Loading

Аб зборы матэрыялаў для Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе пра ўдзел лукашэнкаўскага рэжыму ў ваенных злачынствах супраць украінцаў распавёў у Беластоку кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) і сябра Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка. Туды ён прыехаў, каб сустрэцца з беларускай грамадскасцю, пачуць меркаванні людзей, паразмаўляць з імі перад Другой Канферэнцыяй беларусаў свету, якая запланавана ў Вільні на 22-23 красавіка.

У пачатку выступлення Павел Латушка падкрэсліў, што зараз стаіць пытанне існавання Беларусі як дзяржавы. У планах Крамля – ліквідацыя беларускай дзяржаўнасці, таксама як і ўкраінскай. Розніца толькі ў падыходах – ва Украіне Пуцін спрабуе ліквідаваць дзяржаву ваенным шляхам, а ў Беларусі – гібрыдным. Лукашэнка, які паводле Паўла Латушкі, з’яўляецца карысным ідыётам для расійскага прэзідэнта, перадаў беларускі суверэнітэт у распараджэнне Крамля за захаванне сваёй улады. Так, у інфармацыйнай прасторы Беларусі пануе «рускі мір». Беларуская армія таксама падпарадкаваная Расіі.

У культурнай сферы навязваецца наратыў пра прыналежнасць беларусаў да нейкай адзінай культурнай прасторы з рускімі, а за тое, што размаўляеш па-беларуску, ведаеш беларускую гісторыю і на чым яна грунтуецца, можна трапіць за краты.

Таксама выклікам для беларусаў з’яўляюцца планы размяшчэння на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі. Паводле спадара Латушкі, Лукашэнка заўсёды марыў пра валоданне ёю і лічыць перадачу ядзернага ўзбраення расійскаму боку памылкай, якую здзейснілі ў 90-х гадах тагачасныя беларускія ўлады. Наяўнасць ядзернай зброі ў Беларусі можа даць правіцелю ў Мінску большую суб’ектнасць на міжнароднай арэне, з ім пачнуць лічыцца і весці перамовы аб зняцці санкцый. У той жа час ні аб якой абароне нашай краіны гаворкі не ідзе. Ствараецца сітуацыя, калі па Украіне можа быць нанесены ядзерны ўдар з Беларусі, але наша краіна ў сваю чаргу становіцца мішэнню і вайна прыйдзе на нашу тэрыторыю.

У Еўропе ж, паводле Паўла Латушкі, няма належнага рэагавання на праблематыку размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, нягледзячы на тое, што такія планы Лукашэнкі і Пуціна парушаюць Дамову аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі, Будапештскі мемарандум 1994 года. Пры гэтым у Еўропе ёсць краіны, якія выступаюць за паслабленне санкцый у дачыненне да лукашэнкаўскага рэжыму, асабліва гэта тычыцца экспарту беларускага калію.

Павел Латушка заклікаў падпісваць і дасылаць уладам еўрапейскіх краін, у Еўракамісію зварот Народнага антыкрызіснага ўпраўлення аб неабходнасці дадатковых санкцый да рэжыму Лукашэнкі. Гэта зварот можна знайсці на інтэрнэт-рэсурсах НАУ.

Зараз пракуратура Польшчы вядзе тры расследаванні ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі. Першае – адносна захопу і прымусовай пасадкі пасажырскага самалёта Rayanair у маі 2021 года. Таксама гэта справа знаходзіцца і на разглядзе і ў Нью-Йоркскай пракуратуры. Другое расследаванне – гібрыдная вайна з выкарыстаннем мігрантаў. Пачатая з 2021 года, яна дагэтуль не можа спыніцца. Рэжым прывозіць мігрантаў і спрабуе іх закінуць на тэрыторыю Польшчы, Літвы і Латвіі. Па гэтай тэме сабрана агромністая факталагічная база, сцвярджае Латушка.

Трэццяя справа – злачынства супраць чалавечнасці. Латушка заклікаў падаваць заявы за той гвалт, які здзяйснялі сілавікі на тэрыторыі Беларусі. Сам ён ужо даў паказанні па гэтай справе.

