Loading

З 18 па 20 лістапада ў канадскім Галіфаксе адбыўся міжнародны форум па бяспецы. Яго ўдзельнікамі сталі кіраўнікі і лідары розных краін свету. Беларусь на форуме прадстаўляла дэлегацыя дэмакратычных сіл. Прыехала ў Канаду і Святлана Ціханоўская.

Фармат форуму прадугледжвае асабістыя сустрэчы і кансультацыі. Так у Святланы Ціханоўскай адбылася сустрэча з былым прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. У сеціве імгненна на гэтую падзею адрэагавалі крытычна альбо здзіўлена. У эфіры радыё Ўнэт сустрэчу пракаментаваў украінскі эксперт, палітолаг Уладзімір Воля.

Тое, што Пятро Парашэнка стаў удзельнікам гэтага форму, рэч не дзіўная. Пажадаў паехаць і паехаў. Афіцыйна яго не ўпаўнаважвалі, але яму тое і не трэба, бо ён былы прэзідэнт. Кіруючую ўладу на форуме прадстаўлялі ў анлайн-фармаце прэзідэнт Зяленскі і кіраўнік Офісу прэзідэнта Андрэй Ярмак.

У тым, што адбылася сустрэча Парашэнкі з Ціханоўскай ці Ціханоўскай з Парашэнкам, на самой справе няма нічога дрэннага, што б там ні казалі пра негатыўныя  іміджавыя наступствы. Людзі, якія так мяркуюць, падобна сыходзяць з унутраных палітычных рэалій Украіны. А менавіта тых супярэчнасцей паміж дзеючым і былым прэзідэнтамі Украіны, інфармацыя пра якія час ад час з’яўляецца ў публічнай прасторы.

Але Ціханоўская мае права сустракацца з усімі прадстаўнікамі грамадскіх рухаў, экспертамі і палітыкамі, незалежна ад таго, якія ў тых узаемаадносіны з дзеючай  уладай. Магчыма,ініцыятарам гэтай сустрэчы быў Парашэнка. Што ў такім выпадку павінна была зрабіць Ціханоўская, адмовіцца? Дакладна не. 

Калі разважаць аб абмене меркаванняў паміж удзельнікамі, то мы бачым, як адбываецца больш пашыранае і глыбокае ўцягванне ўкраінскіх палітыкаў у стасункі з беларускай апазіцыяй. І гэта цалкам нармальны працэс.

Абмен думкамі гэта не падпісанне саюзніцкіх дамоў ці іншых дакументаў.  І я не думаю, як лічаць некаторыя, што гэта сустрэча можа прывесці да негатыўнага стаўлення да Ціханоўскай з боку Офіса прэзідэнта Украіны. Яно ўвогуле не залежыць ад таго, з кім Ціханоўскай сустракаецца.

Я мяркую, што пазіцыя Офіса, то бок дзеючай улады, у большай ступені залежыць ад бачання агульнай стратэгічнай сітуацыі ў кантэксце вайны. З аднаго боку яны імкнуцца не паставіць канчатковую кропку ў стасунках з Лукашэнкам і яго атачэннем, каб канчаткова не выштурхнуць іх у абдымкі да Пуціна. Імкнуцца пакінуць Лукашэнку, няхай і маленькі, але ж варыянт, каб не ўступіць у гэтую вайну поўнамасштабна.  

З другога боку мы бачым, што Лукашэнка і так зайшоў ужо занадта далёка. Беларуская тэрыторыя прадстаўляецца для нанясення ўдараў па тэрыторыі Украіны. Таму я думаю, зараз кіраўніцтва Украіны балансуе паміж гэтымі нюансамі.

Я лічу, што Ціханоўская робіць правільныя крокі і правільныя рэчы кажа на сустрэчах з прадстаўнікамі заходніх палітычных і адміністратыўных эліт, калі заклікае больш дэталёва абмяркоўваць удзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны.

На мой погляд, ужо даўно трэба было ўкраінскаму боку акцэнтаваць на гэтым увагу  і выносіць на абмеркаванне ўдзел Беларусі асобным пытаннем на Раду бяспекі ААН і на іншыя міжнародныя пляцоўкі, у тым ліку, Генасамблею ААН.  

