Loading

Адным з улюбёных прыёмаў усіх прапагандыстаў з’яўляецца т.зв «whataboutism», ад фразы «what about…», літаральна «а ў вас…». У гады халоднай вайны СССР з задавальненнем карыстаўся гэтым метадам у адказ на ўсе абвінавачванні на свой адрас, і асобныя фразы сталі нават крылатымі, кшталту «а ў вас неграў лінчуюць». Сёння з такім жа поспехам можна выкарыстоўваць «а ў вас ёсць ЛГБТ». Іншымі словамі, калі нас нехта абвінавачвае, напрыклад, у крадзяжы ровара, мы спрабуем зняць адказнасць з сябе і адначасова перанесці цікавасць і абурэнне на штосьці іншае, да прыкладу «а сусед жонку бʼе». Які там ровар.

Службы СССР дасканала засвоілі гэты прыём, бо выкарыстоўвалі яго дзесяцігоддзямі, набіраючыся вопыту і адточваючы майстэрства ў гэтай сферы. Іх традыцыі паспяхова працягвае магутная дэзінфармацыйная і прапагандысцкая машына Расіі, якая ўключае не толькі спецслужбы, але і сетку СМІ, ботаў і троляў, шматлікія інстытуцыі, якія дзейнічаюць пад эгідай расійскай дзяржавы (і часта закамуфляваныя пад сацыяльныя, культурныя, і г.д. арганізацыі), прадстаўнікоў расійскай улады і палітычных эліт (Дзмітрый Мядзведзеў, Дзмітрый Пяскоў, Марыя Захарава) і, нарэшце, масы звычайных карысных ідыётаў у розных частках свету. Такі прыём не новы, бо ўжо ў 1920-я гады бальшавіцкая Расія выкарыстоўвала заходніх левых інтэлектуалаў для рэкламы «камуністычнага раю рабочых і сялян». І рабіла гэта паспяхова, таму што тыя самыя наратывы, якія тады прапагандаваў, напрыклад, Бернард Шоў, цыркулюць і сёння на Захадзе ў левых колах. Але зараз, у адрозненне ад часоў халоднай вайны, Расія менш арыентуецца на левыя колы, а аддае перавагу радыкальным правым і папулістам, якія маюць вялікі патэнцыял у арганізацыі беспарадкаў і дэстабілізацыі заходняга грамадства (ад амерыканскіх альтэрнатыўных правых да еўрапейскіх Ле Пэн і Орбана). Тым больш, што сучасныя ідыёты маюць значна большы ўплыў дзякуючы інтэрнэту і сацсеткам. Таксама расійская дыпламатыя займаецца пошукам аргументаў для апраўдання любых дзеянняў Расіі альбо «правакацый» з боку Захаду, абвінавачвае Захад ва ўсім зле і несправядлівасці гэтага свету, ствараючы пры гэтым вобраз Расіі як «вызваліцельніцы», якая абараняе прыгнечаных. Ужо даўно на гэтым спецыялізуецца Сяргей Лаўроў, але ад яго не адстаюць калегі з міністэрства, напрыклад, амбасадар Расіі ў Польшчы Сяргей Андрэеў, які, між іншым, паслядоўна сцвярджае, што «спецыяльная ваенная аперацыя» накіравана на «вызваленне Украіны ад нацыстаў, якія пагражаюць рускаму насельніцтву».

Нарэшце, Расія выгадавала прафесійных прапагандыстаў, якія нястомна ствараюць вобраз вялікай Расіі, што абараняе парадак і справядлівасць перад гнілым імперыялістычным Захадам (Уладзімір Салаўёў, Маргарыта Сіманьян ды іншыя). Больш за тое, антызаходнія наратывы з’яўляюцца палівам для расійскага «whataboutismу». Менавіта Захад з’яўляецца крыніцай усяго зла ў свеце, гэта Захад заўсёды ўсіх пераследаваў – а не Расія.

Такі наратыў эфектыўны яшчэ і таму, што ён выкарыстоўвае папулярныя антызаходнія стэрэатыпы і крыўду, заснаваную на эмоцыях і гістарычным вопыце. Таму, напрыклад, расійскі зварот да жыхароў Афрыкі акцэнтуецца на каланіялізме і яго наступствах, а наратывы, накіраваныя на Паўднёвую Амерыку, – на імперыялізме ЗША. У абодвух выпадках яны знаходзяць спрыяльную глебу – гэтак жа, як на Блізкім Усходзе ці ў Азіі, але таксама сярод часткі грамадзян Заходняга свету, якія расчараваны і незадаволены ліберальнай дэмакратыяй Захаду, эканамічнай глабалізацыяй (бо не кожны з’яўляецца яе бенефіцыярам у роўнай ступені) і хто сумуе па «традыцыйных каштоўнасцях» – а Расія здолела зрабіць неверагодную рэч, зарэкамендаваўшы сябе як апору парадку, Уладзіміра Пуціна – як непахіснага абаронцу традыцыйных каштоўнасцей – і гэта многія кансерватыўныя і правыя колы на Захадзе ўспрынялі з такім жа абсурдным энтузіязмам, з якім калісьці левыя колы верылі ў міф пра «сацыялістычны рай на зямлі».

