Loading

25 лютага стала вядома, што прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі па пытаннях транзіту ўлады, кіраўнік НАУ Павел Латушка пакінуў Каардынацыйную раду. Па словах Паўла Латушкі, прычын для такога рашэння было некалькі. Гэта і ўжо згаданыя спробы змены стратэгіі Каардынацыйнай рады, і непразрыстасць выбарных працэсаў у КР, і, нават, спробы выгнаць яго з дадзенай арганізацыі. Тым не менш, на думку Паўла Латушкі, на нейкі час працэсы, якія сам палітык лічыць дэструктыўнымі для беларускіх дэмсіл, удалося прытармазіць дзякуючы яго рашэнню і рэакцыі СМІ на гэтую гісторыю.

«Гэта фактычна заклік і перасцярога да таго, якія працэсы зараз адбываюцца. Фактычна ў тым праекце рэгламенту, над якім працуе зараз Каардынацыйная рада і які бліжэйшымі днямі павінен быў вынесены на галасаванне, але ўжо як, наколькі ведаю, дзякуючы менавіта публічнаму звароту пераносіцца галасаванне, будзе дыскусія, спадзяюся публічная з запрашэннем прэсы».

Па словах Паўла Латушкі, змены, якія былі амаль прынятыя ў Каардынацыйнай Радзе, былі накіраваныя на пашырэнне кантролю над дзейнасцю ўсіх дэмакратычных сілаў.

«У гэтым рэгламенце прапаноўвалася стварыць базу, якая б давала магчымасць фактычна каардынаваць дзейнасць усіх дэмакратычных сіл Беларусі. Каардынацыйная рада, якая прайшла праз працэдуру пераабрання, перавызначэння, працэдуру, якая можа на сённяшні дзень не дастаткова вядомая беларусам. Не ўсе беларусы ведаюць, хто ўваходзіць у склад Каардынацыйнай рады. Невядомыя нават імёны некаторых членаў Каардынацыйнай рады. Ці магчыма ўявіць, што з’яўляецца арганізацыя, якая будзе кіраваць усімі і акрэсліваць стратэгію дзейнасці дэмакратычных сіл?»

Працягваючы гэтую тэму, Павел Латушка распавёў, што не ўсе асобы, адказныя за кіраванне гэтай структурай, былі дэмакратычна абранымі.

«Таксама вялікае пытанне да сакратарыяту. Я, як былы сябра Каардынацыйнай рады першага складу, скажу, што сакратарыят Каардынацыйнай рады мінулы ніколі не абіраўся Каардынацыйнай радай, ніколі не прызначаўся. Сёння ён складаецца з тых самых асоб, якія ніколі не абіраліся, ніколі не прызначаліся. Але ён вядзе ўсе пасяджэнні».

Павел Латушка лічыць, што дзейнасць некаторых сябраў Каардынацыйнай рады насамрэч можа быць ахарактарызаваная як прарасійская і дэструктыўная. Менавіта таму, на яго думку, важна ўжо зараз звярнуць увагу на тое, што адбываецца ў КР.

Павел Латушка, пры гэтым, заклікаў не марнаваць часу на спрэчкі а сканцэнтравацца на асноўных мэтах дэмакратычнай супольнасці, такіх як прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці.

Comments are closed.