Таму я лічу, што Ціханоўская ўсё правільна робіць, калі намагаецца пашырыць кола асоб, якія будуць выступаць за фармаванне больш жорсткай пазіцыі адносна рэжыму Лукашэнкі, як за пераслед апазіцыі, так і за ўдзел у вайне супраць Украіны. Наколькі я разумею, удзел Лукашэнкі ў вайне апошнім часам стаў галоўнай тэмай, якую агучвае Ціханоўская.

 Што тычыцца  магчымай сустрэчы Ціханоўскай і Зяленскага, то раней з украінскага боку былі апасенніі, што Лукашэнка ўспрыме гэта, як прызнанне альтэрнатыўнага ўрада Беларусі. Але што з таго Украіне? Фармаванне сумеснай вайсковай беларуска-расійскай групоўкі працягваецца. Паглядзім, што будзе адбывацца ў бліжэйшыя некалькі месяцаў. Чаму менавіта ў гэты тэрмін? Таму, што напрыканцы верасня, калі Лукашэнка абвесціў аб стварэнні сумеснай групоўкі, кіраўніка КДБ Беларусі  Церцеля запыталі, калі ж адбудзецца вырашальны момант у вайне? Тады ён адказаў, што гэта адбудзецца ў бліжэйшыя два-тры месяцы. Тут цяжка меркаваць, чаму ён так адказаў. Было гэта яго асабістае бачанне, ці ён выдаў планы, якія абмяркоўваюцца. Але я думаю, гэта будуць апошнія месяцы, калі ўкраінскае кіраўніцтва ўстрымліваецца ад сустрэчы з Ціханоўскай на вышэйшым узроўні.

Прадстаўнікі Офіса прэзідэнта Украіны ўжо з ёй сустракаліся. І гэта важна. Трэба сыходзіць з таго, што Святлана Ціханоўская з’яўляецца лідарам беларускай апазіцыі. І з таго, што іншыя прадстаўнікі беларускай апазіцыі ваююць у шэрагах украінскай арміі.

Таму я лічу, што ў бліжэйшыя тыдні ўкраінскаму кіраўніцтву трэба адкінуць усе тыя перашкоды, што замінаюць сустрэчы з Ціханоўскай на вышэйшым узроўні. А экспертнай супольнасці Украіны варта больш актыўна абмяркоўваць і пашыраць  абмеркаванне матэрыяльнай кампенсацыі з боку Беларусі за ўдзел у вайне. Як на ўзроўні розных міжнародных інстытуцый, так і на ўзроўні ААН, каб правесці на Радзе бяспекі абмеркаванні па выплатах за шкоду, нанесеную Украіне саўдзелам у вайне.  

Гэта павінна стаць інструментам і сігналам беларускай супольнасці і самому рэжыму Лукашэнкі, што беларусы павінны кампенсаваць тыя страты, што нясе Украіна праз авантуры Лукашэнкі.

Трэба дакладна сфармуляваць, што Беларусь павінны будзе кампенсаваць шкоду і выставіць Лукашэнку цану за гэтую вайну. Каб гэты дакумент, рэзалюцыя ўжо не былі тэарэтычнымі, а рэальнымі рэчамі. Тады ў Лукашэнкі і яго атачэння будзе выбар – ці аплочваць рахункі, ці як мага хутчэй выйсці з вайны.  

Тое, што прадстаўнікі беларускай апазіцыі не адмаўляюцца ад неабходнасці выплаты рэпарацый Украіне і гатовы гэта пытанне абмяркоўваць, сведчыць,  што цана для Беларусі за ўдзел у гэтай вайне будзе залежыць ад таго, хто на момант яе абмеркавання будзе прадстаўляць уладу краіны.

Калі гэта будзе Лукашэнка, які па заканчэнні вайны застанецца пры ўладзе, то з яго будуць пытаць як з удзельніка, адказнага за прынятыя рашэнні. Калі перамовы будуць весціся з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазіцыі, якія будуць на той момант кіраваць у краіне, то ўмовы рэпарацый, пэўна будуць больш мяккімі. Кампенсацыі могуць быць, напрыклад, аплочвацца сямʼёй Лукашэнкі ці яго  хаўруснікамі, каб не абцяжарваць народ.

Любая вайна завяршаецца падпісанне розных дамоваў, у тым ліку і тых, што рэгулююць выплаты рэпарацыяў. І беларускаму народу зараз важна разумець, што прыход апазіцыі да ўлады забяспечыць для Беларусі больш мяккі падыход да аплаты рэпарацыяў за ўдзел у гэтай вайне.

 

Comments are closed.