Аналагічны механізм выкарыстання трагічных падзей з мінулага і звязаных з імі эмоцый і апасенняў, выкарыстоўваецца і ў выпадку польска-ўкраінскіх адносін. З аднаго боку, гэта відавочны працяг імперскага прынцыпу divide et impera – Расія на працягу стагоддзяў паспяхова выкарыстоўвала яго для маніпулявання заваяванымі народамі і недапушчэння іх супрацоўніцтва, якое магло пагражаць імперыі; з іншага боку гэта пытанні, звязаныя са стаўленнем Расіі да палякаў і ўкраінцаў і страхам перад іх магчымым саюзам, што азначала б для Расіі сур’ёзную (магчыма, самую сур’ёзную ў гісторыі) геапалітычную і стратэгічную паразу.

Асноўная тэма шырока выкарыстоўваемага Расіяй «whataboutismу » – гэта антызаходнія выказванні і крыўды, якія існуюць у многіх краінах свету. Цікавым прыкладам у гэтым кантэксце можа быць пытанне рэзалюцыі Генасамблеі ААН ад 2 сакавіка 2022 года, якая асуджае Расію за ўварванне ва Украіну. Са 193 дзяржаў, якія ўваходзяць у ААН, 141 прагаласавала за рэзалюцыю, 35 устрымаліся і толькі 5 прагаласавалі супраць (12 дзяржаў не галасавалі). Падобным чынам размеркаваліся галасы і ў выпадку наступных рэзалюцый адносна цяперашняй вайны (калі не лічыць таго, што рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі маюць толькі палітычнае, а не юрыдычнае значэнне). Важна, што такое масавае асуджэнне Расіі стала не вынікам абурэння ў сувязі з відавочным парушэннем Расіяй прынцыпаў Статута Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, але ў значнай ступені гэта вынік напружанай працы заходніх дыпламатаў, якія павінны былі пераканаць краіны Афрыкі, Азіі і Паўднёвай Амерыкі падтрымаць рэзалюцыю. Прычынай амбівалентнага стаўлення гэтых краінаў была зусім не іх прарасійскасць (хоць Расія таксама вельмі паспяхова стварае імідж дзяржавы, якая супрацьстаіць дамінаванню Захада, і гэта дадае ёй і асабіста прэзідэнту Пуціну, даволі шмат прыхільнікаў, на жаль, таксама ў Польшчы), але хутчэй іх антызаходнясць, і як вынік задаволенасць, што нехта нарэшце «паўстаў» супраць Захаду.

Гэтыя поспехі вынікаюць з таго, што стварэнне памылковай сіметрыі: «мы, можа, не ўсё робім правільна, але Захад нашмат горшы» з’яўляецца часткай больш шырокага наратыву, над якім Расія працавала гадамі. У гэтым наратыве Захад – слабы, агрэсіўны і сапсаваны (ЛГБТ!). Адным з важных складнікаў гэтага наратыву зʼяўляецца шырока распаўсюджаны тэзіс, што «Захад падмануў Расію, таму што паабяцаў, што НАТА не будзе пашырацца». Апроч таго, што гэта хлусня і такіх абяцанняў ніколі не было (калі не лічыць таго, што Расія неаднаразова давала розныя абяцанні – і пастаянна іх парушала), гэты міф быў паспяхова распаўсюджаны і дагэтуль прымяняецца як сурʼёзны аргумент у шматлікіх дыскусіях адносна палітыкі Расіі і вайны супраць Украіны. Пра маштаб папулярнасці гэтага наратыву сведчаць, між іншым, шэраг пастаянных, і з кожным разам больш дзіўных, заяў Папы Францішака, які даслоўна ў адным са сваіх спрэчных заяў абвінаваціў… НАТА ў ваеннай агрэсіі Расіі супраць свайго суседа. Ён дакладна паўтарыў версію расійскай прапаганды, хутчэй за ўсе несвядома, і стаў часткай вялікай расійскай прапагандысцкай машыны.

Таму не варта здзіўляцца, што Расія таксама паслядоўна падтрымлівае наступны наратыў: Захад пачаў гэтую вайну, Расія толькі абараняецца – як заўсёды, таму што добра вядома, што Расія ніколі ні на каго не нападала. Цяпер у яе зноў не было іншага выйсця як распачаць «спецыяльную ваенную аперацыю». Натуральна, «у белых пальчатках» (гэты тэрмін часта гучаў у расійскіх СМІ і з вуснаў расійскіх палітыкаў/прапагандыстаў).

Злачынствы? Што за злачынствы? Ці Расія можа здзяйсняць злачынствы? Глупства. Ну, можа і было там штосьці ў запале барацьбы з фашыстамі. А ці Захад не рабіў і не робіць злачынстваў? І тут у першую чаргу згадваюць ЗША, прыпамінаючы Вʼетнам, Ірак, Афганістан, Лівію, Сірыю і ЦРУ, як «самую злачынную арганізацыю ў свеце». І гэтую тэму ахвотна падхопліваюць усе праціўнікі ЗША і Захаду.

