Loading

Некалькі дзясяткаў чалавек выйшлі 26 траўня да Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку, каб паказаць сваю салідарнасць з палітзняволеным гродзенскім журналістам і сябрам Саюза палякаў Анджэем Пачобутам. У той дзень Вярхоўны суд адхіліў яго апеляцыйную скаргу на прысуд Гродзенскага абласнога суда, па якім ён быў асуджаны на восем гадоў калоніі. Многія выступоўцы выказвалі падтрымку палітвязню, патрабавалі яго найхутчэйшага вызвалення і падкрэслівалі, што Анджэй Пачобут быў пакараны антыбеларускім па сваёй сутнасці рэжымам.

У Беластоку акцыі салідарнасці з Анджэем Пачобутам звычайна праходзяць каля помніка ксяндзу Ежы Папялушку побач з цэнтральнай у горадзе плошчай – Рынкам Касцюшкі. Арганізаваныя актывістамі Саюзу палякаў у Беларусі, якія былі вымушаны пакінуць свае дамы і перабрацца ў Польшчу, мітынгі праводзяцца штомесяц як напамін аб незаконным затрыманні 25 сакавіка 2021 года пяцёх сябраў арганізацыі – Анджэя Пачобута, Марыны Цішкоўскай, Ірэны Бярнацкай, Анжалікі Борыс і Ганны Панішавай.

Аднак 26 траўня было вырашана правесці акцыю пад будынкам консульства, дзе працуюць людзі, якія так ці інакш праводзяць палітыку антыбеларускага, антыпольскага і антыдэмакратычнага рэжыму Лукашэнкі. Дарэчы, так было і ў лютым, калі Гродзенскі абласны суд прыгаварыў Анджэя Пачобута да васьмі гадоў калоніі па сфальшаваным абвінавачванні ў закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь і распальванні варожасці.

«Мы ў чарговы раз сабраліся тут, каб заявіць «не» таму, што зараз адбываецца ў Беларусі», – заявіў на мітынгу намеснік старшыні Саюза палякаў Марэк Занеўскі, патрабуючы вызваліць Анджэя Пачобута і ўсіх палітвязняў.

«Вярхоўны суд, на жаль, пакінуў у сіле той жахлівы вырак – восем гадоў зняволення. Канешне, тыя рэаліі, якія сёння пануюць у Беларусі, не дазвалялі разлічваць на многае, але, вядома, што чалавек – гэта такая істота, якая заўсёды мае надзею. Канешне, і мы мелі надзею хоць бы на нейкае скарачэнне тэрміну. Аднак беларускі рэжым бязлітасны, бязлітасны для ўсіх – для Анджэя і астатніх палітычных вязняў, якіх ужо больш за паўтары тысячы ў Беларусі», – адзначыў грамадскі актывіст.

Марэк Занеўскі

Аб тым, што адбываецца зараз з Анджэем Пачобутам распавёў нашаму радыё бліжэйшы сябр і калега палітзняволенага журналіста Ян Роман.

«Інфармацыя наконт Анджэя, які зараз знаходзіцца ў гарадзенскай турме, вельмі абмежаваная. Ясна, што пасля разгляду апеляцыі Анджэй будзе праз некаторы час этапаваны ў адну з калоній беларускіх, не вядома, у якую дакладна. Таксама невядома, калі будзе этап, таму што паводле заканадаўства Вярхоўны суд высылае поштай пастанову, і ўжо Дэпартамент выканання пакаранняў будзе прымаць рашэнне калі і ў якую калонію будзе накіраваны Анджэй.

Я не думаю, што ў яго стан здароўя вельмі добры. Два гады ў турме адбіваюцца. За гэты час Анджэй перахварэў на ковід. Пасля знаходжання на працягу двух гадоў у такіх умовах, то нават чалавек з жалезным здароўем будзе адчуваць наступствы такога доўгага знаходжання ў турмах. Тым больш ведаем, у прынцыпе, як выглядае харчаванне. Не вядома да канца, ці атрымлівае ён лекі, якія яму патрэбныя, бо беларускія ўлады ўсё больш жорстка абмяжоўваюць яго», – распавёў журналіст.

Ян Роман

Дагэтуль перажывае ўсё, з чым давялося сутыкнуцца ў лукашэнкаўскіх засценках, адна з былых палітзняволеных беларускіх палякаў Марына Цішкоўская.

«Мы павінны гэта перажыць. На некаторыя рэчы не маем уплыву. То выпала на наш лёс. Анджэю жадаем многа сіл, здароўя, сілы духа і вялікай надзеі і веры на лепшае. Сёння такое прыгожае свята – Дзень мамы. І я як мама не магу не ўспомніць аб такім дні. Апошнія гады мы пазбаўлены магчымасці асабіста павіншаваць сваіх мам. На сёння можна паведаміць толькі адно – дарагія нашы мамы, дачакайцеся нас дома. Каб мама дачакалася Анджэя, каб кожная наша мама дачакалася нас», – з болем у голасе казала Марына Цішкоўская.

Марына Цішкоўская

Анджэя Пачобута асудзіла злачынная група людзей, якая захапіла ўладу – дыктатарская кампанія Лукашэнкі і Пуціна, заявіў у сваім выступленні кіраўнік Радыё «Рацыя» Яўген Вапа. Яўген Вапа нагадаў, што зараз у турмах знаходзяцца і іншыя беларускія журналісты, у прыватнасці, гарадзенцы Павел Мажэйка і Дзяніс Івашын.

Яўген Вапа

«Мы змагаемся і будзем змагацца, пакуль усе палітвязні не выйдуць з беларускіх турмаў», – заявіў прадстаўнік беларускай дыяспары Беластока Ян Абадоўскі, адзначыўшы, што не будзе памылкай казаць, што такіх больш за пяць тысяч, бо там не толькі тыя, каго палітвязнямі прызналі праваабарончыя арганізацыі. Актывіст нагадаў, што 21 траўня ў розных гарадах свету беларусы выходзілі, каб паказаць сваю салідарнасць з палітзняволеннымі, якіх катуюць і забіваюць у лукашэнкаўскіх засценках.

Ян Абадоўскі

Палітычны пераслед пачаўся не ў 2020 годзе, а значна раней, па сутнасці ў хуткім часе, калі да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, нагадаў прадстаўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Аляксандр Капуцкі з Маладзечна, і гэты молах рэпрэсій не абмінуў польскую супольнасць у Беларусі.

«Я на жаль не быў асабіста знаёмы з Анджэем Пачобутам, але я як праваабаронца сачыў за яго лёсам яшчэ тады калі распачаліся рэпрэсіі супраць яго як журналіста шмат гадоў назад. І я вельмі захапляўся мужнасцю гэтага чалавека. Але сёння і Анджэй Пачобут, і тысячы палітвязняў у Беларусі чакаюць ад нас, вядома, не захаплення. Яны чакаюць нашай салідарнасці, нашых высілкаў дзеля таго, каб вызваліць усіх з-пад улады гэтага страшнага рэжыму», – заявіў Аляксандр Капуцкі.

Comments are closed.