пакінуў яе сам насам з моцным ворагам. Яны літаральна пагадзіліся з тым, што Расія пераможа за 3-4 дні. І толькі праз мужнасць УСУ і супраціў саміх украінцаў паступова пазіцыя змянілася.

Поўную размову з Паўлам Мацукевічам слухайце ў плэеры ніжэй.

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.