Loading

Раніцай 21 верасня Уладзімір Пуцін абвясціў частковую мабілізацыю, пад якую патрапяць да 300 тысяч расіян з тых, хто знаходзіцца ў запасе і раней служыў у войску. Наш карэспандэнт Раман Ждановіч паразмаўляў з доктарам сацыялагічных навук, палітолагам Аляксандрам Папко і расійскай журналісткай Аляксандрай Шапалінай пра магчымыя перадумовы і наступствы гэтага кроку Крамля.

Р. Ж.: Наколькі нечаканым было рашэнне Пуціна абвясціць мабілізацыю?

А. Ш.: Яно было даволі прадказальным, бо апошнія некалькі тыдняў усе пра гэта гаварылі. Калі Зюганаў і розныя дэпутаты Дзярждумы пачынаюць разважаць аб мабілізацыі, відавочна, што рашэнне рыхтуецца, і да яго рыхтуюць расійскую публіку.

А. П.: Пра мабілізацыю вайсковыя эксперты казалі яшчэ ў траўні-чэрвені, калі стала зразумела, што расійская армія не можа прасунуцца далей ва Украіне. Тады гэта падавалася рэалістычным сцэнаром, а тое, што казаў Зюганаў на мінулым тыдні, я хутчэй успрыняў як нейкі прапагандысцкі крок, спробу прыкрыць адсутнасць поспехаў.

А. Ш.: Заўжды, калі хочуць прыняць нейкае непапулярнае рашэнне, як мабілізацыю, спачатку спрабуюць ваду: выпускаюць адыёзнага палітычнага дзеяча, які ніколі не рабіў ніякіх сур’ёзных рэчаў, ён прамаўляе ўслых, і глядзяць на рэакцыю. Рэакцыі ў расійскім грамадстве не было, ніякай панікі, ніхто не рыхтаваўся апошні тыдзень. Улады маглі вырашыць, што мабілізацыя — не такі ўжо і непапулярны крок.

Аляксандра Шапаліна. Фота: Радыё Ўнэт.

Р. Ж.: Калі рэакцыі ў грамадстве не было, чаму не абвясціць поўнамаштбаную мабілізацыю?

А. П.: Мінулы раз поўная мабілізацыя праводзілася ў 1941, перад гэтым у 1914. Тады адразу станавіліся ў строй 3-4 млн чалавек, якіх трэба апрануць, накарміць, выдаць зброю… Гэта фізічна немагчыма. Праблемы з лагістыкай і забеспячэннем у расейскага войска былі заўжды, нічога не змянілася. Узровень карупцыі надзвычай высокі. Мы нават не маглі сабе ўявіць, што пасля рэформаў расійская армія засталася на ўзроўні Першай і Другой чачэнскіх войнаў.

А. П.: Уявіце сабе людзей, якія сядзяць пры ўладзе 20 гадоў, якія сабралі багацці, што не снілі арабскія шэйхі. У іх вельмі скажоная карціна света, у іх складваецца ўражанне, што яны могуць заклінаць рэчаіснасць, знаходзяцца на ўзроўні багоў. Гэта поўная дэградацыя логікі светаўспрымання, гэта не рацыянальныя людзі, яны не ўлічваюць рэальнасці. Пуцін ды іншыя дыктатары напрыканцы свайго кіравання пачынаюць усё болей аддаляцца ад рэчаіснасці, яны жывуць ва ўласным свеце і прымаюць рашэнні сыходзячы з іншай гравітацыі, што існуе ў іх уласнай чэрапной каробцы. Такім чынам, гэтае вырашэнне можа паходзіць з уяўнага свету Уладзіміра Пуціна і ягонага атачэння.

Аляксандр Папко. Фота: Радыё Ўнэт.

Р. Ж.: А чаму Крэмль дагэтуль не называе вайну вайной?

А. П.: Можа быць як ідэалагічны складнік, так і чыста юрыдычны — калі вайна, то трэба абвяшчаць ваеннае становішча. Жыццё краіны будзе паралізавана. Пераводзіць вайну з тэлебачання ў рэальнае жыццё людзей Пуцін не хоча.

А. Ш.: Да таго ж восем год рыторыкі «колькі той Украіны, за дзве гадзіны возьмем Кіеў» — і тут ён абвяшчае вайну, у якой не здолее перамагчы, а ён, напэўна, і сам ужо гэта разумее. Пуцін стане ворагам для свайго ж атачэння.

Р. Ж.: Краіны Балтыі і Польшча вырашылі не пускаць расіян з турыстычнымі візамі. Гэта абарона сваёй тэрыторыі ці перашкода для выезду тых, хто не хоча ваяваць?

А. Ш.: Паводле апошніх дадзеных ВЦИОМ, замежныя пашпарты ёсць толькі ў 29% расіян, то бок 71% не можа паехаць нікуды, акрамя Беларусі і Арменіі. Шэнгенскія візы якога заўгодна тыпу маюць каля 1 млн чалавек, гэта менш за 1% насельніцтва. Пад мабілізацыю падпадуць не тыя людзі, якія маюць пытанне ці паехаць у Еўропу.

Р. Ж.: Сёння ў большасці расійскіх гарадоў прайшлі пратэсты, але масавымі іх назваць нельга. Чаму людзі не выходзяць?

А. Ш.: Гэта страшна.

Фота: Радыё Ўнэт.

Р. Ж.: А тое, што на вайну забяруць бацьку, брата, мужа, і ты яго больш ніколі не ўбачыш — не страшна?

А. Ш.: Як можна выбраць паміж двума страхамі? Вайна — нешта эфемернае, ты не надта ўяўляеш, што гэта такое, ты бачыў гэта ў навінах. Ты не адчуваў гэтага, а страх перад сваёй дзяржавай ты адчуваў сваёй скурай 22 гады, ты дакладна ведаеш, што ты не можаш выйсці на вуліцу.

Р. Ж.: Ці варта беларусам баяцца, што мінскі рэжым можа пайсці на падобныя крокі, каб падтрымаць саюзніка?

А. П.: Па існуючых дамовах Беларусь павінна дапамагаць Расіі ў выпадку вайны ўсімі магчымымі сродкамі, у тым ліку і войскам. Але на прыкладзе АДКБ мы бачым, што гэтыя дамовы не спрацоўваюць. Мы бачым, як у неправавых дзяржавах прынцып «часам не да законаў» разбурае проста ўсе сістэмы дамоваў, якія існуюць. Няма ні бяспекі, ні прадказальнасці, таму кожны сам за сябе.

Comments are closed.