Loading

Пасля спробы супрацы з рознымі палітычнымі сіламі, у тым ліку і з ініцыятывай ByPol і прадстаўнікамі Аб’яднанага пераходнага кабінету Валерыям Сахашчыкам і Аляксандрам Азаравым, ініцыятыва «Паспалітае рушэнне» рэарганізавалася і стала незалежнай арганізацыяй, але, пры гэтым і не згубіла сувязяў з былымі партнёрамі. Кіраўнік «Паспалітага рушэння», добраахвотнік з пазыўным «Гусар», адказаў на нашыя пытанні.

– Як вы прыйшлі да неабходнасці рэарганізацыі і ці змяніліся ў выніку вашыя мэты і падыходы да дасягнення гэтых мэтаў?

– Праект „Паспалітага рушэння” у тым выглядзе, у якім ён зараз з’явіўся, быў запланаваны яшчэ паўгады таму. З-за розных момантаў няўзгодненасці, гэтая ініцыятыва была падхопленая рознымі іншымі арганізацыямі. І ByPol спрабаваў займацца «харугвамі», Валер Сахашчык таксама зрабіў пэўныя крокі. То бок пэўныя захады былі зробленыя, пэўныя дамоўленасці былі дасягнутыя, быў поспех, але каб запусціць такі праект, каб яго структураваць не хапіла рэсурсаў, мабыць недзе ініцыятывы не хапіла. Але сэнс у тым, што «Паспалітае рушэнне» на канец 2022 года не ўяўляла сабой адзінай эфектыўнай арганізацыі. Таму былі праведзены перамовы і з тымі жа самымі Сахашчыкам і Азаравым, з камандзірамі, з хлопцамі з «Белага Легіёна», хлопцамі якія вярнуліся з Украіны, былі ў палку Каліноўскага. Было прынята рашэнне аб стварэнні асобнай незалежнай арганізацыі, якая будзе падтрымліваць партнёрскія адносіны з усімі дэмакратычна і нацыянальна арыентаванымі сіламі беларускай апазіцыі, якія знаходзяцца як за межамі, так і ў падполлі на тэрыторыі Беларусі, каб было магчыма эфектыўна вырашаць праблемы і самае галоўнае – маштабавацца, расці і развівацца…

Асноўныя мэты засталіся такімі, як яны дэклараваліся яшчэ паўгады таму ў ByPol, ці ў Сахашчыка. Яны не змяніліся. Гэта падрыхтоўка людзей, падрыхтоўка рэзерва і гэта дапамога хлопцам з «Паспалітага рушэння», якія вырашаць паехаць ваяваць, то бок падтрымка фінансавая, юрыдычная, падтрымка з пераездам.

– Падрыхтоўка праводзіцца на тэрыторыі Польшчы. Як польскія ўлады ставяцца да гэтага, ці не будзе праблем з законам у тых, хто захоча далучыцца да вас, бо гэта ўсё ж такі хоць і не ўзброенае, але ваенізіраванае фармаванне?

– У польскага боку заўсёды было адзінае патрабаванне – гэта выкананне польскага заканадаўства. На дадзены момант мы сваёй дзейнасцю не парушаем польскіх законаў.

– У аўторак у Беларускім доме прайшла прэс-канферэнцыя, падчас якой Зянон Пазьняк абвясціў аб стварэнні Рады бяспекі і дадаў, што вядуцца кансультацыі з прадстаўнікамі нацыянальна-дэмакратычных ініцыятываў Беларусі. Вы супрацоўнічаеце з «Вольнай Беларуссю»?

– Мы шчыльна працуем з арганізацыяй «Вольная Беларусь», яны падтрымліваюць нас і фінансава і дапамагаюць кансультацыямі, бо мы зараз ідзем шляхам стварэння ўласнага фонду. І, вядома, калі нам будзе прапанавана далучыцца да Рады бяспекі, то мы будзем разглядаць гэтую прапанову. То бок мы адкрытыя для супрацоўніцтва.

– Ці прапрацоўваюцца магчымыя планы сілавога вызвалення Беларусі?

– Так, канешне яны ў любым выпадку распрацоўваюцца, пра гэтыя планы, натуральна, казаць нельга… Неяк трэба будзе захадзіць на тэрыторыю Беларусі. То бок гэта будзе альбо з тэрыторыі Еўрасаюза, альбо з тэрыторыі Украіны. Як гэта ўсё будзе адбывацца, гэта вельмі вялікае пытанне і залежыць шмат у чым ад палітычнай волі Украіны.

– Гучыць меркаванне, што пасля заканчэння вайны ва Украіне, украінскія ўлады могуць вырашыць проста раззброіць беларускіх добраахвотнікаў і не падтрымліваць беларускі нацыянальна-вызваленчы рух. Чаму, на вашую думку, беларусам зараз нават нягледзячы на магчымасць такога развіцця падзеяў, варта ехаць ва Украіну і далучацца да яе абароны?

– Натуральна, ніхто не выключае, што ўкраінскі бок можа, пасля падпісання мірнага пагаднення, рана ці позна яно будзе, можа адмовіцца ад ідэі падтрымкі беларускай апазіцыі, нашых батальёнаў у вызваленні Беларусі. Ніхто гэтага не выключае, але калі мы нічога зараз не будзем рабіць, то на 100% не будзе нават разглядацца такі варыянт.

– Як да вас можна далучыцца?

– Каб да нас далучыцца, захадзіце на наш сайт rushennie.org, шукайце нас у тэлеграме. Пераходзьце, там вы знойдзеце інструкцыю, знойдзеце там чат-бот. Запаўняеце анкету, праходзіце верыфікацыю і трапляеце на сумоўе з камандзірам.

«Паспалітае рушэнне» у якасці незалежнай ініцыятывы адразу пачало наладжваць сувязі з іншымі беларускімі арганізацыямі. Кіраўніцтвамі ініцыятывы беларускіх нацыяналістаў РУХ і «Паспалітага рушэння» ужо была заключана дамова аб партнёрстве і сяброўстве. У паведамленні «РУХу», апублікаваным у тэлеграм канале арганізацыі, сказана, што паміж арганізацыямі пачнецца супраца ў вайсковай, а таксама ў грамадска-палітычнай і культурніцкай сферах. Падрабязней гэтую навіну нашаму радыё пракаментаваў прадстаўнік РУХу.

«Супрацоўніцтва ў грамадска-палітычнай і культурніцкай сферах будзе заключацца ў тым, што прадстаўнікі «Паспалітага рушэння» будуць удзельнічаць у мерапрыемствах «РУХа». Ну, таксама, мы будзем ладзіць сумесныя мерапрыемствы ў гэтых накірунках. Ну, і зразумела, што з іншага боку прадстаўнікі РУХу будуць удзельнічаць у вайсковых мерапрыемствах, занятках «Паспалітага рушэння» у розных гарадах».

rushennie.org

bns-volnayabelarus.org

t.me/ruchbelnac

kalinouski.org

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.