Каманда Паўла Лібера абвясціла аб запуску тэставай версіі платформы Новая Беларусь, якая ў будучыні можа стаць паўнавартаснай віртуальнай дзяржавай. У эфіры радыё Ўнэт Павел Лібер распавёў падрабязнасці праекта.
Digital Belarus – гэта экасістэма, якая складаецца з розных праектаў. Апошнія два гады каманда іх распрацоўвала і праводзіла тэсты. Зараз у экасістэме аб’яднаны сацыяльная і кам’юніці платформы, тэлемедыцына, юрыдычныя і бізнес – паслугі. Задача – сабраць як мага больш лічбавых платформаў, каб вакол іх будаваць віртуальную дзяржаву.
Напрыклад, платформы тэлемедыцыны і юрыдычных паслуг дагэтуль паказваюць стабільны рост карыстальнікаў і ўдзельнікаў. У праекце Е-здароў’е ўдзельнічаюць 150 лекараў і каля 15 тысяч пацыентаў. Мы называем яго ўжо самастойным медычным цэнтрам. І вось зараз у межах новай платформы мы хочам звязваць людзей ужо і афлайн. Калі набярэцца шмат людзей і будзе бачна, што, напрыклад, у Польшчы ёсць тысяча лекараў і дзясяткі тысяч беларусаў. Гэта значыць, што яны могуць сустракацца і фізічна. Лекар можа выпісаць электронны рэцэпт і прыняць афлайн. А ў пацыента не будзе моўнага бар’еру.
І па меры таго, як будзе набірацца аўдыторыя на платформе, мы можам выстройваць такія гарызантальныя сувязі паміж людзьмі і іншымі партнёрамі.
Пакуль гэта пілотная версія на 3-4 месяцы, то рэгістравацца на платформе можа любы ахвочы. Ніякіх асабістых дадзеных падчас рэгістрацыі не збіраюць. Просяць толькі е-мейл, але нават з ім папярэджваюць, каб пазначалі тую скрыню, на якой няма шмат асабістых звестак. Хоць скрасці зарэгістраваны е-мейл немагчыма, тым не менш, каб пазбегнуць спекуляцый, папярэджваюць.
На будучыню, калі будуць адбывацца падзеі нацыянальнага маштабу, накшталт рэферэндуму, мы будзем збіраць персанальныя дадзеныя. Пры гэтым выкарыстоўваць тэхналогію, якая дазваляе іх цэнтралізавана захоўваць. Мы як платформа не будзем мець да іх доступу і чалавек самастойна будзе вырашаць, каму і як прадстаўляць інфармацыю. Таму ніякага цэнтральнага рэестру, каторы можна ўзламаць і скрасці, не будзе. Выключна дэцэнтралізаванае захоўванне.
Зараз платформай могуць карыстацца і не толькі беларусы. Але беларусы, якія з’ехалі з краіны, ускладаюць спадзевы, што Digital Belarus стане паўнавартаснай віртуальнай дзяржавай з магчымасцю выдачы пашпартоў і іншых дзяржаўных дакументаў.
Менавіта гэта з’яўляецца канчатковай мэтай – стаць краінай, якую могуць прызнаць. Але для гэтага варта прайсці доўгі шлях. Павінна сабрацца грамадства, выстраіцца сацыяльна-эканамічныя сувязі. Павінна працаваць прадстаўнічая дэмакратыя ў гэтым грамадстве. Трэба распрацаваць свае дакументы з усімі ступенямі абароны, каб было што паказаць для прызнання.
Праца па ўсіх гэтых напрамках вядзецца. Але гэта доўгі шлях, бо мы разумеем, што разрозненыя групы людзей па ўсім свеце не могуць прыйсці ў Еўрасаюз і заявіць аб прызнанні. Тады б было мільён краін, калі б кожная супольнасць пачала прэтэндаваць на дзяржаўнасць.
Гэты шлях павінны прайсці беларусы разам. Ён не залежыць толькі ад платформы. Калі беларусы павераць, далучацца і пачнуць будаваць грамадства ў гэтай віртуальнай прасторы, тады гэты шлях можна будзе прайсці да канца.
Платформа распрацоўваецца з планамі на будучыню. Палітычнае ўтварэнне грамадства, уцягванне ў вырашэнне ўласных праблем, здабыванне асабістай суб’ектнасці грамадства, а не праз абранне лідараў і чаканні ад іх, усведамленне сілы грамадства, гэта вельмі важна. Прычым важна ў любой канфігурацыі – і пакуль мы змагаемся з рэжымам і калі вернемся ў Беларусь. Нам неабходна будаваць грамадства, бо 28 гадоў беларусаў прывучалі да думкі, што грамадства нічога не вырашае, толькі лідар ведае, як правільна для ўсіх.
Пакуль платформа – валанцёрскі праект, цалкам распрацаваны на ўласныя грошы. Але стваральнікі актыўна працуюць над пошукам розных крыніц манетызацыі, бо праект даражэе. Пакуль асноўных кірункаў манетызацыі тры. Першы – данаты. На іх спадзеў невялікі. Другі – уласная плацежная сістэма, якая будзе атрымліваць працэнт з транзакцый, але будзе танней і прывабней для карыстальнікаў. Праз санкцыі асноўныя плацежныя сістэмы з Беларуссю працаваць адмаўляюцца. Але Павел Лібер кажа, што атрымалася знайсці партнёра, які пагадзіўся абслугоўваць кліентаў з Беларусі. Такім чынам, калі сістэма будзе імплементавана ў платформу, беларусы, якія знаходзяцца ў РБ змогуць завесці сабе рахунак еўрапейскага банку і карыстацца ім. Гэта будуць зносіны паміж імі і банкам. На запуск такой сістэмы спатрэбіцца ад паў гады да года ў цяперашніх умовах.
І трэцяя крыніца манетызацыі – гэта стварэнне падобнай сістэмы для іншых краінаў, якім гэта спатрэбіцца, за грошы.
Зараз платформе вельмі важна, каб беларусы далучаліся і прыносілі на яе свой кантэнт. Афішы, праекты, каналы, паслугі – што заўгодна. Бо галоўная мэта ў тым, каб людзі самастойна запаўнялі платформу сваімі прапановамі, мерапрыемствамі, падзеямі і сэрвісамі.
Поўную размову з Паўлам Ліберам слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.