Loading

У Варшаве адзначылі гадавіну прыняцця Канстытуцыі 3 траўня. Гэтая канстытуцыя была прынятая ў вельмі складаныя для Рэчы Паспалітай часы, паміж першым і другім яе падзеламі. Менавіта яна была адным з матывуючых фактараў для палякаў узнімаць паўстанні супраць падзелаў краіны і яе акупацыі ў наступныя гады. Аб самой Канстытуцыі і аб тым, якое дачыненне да яе стварэння маюць беларусы мы пагутарылі з гісторыкам, Цімафеем Акудовічам.

Крыніца: budzma.org

—  Спадар Цімафей, давайце высветлім спачатку, чым у той час былі сучасныя беларускія землі?

—  Нічога не мянялася з падпісання Люблінскай уніі. Рэч Паспалітая была саюзам дзвюх дзяржаваў – Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага. Мяняліся крыху ўнутраныя працэдуры, напрыклад важнае пытанне было ў розных сумесных арганізацыях, якія ствараліся ў Рэчы Паспалітай, дзяржаўных. Які адсотак павінен быў быць прадстаўнікоў ад ВКЛ – палова, як па Люблінскай уніі, ці толькі траціна, як па тэрыторыі. То бок былі там дыскусіі, але агульная сутнасць заставалася такая ж самая: Рэч Паспалітая – саюз дзвюх дзяржаваў.

— То бок мы можам казаць, што  Канстытуцыя 3 траўня — гэта нашае агульнае дасягненне, і беларусаў таксама?

— Так, гэта вельмі важная дата для палякаў, беларусаў, літоўцаў. Зрэшты, нават і для ўкраінцаў. Бо частка Украіны ўваходзіла тады ў склад Рэчы Паспалітай.

— Распавядзіце, калі ласка, што стала перадгісторыяй стварэння гэтай Канстытуцыі, як яна з’явілася?

— Там цэлы комплекс фактараў. Рэч Паспалітая ў той момант знаходзілася ў зацяжным крызісе, у тым ліку ў палітычным крызісе. І новае пакаленне, якое прыйшло ў палітыку якраз напрыканцы XVIII стагоддзя, атрымала ўнікальны шанец,  у 1788 годзе атрымалася распачаць Сойм у Варшаве, на які не распаўсюджвалася права Liberum Veto. Так атрымалася, што можна было прымаць рашэнні большасцю галасоў. Як раз на Сойм сабралася шмат такіх «рэвалюцыйна-рэфарматарскіх» людзей, моладзі ў першую чаргу. Ён чатыры гады цягнуўся, на ім была прынятая процьма рэформаў. Самых розных: вайсковых, гарадскіх, нацыянальных і так далей. І такой квінтэсэнцыяй гэтых рэформаў было прыняцце Канстытуцыі 3 траўня. То бок не рэформы, якая рэфармавала там нейкую асобную галіну ў жыцці людзей, а саму сутнасць дзяржавы. Рабіла яе манархіяй, манархіяй спадчыннай, уводзіла нармальны ўрад, раздзяляла сферы ўлады і так далей.

— Якія наступствы былі ў прыняцця Канстытуцыі 3 траўня? Яны былі станоўчыя ці наадварот?

— Мы, напэўна, можам казаць пра шмат станоўчых наступстваў і адно наступства адмоўнае. Канстытуцыю прынялі вельмі пазітыўна ў народзе. І цягам наступных двух гадоў пасля яе прыняцця, у адпаведнасці з Канстытуцыяў шмат чаго было рэфармавана: у войску, былі ўтвораныя цывільнапарадкавыя камісіі – гэта па сутнасці першыя такія бюракратычныя цэнтры на месцах. Была праведзеная кансісторыя праваслаўнай царквы, якая адрывала мясцовую праваслаўную царкву ад Масквы і перападпарадкоўвала яе тутэйшым уладам рэлігійным. Карацей вельмі шмат хутчэй пазітыўных рэформаў. Адзінае негатыўнае наступства заключалася у тым, што Кацярына II, расійская імператрыца, вельмі негатыўна ўспрыняла гэтую Канстытуцыю, яна палічыла, што гэта працяг французскага якабізма, які голавы адсякае манархам. І разам з прускім манархам яны вырашылі працягнуць падзелы Рэчы Паспалітай, каб яна больш не стварала праблем»

— На вашую думку, ці мусім мы, беларусы, больш казаць пра гэтую Канстытуцыю, бо, як мы высветлілі, гэта і нашае дасягненне таксама. І ці варта было б 3 траўня як і ў Польшчы зрабіць святочным днём?

— Распавядаць пра гэтую Канстытуцыю трэба. Казаць пастаянна, што гэта нашая Канстытуцыя, у тым ліку, што гэта вельмі важная для нас падзея таксама трэба, абавязкова. Наконт таго ці трэба яе рабіць святам, тут да абмеркавання. У годзе ўсяго 365 дзён, усе даты святамі не зробіш. Таму, я, асабіста, больш прыхільнік папулярызацыі Статутаў ВКЛ і святкавання чагосьці звязанага са Статутамі, бо гэта выключна наша гісторыя, наша з літоўцамі. Больш арганічная. Вось Статуты ВКЛ рэальна паўплывалі на жыццё нашых продкаў, уплывалі шмат стагоддзяў і ўплывалі,  дарэчы, на суседнія краіны ў заканадаўстве. Такая больш сур’ёзная нашая гісторыя.

Поўную версію размовы слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.