Loading

Філосаф Павел Баркоўскі на сваёй старонцы ў Фейсбуку паразважаў наконт беларускага інфантылізму, які замінае пераменам і стварае неканструктыўную атмасферу дакораў. У эфіры радыё Ўнэт пагаварылі пра гэта больш разгорнута.

Допіс палемічны і адмыслова абвастрае нейкія пытанні. Гаворка ідзе пра тое, што мы назіраем апошнім часам вельмі часта, калі з вуснаў многіх беларусаў гучаць патрабаванні, ці пытанні да дэмакратычных палітыкаў. Наракаюць, што зроблена мала, што ніякай дапамогі людзі не адчуваюць і г.д.

Насамрэч, я спрабую данесці: палітыкі могуць зрабіць столькі, колькі ім даюць зрабіць самі грамадзяне. Гэта азначае, што шмат якія дзеянні палітыкаў абумоўленыя тым рэсурсам, той падтрымкай, якую яны маюць на месцах.

Калі мы ўзгадаем падзеі 2020 года, тады выбар мірнага ці немірнага шляху пратэсту рабіўся не палітыкамі, а грамадствам. Палітыкі вымушаныя былі падтрымаць той варыянт шляху да пераўтварэнняў, які абрала грамадства.

Калі казаць пра такую з’яву, як масавы забастовачны рух, таксама можна прыгадаць, колькі палітыкі не звярталіся і не спрабавалі абвяшчаць агульныя забастоўкі, людзі не хацелі ўкладаць у гэта свае ўласныя дзеянні. І спробы давесці гэта зверху завяршалася нічым.

Таму шмат у чым беларусам патрэбна ўсвядоміць, што вынікі таго, як мы жывем сёння, гэта вынікі і плён нашай уласнай дзейнасці. Апроч палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, сама грамадская супольнасць таксама з’яўляецца складнікам гэтага ўраўнення. І кожны беларус не павінен чакаць, пакуль нехта дасць яму добры план. Ці скажа, што, дзе, як рабіць і пажадана, каб бяспечна. Кожны павінен усведамляць, што ўласна здольны паўплываць на працэсы і разумець, як можна гэта зрабіць. Як і з кім можна аб’яднацца, каб мець уплыў.

Гэта пазіцыя свядомага, дарослага чалавека: я бачу свае праблемы і разумею, што вырашаць іх давядзецца самому і ўкладацца ў гэта не менш за астатніх.

Ці можна сказаць, што станам на 2020 год гэта быў максімум, на які было здольна беларускае грамадства?

Так яно і было. У жніўні 202 мы бачылі, што ў актыўным процістаянні да ўладаў былі гатовыя ўдзельнічаць некалькі тысяч. А вось каб выказваць пратэст як маральную пазіцыю і сімвал, у гэтым гатовыя былі ўдзельнічаць сотні тысяч беларусаў. Але многія з іх і тады і зараз не гатовыя актыўна адстойваць тыя ідэалы, пра якія заяўляюць на словах.

Мы павінны зразумець, што многія рэчы адбываюцца так, як мы ім дазваляем быць і адбывацца.

Прыкладна тое ж самае можна сказаць пра дэмакратычных палітыкаў, якія ні тады, ні зараз не гатовыя весці людзей на барыкады?

Нацыі і палітыкі змяняюцца. Мы сацыялагічнымі сродкамі назіраем, наколькі змянілася стаўленне беларусаў да пратэстаў. Вялікая колькасць людзей зараз падтрымлівае патрабаванні немірнай барацьбы з рэжымам. Пры тым, што раней такіх людзей было вельмі мала.

І палітыкі сёння таксама больш не гавораць толькі пра мірныя сродкі барацьбы. Яны кажуць пра фармаванне сілавога блоку. Той жа Валерый Сахашчык, ці стварэнні добраахвотніцкіх батальёнаў беларусаў у межах украінскай арміі. Гэта ўсё захады ў бок таго, каб мець альтэрнатыўныя сцэнарыі развіцця сітуацыі.

Іншая справа, што відавочна, якімі б захадамі не апекаваліся палітыкі, якія зараз знаходзяцца за межамі краіны, рэальных вынікаў яны змогуць дасягнуць толькі ў выпадку, калі будуць падтрыманыя самімі беларусамі. То бок, калі не будзе беларусаў, якія будуць выязджаць і прымаць удзел у добрахвотніцкіх батальёнах, калі не будзе тых, хто далучыцца да выканання плана Перамога ў Беларусі, чакаць, што нейкім цудам усё выправіцца само, не выпадае.

Можна і на далей чакаць перамоў Расіі з Украінай, ці пазіцыі ЗША, ці кагосьці ячшэ такога вялікага, хто зменіць сітуацыю ў Беларусі, а беларусы зноў будуць як дзеці, за якіх дарослыя вырашаюць, дзе, як і з кім яны будуць жыць.

Казаць на словах і рабіць на справе – розныя рэчы. Можа інфантылізм – вынік шматгадовай грамадскай бяздзейнасці і адсутнасці трэніровак прыняцця самастойных рашэнняў грамадствам?

Відавочна, існуе істотная розніца паміж тым, што людзі кажуць і што яны робяць. І ў беларусаў, у адрозеннні ад тых жа ўкраінцаў, не было такой палітычнай сітуацыі і культуры, якія б уключалі іх у акцыі прамога дзеяння. Але, калі мы сапраўды хочам перамен і жадаем самі ўплываць на свой лёс, давядзецца пераасэнсоўваць вагу нашых словаў і дзеянняў. І самому сабе шчыра адказваць, што той ці іншы вынік залежыць у тым ліку і ад таго, што я зрабіў ці не зрабіў.