Між тым, гэтае супастаўленне цалкам няправільнае. ЗША, як і многія іншыя краіны Захаду, маюць шмат на сумленні. Але трэба выразна падкрэсліць, што салдаты заходніх армій (НАТА) абавязаны прытрымлівацца так званых правілаў вядзення баявых дзеянняў, якія накладаюць шмат абмежаванняў і накіраваны ў асноўным на абарону грамадзянскіх асоб. Неаднаразова, напрыклад, вайскоўцы ISAF скардзіліся на гэтыя правілы, бо яны прымушалі іх рызыкаваць уласным жыццём у неадназначных сітуацыях. Салдаты таксама павінны выконваць Гаагскую і Жэнеўскую канвенцыі. Выпадкі ваенных злачынстваў, а яны часам адбываюцца, лічацца злачынствамі і падлягаюць крымінальнаму пераследу (зразумела з рознай ступенню эфектыўнасці і рашучасці, але яны разглядаюцца як ЗЛАЧЫНСТВЫ). Перш за ўсё варта задаць прынцыповае пытанне: якая заходняя армія за апошняе стагоддзе, а асабліва пасля Другой сусветнай вайны, наўмысна і масава забівала мірнае насельніцтва, гвалтавала, займалася марадзёрствам і скрадала ўсё: ад упрыгажэнняў і цацак да мэблі, бытавой тэхнікі і сантэхнікі? Хто наўмысна і паслядоўна знішчаў крытычна важную грамадзянскую інфраструктуру, каб пазбавіць мірных жыхароў магчымасці жыць? Дарэчы, такія дзеянні адпавядаюць усім крытэрыям тэрарыстычных актаў. Якая заходняя краіна нарэшце напала на іншую краіну, каб знішчыць яе і сцерці з карты? Каб скасаваць дзяржаўнасць і нацыянальную ідэнтычнасць?

Гэта, вядома, рытарычныя пытанні. Таму НЕЛЬГА параўноўваць дзеянні Расіі і Захаду. І гэта трэба пастаянна падкрэсліваць, нават калі расійскі наратыў, па меры пагаршэння агульнай сітуацыі для Расіі, як на фронце, так і ў палітычнай і эканамічнай сферах, становіцца ўсё менш паслядоўным і ўсё больш абсурдным. Бо ў ім з’яўляюцца не толькі «сакрэтныя амерыканскія біялабараторыі», не толькі «украінскія салдаты-мутанты», запраграмаваныя на забойства расіян, ня толькі «птушкі-разносчыкі інфэкцыйных хваробаў», але і множацца паведамленні пра складаную сітуацыю ў заходніх краінаў, дзе ў выніку «русафобіі», людзі пакутуюць ад галечы, голаду і холаду. Няўдачы на фронце тлумачацца тым, што расійская армія ваюе не з украінскай арміяй, а з «усім НАТО», і перш за ўсё з амерыканцамі, англічанамі і палякамі. Што да ўкраінскіх узброеных сіл, то, калі верыць расійскім паведамленням аб колькасці страт, то іх цалкам знішчалі не менш за тры разы. Апошнім часам расійская прапаганда выйшла на больш высокі ўзровень абстракцыі, сцвярджаючы, што Украіна (і, вядома, Захад, які яе падтрымлівае) з’яўляюцца «служкамі д’ябла» і ворагамі хрысціянства, якое абараняе нязломная Расія. Ёсць таксама, што нядзіўна, антысеміцкія тэмы. Але перш за ўсё расіяне кожны дзень чуюць у СМІ, што ва ўсім вінаваты Захад, які атакуе Расію рукамі Украіны. Таму мы павінны абараняцца, як абараняліся нашы дзяды ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Зразумела, што і гэты наратыў пра вайну, і аргумэнт «а Захад горшы і робіць горш» – гэта элементы больш шырокай праблемы, пра якую Аляксандар Салжаніцын напісаў: «Мы ведаем, што яны хлусяць, яны ведаюць, што яны хлусяць, яны ведаюць, што мы ведаем, што яны хлусяць, мы ведаем, што яны ведаюць, што мы ведаем, што яны хлусяць, але яны пацягваюць хлусіць і г. д. Менш вобразна можна гэта назваць традыцыяй «двоедумства»: атака гэта абарона, зло гэта дабро, злачынца гэта герой. Па сутнасці, справа зводзіцца да сітуацыі, калі Расія стварае праблему, а потым прадстаўляе сябе як адзіную панацэю ад гэтай праблемы – вінаваты, вядома, нехта іншы.Так, напрыклад, Расія забівае, нішчыць і гвалціць, але сцвярджае, што насамрэч яна «вызваляе» і «абараняе», а ва ўсім вінаваты Захад (сапсаваны, амаральны і агрэсіўны), таму Расія ў праве патрабаваць саступак.

І многія да гэтага часу ў гэта вераць.

Якуб Альхоўскі

Comments are closed.