Loading

Прэзідэнтка Малдовы Мая Санду ў панядзелак агучыла інфармацыю, перададзеную ёй украінскім бокам, пра тое, што Крэмль планаваў дэстабілізаваць сітуацыю ў Малдове праз сілавыя дзеянні, у якіх мусілі ўзяць удзел грамадзяне не толькі Расіі, але і Беларусі, Сербіі і Чарнагорыі – людзі, якія маюць вайсковую падрыхтоўку, але пераапранутыя ў цывільнае, павінны былі здзейсніць дыверсіі – напады на дзяржаўныя ўстановы, захоп закладнікаў. Паводле словаў Санду, перададзеныя Кіевам матэрыялы ўтрымліваюць падрабязную дакументацыю лагістыкі для арганізацыі гэтых дыверсійных дзеянняў. Спадарыня прэзідэнтка заявіла, што мэтай гэтых дыверсіяў павінна было стаць зрынанне канстытуцыйнай і легітымнай улады і замена яе на прарасійскую, якая б спыніла еўрапейскую інтэграцыю Малдовы і дапамагала б Расіі выкарыстаць Малдову ў вайне супраць Украіны. Мы паразмаўлялі пра рэакцыю ў Малдове на такія звесткі, а таксама пра агульную сітуацыю ў гэтай усходнееўрапейскай краіне з палітычным аналітыкам, былым прадстаўніком Рэспублікі Малдова пры Еўрасаюзе і ААН Аляксеем Тулбурэ.

Найбольш імаверна, гэтая інфармацыя з таго дакумента, пра які казаў прэзідэнт Украіны Зяленскі некалькі дзён таму, перахоплены ўкраінскай выведкай і перададзены нашым спецслужбам. Гэта не першыя спробы дэстабілізаваць сітуацыю ў Малдове. Увосень у нас былі шматтысячныя пратэсты, арганізаваныя прарасійскай партыяй «Шор». Гэтая партыя была абвешчана самім Крамлём галоўным партнёрам Масквы ў Малдове.

Да гэтых пагрозаў, якія сыходзяць ад Расійскай Федэрацыі, трэба дужа сур’ёзна ставіцца. Яшчэ, магчыма, год-два таму я з некаторай іроніяй пра гэта казаў бы. А сёння, пасля таго, як мы бачылі, што расійскія войскі ўварваліся ва Украіну, мы не можам ігнараваць вось гэтыя рэчы. Тым больш, што перыядычна розныя прадстаўнікі расійскай улады – у прыватнасці, міністр замежных справаў Сяргей Лаўроў, раней прадстаўнікі вайсковага кіраўніцтва, сам Пуцін, больш часта прэс-сакратарка МЗС РФ Марыя Захарава, выступаюць з рознымі ацэнкамі сітуацыі ў Малдове. І ў гэтых выступах вельмі дакладна прасочваюцца і пагрозы, і папярэджанні.

Гэта словы. Але былі і дзеянні. Напрыклад, з леташняй восені Малдова зазнавала энергетычны шантаж. «Газпрам» скараціў удвая пастаўкі газу Малдове і пагражаў увесь час адключэннем газу. Гэта паставіла нас у вельмі цяжкую сітуацыю, паколькі мы цалкам залежалі ад паставак газу з Расіі. Урад здолеў адшукаць альтэрнатыўныя крыніцы электрычнасці і газу, і мы ўвогуле збольшага нармальна перазімавалі. Але гэта была рэальная пагроза бяспецы Рэспублікі Малдова.

Ну і варта дадаць, што праз тэрыторыю Рэспублікі Малдова праляталі расійскія ракеты. Яны атакавалі ўкраінскія гарады на захадзе, але парушалі паветраную прастору Малдовы. То бок, мы знаходзімся ў прыфрантавой зоне і Малдова ў нейкім сэнсе ідэальная мэта для Расійскай Федэрацыі. Бо ў нас слабое войска, мы ўвогуле не вельмі багатая краіна і мы не чалец НАТА. У дачыненні Малдовы нешта такое магло здарыцца, што Расія магла абвясціць як поспех. Бо ва Украіне (у Расіі) увогуле не вельмі добра ўсё ідзе, а вось у Малдове яны маглі зладзіць дзяржаўны пераварот, змясціць праеўрапейскі ўрад, усталяваць свой прарасійскі і гэтак далей. Гэта магло быць прадстаўлена як вялікі поспех такі гібрыдны.

Апазіцыя прарасійская ўжо выступіла, заявіла пра тое, што Мая Санду выкарыстоўвае сітуацыю для таго, каб увесці рэжым надзвычайнай сітуацыі для спецслужбаў, даць дапаўняльныя паўнамоцтвы Службе бяспекі і інфармацыі Малдовы, пракуратуры і гэтак далей для таго, каб расправіцца з апазіцыяй. Гэтыя заявы ўжо прагучалі, але трэба разумець, што гэта выступілі партыі – гэта партыя сацыялістаў, тая ж партыя «Шор», партыя камуністаў. Партыі, якія слова ад пачатку вайны не сказалі пра тое, якое іхняе стаўленне да таго, што адбываецца ва Украіне. Мы расцэньваем маўчанне з нагоды вайны, развязанай Расійскай Федэрацыяй, як маўклівую падтрымку дзеянняў Крамля.

Астатняе насельніцтва, астатняя частка палітычнага класа вельмі сур’ёзна ставіцца да гэтых рэчаў, паколькі мы не верылі, што Расія нападзе на Украіну, а яна напала. Мы не верылі, што мы ўвогуле будзем сведкамі гэтых падзеяў, якія мы сёння назіраем. Так – Малдова ў адноснай бяспецы, таму што ўкраінскае войска і Украіна ў цэлым гераічна супраціўляецца агрэсіі, але ўсялякія дзеянні дыверсійнага характару магчымыя. Таму захады, якія прадпрымае кіраўніцтва Малдовы, яны апраўданыя.

Таксама са спадаром Аляксеем Тулбурэ мы абмеркавалі еўрапейскую інтэграцыю Малдовы і рэакцыю на пралёты расійскіх ракет праз яе тэрыторыю.

Цалкам размову з палітычным аналітыкам Аляксеем Тулбурэ слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.