«У адпаведнасці з універсальнай юрысдыкцыяй, і калі гэта злачынствы супраць чалавечнасці, фармальна пракурор мае права аб’явіць у вышук падазраваныя асобы. Калі ў рамках гэтага следства будзе даказана, што ў Беларусі існуе арганізаваная злачынная групоўка, на чале якой стаіць грамадзянін Лукашэнка, гэта фармальна дае падставы аб’явіць у вышук Аляксандра Лукашэнку праз сістэму Інтэрпол і ўсіх тых, хто саўдзельнічаў гэтым злачынствам», – заявіў Павел Латушка.

Паколькі Беларусь прадаставіла сваю тэрыторыю для нападу Расіі на Украіны, апошняя будзе дабівацца міжнароднага трыбунала па факце агрэсіі. Важна, каб там быў упісаны рэжым Лукашэнкі.

Яшчэ адным накірункам юрыдычнай дзейнасці НАУ па прыцягненні да крымінальнай адказнасці Лукашэнкі і яго памагатых – расследаванне дапамогі ў крадзяжы расійскімі захопнікамі ўкраінскіх дзяцей. Нагадаю, што імавернымі арганізатарамі гэтага злачынства Міжнародны крымінальны суд у Гаазе лічыць Уладзіміра Пуціна і расійскага дзіцячага амбудсмена Марыю Львову-Белову.

«Мы адразу пачалі цікавіцца гэтай тэмай і прыйшлі да высновы, што ў нас ёсць дастаткова інфармацыі, якая дае нам падставы казаць аб здзяйсненні ваенных злачынстваў з удзелам Беларусі і рэжыму Лукашэнкі.

Ёсць Чацвёртая Жэнеўская канвенцыя, якая працуе ў часы вайны. У адпаведнасці з гэтай Жэнеўскай канвенцыяй, дзеці з’яўляюцца асабліва абароненай катэгорыяй падчас вайны і іх нельга вывозіць за межы той тэрыторыі той краіны, грамадзянамі якой яны з’яўляюцца. Іх можна было вывезці на тэрыторыю акупаваную ворагам – Расійскай Федэрацыяй, у бяспечную зону. Ну напрыклад, чаму не ў Крым? Гэтага Расія не зрабіла, Расія забірае гэтых дзяцей і вывозіць у Расійскую Федэрацыю. І мала таго, гэтых дзяцей забіраюць і вывозяць у Беларусь.

І мы дайшлі да дакументаў, што ўрадам так званай Саюзнай дзяржавы было прынята адпаведнае рашэнне, пастанова Савета міністраў Саюзнай дзяржавы, на падставе якой быў зацверджаны праект, што 1050 дзяцей з Украіны накіроўваюцца ў Мінскую вобласць. Гэта фактычна дэпартацыя гэтых дзетак на тэрыторыю Беларусі. Арганізоўваў гэты ўвесь працэс Аляксей Талай, паралімпіец, які ўзначальвае адпаведны фонд і блізкі да Лукашэнкі. Лукашэнка даў даручэнне фінансаваць гэта ўсё «Беларуськалію», Івану Галаватаму, генеральнаму дырэктару «Беларуськалія». Дзяцей вывезлі на базу адпачынку ў Салігорскім раёне Мінскай вобласці, і зараз прыехалі чарговыя 350 украінскіх дзяцей. То бок іх пастаянна перманентна вывозяць на тэрыторыю Беларусі. І мы кажам сёння толькі пра тэрыторыю Мінскай вобласці. А ў нас ёсць сведчанні, што іх вывозілі і на тэрыторыю Гомельскай вобласці», – распавёў кіраўнік НАУ.

Амаль гадзіну гучалі пытанні да кіраўніка НАУ і яго адказы на іх. Павел Латушка, у прыватнасці, распавёў аб тым, што санкцыі павінны дэстабілізаваць рэжым Лукашэнкі і зруйнаваць выбудаваную ім сістэму, аб вартасці закрыцця межаў з Беларуссю для грузавых перавозак. Ён прызнаў, што эфектыўнасць працы Аб’яднанага пераходнага кабінета недастатковая, заклікаў дапамагаць хоць малымі грашыма беларускім вайсковым аб’яднанням.

Comments are closed.