Loading

20 снежня ў Вільні адбылося развітанне з праваабаронцам, кіраўніком Беларускага Хельсінскага Камітэта Алегам Гулакам. Грамадзянская паніхіда прайшла ва ўніверсітэцкім касцёле Святых Іаанаў. Калега Алега Гулака Павел Левінаў распавёў у эфіры радыё Ўнэт аб тым, якую страту панесла праваабарончае асяроддзе Беларусі і людзі, якія ведалі Алега Гулака асабіста.

Алега я ведаю больш за 20 год. Калі я прыйшоў у БХК, ён там быў маладым юрыстам. А я хоць па ўзросце старэйшы за яго, але як праваабаронца тады быў зялёны.

Алег хутка рос у прафесійным плане і быў абраны старшынёй БХК. За апошнія пятнаццаць гадоў, калі ён быў на гэтай пасадзе, пра БХК даведаліся далёка за межамі Беларусі.

Некалькі гадоў таму камітэт атрымаў кансультатыўны статус пры эканамічнай і сацыяльнай радзе ААН. Увогуле БХК сістэмна працуе з механізмамі ААН. Пастаянна камунікуе са спецыяльнымі працэдурамі, інфармуе іх аб індывідуальных парушэннях правоў чалавека, аб сістэмных праблемах, а таксама аб законапраектах, якія могуць аказваць негатыўны ўплыў на правы чалавека.

Асабліва пад кіраўніцтвам Алега БХК выкарыстоўваў спецыяльныя працэдуры для абароны адвакатаў і людзей, якія пацярпелі ад катаванняў. Камітэт прымаў удзел у падрыхтоўкі альтэрнатыўных дакладаў у камітэты ААН перыядычнага агляду.

Страта Алега нанесла моцны ўдар па арганізацыі, якую Вярхоўны суд Беларусі ліквідаваў, але ў сэрцах праваабаронцаў і па факце БХК жывы. Мы панеслі цяжкую страту, але спадзяюся, што ў нас атрымаецца працягнуць працу і ўсе тыя пачынанні, што былі закладзеныя Алегам Гулакам.

Алег пайшоў з жыцця раптоўна, прайшло зусім не шмат часу. Пакуль усе працуюць у штатным рэжыме, але ў бліжэйшы час прыйдзецца збіраць агульны сход, на якім вырашым усе арганізацыйныя пытанні, як працаваць далей.

Алег Гулак як кіраўнік прадстаўляў арганізацыю як унутры краіны, так і за яе межамі. БХК добра ведалі ў замежжы менавіта дзякуючы ягонай актыўнай дзейнасці. Алег не зацыкліваўся толькі на прасоўванні стандартаў правоў чалавека. Ён сам пастаянна развіваўся і навучаў моладзь, калег, што былі з ім. Перадаваў ім свой каштоўны вопыт. Таму я ўпэўнены, што і на далей справа Алега будзе працягвацца.

Алег Гулак быў чалавекам з вялікім пачуццём гумару. Ён быў пазітыўны, добры, спагадлівы. Вы паглядзіце на ягоныя фатаграфіі – у яго заўсёды ўсмешка на твары. У якіх бы сітуацыях ён не бываў, заўсёды вельмі стойка ўсё пераносіў. Нават пра сваё затрыманне пад час Плошчы 2010 года ён заўсёды распавядаў з гумарам.

Алег Гулак заўсёды шукаў актуальныя тэмы ў сферы правоў чалавека і ствараў трэнды. Як гэта было з тэмай абароны правоў чалавека ў бізнесе, якая для Беларусі была новай. Гэткае наватарства стала адметнай рысай працы БХК дзякуючы Алегу. Пад час так званай палітычнай адлігі Алег Гулак, нават, быў адзіным з праваабарончага асяроддзя чальцом кансультатыўнай рады пры Адміністрацыі прэзідэнта РБ.

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.