Лёс нацыі і краіны – гэта ўраўненне, у якім няма неважных частак. Кожны чалавек укладае ў яго свой плён і энергію. І калі яе будзе мала, ці яна будзе скіраваная не на тыя вынікі, якіх чакае большасць, то іх папросту і не будзе.

Таму трэба думаць, як змяняць свае палітычныя звычкі і культуру, калі нам гэта сапраўды патрэбна. Калі не, значыць нас задавальняе той дэпрэсіўны і агрэсіўны стан, у якім мы знаходзімся.

Як вы для сябе адказваеце на сваё пытанне пра дастатковасць уласнага ўнёску ў агульныя перамены?

Для сябе, перад усім, я бачу задачу пошуку рашэнняў, якія стаяць перада мной і перад грамадствам. Я вяду актыўную публічную дзейнасць. Спрабую ўплываць на тыя працэсы, што адбываюцца са мной у культурнай, адукацыйнай і палітычнай галінах. Шмат рэчаў, што я раблю, не варта апублічваць. Але для мяне гэта мая персанальная адказнасць. І, адпаведна, калі разважаць пра тое, як грамадзянская супольнасць павінна атрымаць моц, то перад усім, гэта стварэнне рэсурсу, каб яго выкарыстоўваць. Стварэнне структуры, якая будзе дапамагаць весці гэтыя працэсы. І тады гэта ператвараецца ў пэўную сілу, з якой вымушаныя лічыцца палітыкі і тыя, хто ўцягнуты ў рэальныя працэсы сацыяльнага кіравання.

Задача кожнага чалавека альбо пабачыць сябе часткай такой грамадзянскай супольнасці, альбо зразумець, чаго бракуе, каб зрабіцца гэтай часткай. Адказаўшы персанальна на гэтыя пытанні, можна зразумець, як сябе паводзіць у сітуацыі, у якой апынулася Беларусь.

Кожнае грамадства існуе па пэўных сацыяльных законах і пасіянарная частка заўсёды невялікая. Што бракуе беларускім пасіянарыям, колькасці ці ўпэўненасці ў сваіх здольнасцях?

Так, пассіянарыяў не шмат у любым грамадстве і беларусы тут не горшыя за іншых. Прыкладна аднолькава ва ўсіх. Пытанне, хутчэй, у ментальных устаноўках. У тым, з якіх пазіцый і з якімі чаканнямі мы падыходзім да вырашэння сваіх пытанняў. Калі застаецца ўстаноўка на тое, што мой удзел у грамадскім жыцці павінен быць мінімальным і бяспечным, то ніякая колькасць пасіянарыяў гэтыя працэсы не выцягне. Калі грамадства зразумее, што не дастаткова проста вылучыць групу людзей, назваць іх палітыкамі ці грамадскімі дзеячамі, ускласці на ніх абавязкі па пераўтварэнні, а самім заставацца ў пазіцыі гледачоў, то будзе відавочна, што неабходна ўцягвацца ў працэсы значнай большасці людзей. У такім выпадку, працэсы, якія ў нас доўга стаяць, змогуць зрушыцца з мёртвай кропкі. Пакуль жа застаецца такая інфантыльная пазіцыя, зрабіце мне добра, ці скажыце, што зрабіць, можа і зраблю.

А сучасны лідар не павінен казаць, што і як рабіць у тым ліку?

Безумоўна, лідары павінны мець сваю праграму ці павестку. Але, паўтаруся, лідар можа прапанаваць грамадству толькі тое, што яно можа прыняць. Інакш, любыя заклікі і прапановы павіснуць у паветры і застануцца нерэалістычнымі. Можна колькі заўгодна прасіць палітыка кіраваць намі, але, калі мы не выконваем ягоныя просьбы, чаго тады наракаць?

Таму мая пазіцыя такая, што беларусам патрэбны палітыкі, якія не проста «пад ключ» праект новай Беларусі прапануюць. Нам супольна трэба гэты план выпрацоўваць і рэалізоўваць. А палітыкі дапамогуць зрабіць гэта больш дакладна, чым калі б гэта было стыхійна. Але асноўны ўпор – на кожнага чалавека, грамадзяніна, які з іншымі збіраюцца ў грамадзянскую супольнасць.

Ці паспее наша грамадства пасталець, каб скарыстаць наступны шанец на перамены, калі той з’явіцца?

Мы зараз у вельмі цяжкай сітуацыі. Мы на мяжы гарачай вайны, на этапе вялікіх геапалітычных зломаў. У ваенны час людзі сталеюць значна хутчэй. Нават дзеці ў вайну хутка ператвараюцца ў дарослых. І апошнія паўтары гады шмат зрабілі для таго, каб людзі, якія могуць думаць, пачалі пазбаўляцца ад дзіцячых комплексаў і ператварацца ў больш свядомую грамадзянскую супольнасць. Але ці паспеюць гэта зрабіць усе беларусы, пытанне да кожнага персанальна. Я магу адказваць толькі за сябе і за сваё атачэнне, дзе я магу такое пытанне задаць блізкім мне людзям. Калі кожны беларус спытае таксама сябе, сваякоў, сяброў, знаёмых, значыць, уся нацыя здолее зрабіць гэта ў вельмі кароткі тэрмін.

Поўную размову слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.