Прызнанне Лукашэнкі пра ўдзел Беларусі ў вайне на фоне падрыхтоўкі да магчымай мабілізацыі ў Беларусі, прагучала неадназначна. Украінскі палітолаг, старшыня інфармацыйна-аналітычнага цэнтра «Трэці сектар» Андрэй Залатароў у эфіры «Світанка свабоды» пракаментаваў магчымае нападзенне Беларусі на Украіну, настроі палітычных эліт на Захадзе і твіт Ілана Маска.
Ва Украіне ўсе добра памятаюць: калі толькі пачала ўздымацца тэма магчымага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну з тэрыторыі Беларусі, то Лукашэнка на гэта адказваў, што такое магчыма «толькі на трактары». Тым не менш, з тэрыторыі Беларусі ў лютым заходзілі дэсантна-штурмавыя часці Расіі. Менавіта яны адказныя за разню ў Бучы. З беларускіх Мачулішчаў выляталі самалёты, якія бамбілі ўкраінскія гарады. Гэтага Лукашэнку ніхто не забудзе і не даруе.
«Справа ў тым, што пасля сумна вядомых выбараў 2020 года Лукашэнка цалкам «лёг» пад Пуціна. Ён думаў, што прадаў душу д’яблу, на самой справе – падараваў».
І выйсце ў Лукашэнкі зараз няма. Перыяд яго палітыкі «ласкавае цяля дзве мамкі сасе» скончыўся. Час, калі ён мог балансаваць паміж Захадам і Расіяй, гуляючы на супярэчнасцях, мінуў. Ён застаецца адзіным сатэлітам Расіі сярод дзяржаў АДКБ, які цалкам будзе рабіць тое, што загадаюць у Крамлі.
Вядома, што будуць спробы супраціўляцца, саскочыць, але яго дужа моцна Крэмль трымае за «прычыннае месца». Так, што цалкам верагодна правядзенне частковай мабілізацыі ў Беларусі і ўдзел беларускай арміі ў вайне. Зараз цяжка сказаць, што менавіта гэта будзе – прарыў ці манеўр, каб адцягнуць увагу, але факт у тым, што Лукашэнка цалкам з’яўляецца саюзнікам і саўдзельнікам Пуціна.
У той жа час Лукашэнка добра ўсведамляе, што ва Узброеных сіл Беларусі няма баявога досведу. Па-другое, апроч некаторых відаў узбраення кшталту сістэмы «Паланэз», узбраенне беларускай арміі не адпавядае патрабаванням сучаснай вайны. Да таго ж, у Беларусі, у адрозненне ад Расіі, не вялася сістэмная антыўкраінская прапаганда. Інфармацыйная вайна пачынаецца са стварэння вобраза ворага і падзелу на «мы» і «яны». У Беларусі гэтага не было і стаўленне да Украіны тут іншае.
Бегчы наперадзе Пуціна Лукашэнка не будзе, але ён цалкам залежыць ад Расіі. Гэта значыць, уварванне, нанясенне авіяцыйных удараў з тэрыторыі Беларусі па Украіне вельмі верагодныя. Гэта робіць Беларусь легітымнай мэтай для УСУ. Пакуль Генштаб Украіны па беларускім пытанні выказвае стрыманую пазіцыю, відавочна, не жадаючы атрымаць праблемы на тысячах кіламетрах мяжы. Але ў лістападзе – снежні сітуацыя можа змяніцца.
Беларусы і Лукашэнка будуць працягваць адчуваць наступствы праз эканамічныя праблемы. Але гэта не галоўнае. Калі Беларусь будзе канчаткова ўцягнута ў вайну, труны і пахаванні стануць для грамадства шокам. Таксама пад удар хутчэй за ўсе патрапіць Мазырскі НПЗ.
Па меркаванні эксперта, Лукашэнка ўсведамляе, што ў выпадку перамогі Расіі над Украінай, ён будзе наступным. Яго панізяць «са старшыні калгаса да галоўнага агранома» і адправяць на пенсію куды-небудзь у Абхазію. А ў Беларусь прызначаць новага гаўляйтара, больш пакладзістага.
Далей у размове:
- Захад з аднаго боку дапамагае Украіне грашыма, зброяй, а з іншага – час ад часу гучаць прапановы дамовіцца з Пуціным, каб не злаваць яго яшчэ больш. Большасць еўрапейскіх краін аказалася не гатовая да вайны, а перспектыва ядзернага ўдару нікому не падабаецца. Таму Захад будзе падштурхоўваць Украіну да перамоў.
- Калі Пуцін даб’ецца свайго ва Украіне, то наступнымі могуць стаць краіны Балтыі і Польшча. Тое, што прапануе Захад, прывядзе да часовага перамір’я і не спыніць канфлікт. Толькі поўная перамога над Расія паставіць кропку ў гэтым супрацьстаянні.
- Пакуль аб’ём заходняй дапамогі накіраваны на стрымліванне Расіі, а не на гарантаванне перамогі Украіны.
- Украіна крытычна залежыць ад Захада, паколькі маштабы вайны вялікія, а краіна страціла 50% сваёй эканомікі.
- Ілан Маск: яго пазіцыя для ўкраінцаў непрымальная, але не трэба рабіць з гэтага трагедыю. Starlink нашмат важней для ваяроў, бо забяспечвае сувязь там, дзе іншай няма.
Comments are closed.