Loading

У знак пратэсту супраць катаванняў палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк адмаўляецца ад беларускага грамадзянства. Яе этапавалі з калоніі №24 для праходжання судова-псіхіятрычнай экспэртызы. Адпаведны допіс у Фэйсбуку пакінуў муж Паліны Андрэй Шарэнда.

Па яго словах, некалькі дзён таму да маці Паліны чарговы раз вярнулася медычная бандэроль, з неабходнымі для Паліны медычнымі прэпаратамі. Паліна ўжо больш за год не праймала патрэбныя для функцыянавання пячонкі медыкаменты. Стала вядома, што яе этапавалі з калоніі №24 (Зарэчча) для праходжання судова-псіхіятрычнай экспэртызы. Месцазнаходжанне Паліны зараз невядомае.

Андрэй піша: “На Паліну працягваецца каласальны фізічны ціск. Паліну фактычна ўвесь час трымаюць у штрафным ізалятары. Толькі за апошнія 5 месяцаў яна правяла ў жудасных умовах ШІЗА 120 дзён, а агулам за няпоўны год знаходжання ў калоніі №24 больш як 200 дзён. І гэта без уліку месяцаў праведзеных у ПКТ, дзе ўмовы не значна лепшыя за штрафны ізалятар. Паліну марудна, але мэтанакіравана забіваюць. Арганізм Паліны настолькі знясілены, што ёй ужо цяжка хадзіць. Праз адсутнасць сонечнага святла зрок у Паліны моцна сапсаваўся.

Паліна разумее, што з яе выцягваюць жыццё, і спрабуе супраціўляцца. Трэба ўлічваць, што Паліна жанчына, а жанчыне значна цяжэй нявечыць свае цела, як гэта звычайна робяць зняволеныя даведзеныя да мяжы ў знак пратэсту. Але пакідаць бясконцыя здзекі без адказу яна не можа.

Паліна адмаўляецца ад беларускага грамадзянства, і падала афіцыйны зварот на гэта. Паліна адмаўляецца ад беларускага пашпарту, са сталінскім гербам на вокладцы. Яна больш не хоча мець нічога агульнага з акупацыйным рэжымам, што ўсталяваўся на Беларусі. Рэжымам, які знішчае незалежнасць Беларусі. Рэжымам, які ўдзельнічае ў акупацыйнай вайне. Рэжымам, які забівае яе і іншых палітвязняў у турмах. З моманту адмовы ад грамадзянства. Паліна перастае ўважаць сабе падуладнай усялякім законам акупацыйнай улады, і адмаўляецца выконваць усе патрабаванні. Таксама Паліна цалкам адмаўляецца падпарадкоўвацца адміністрацыі калоніі, суду і іншым сілавым структурам. Паліна падкрэслівае, што застаецца беларускай і патрыёткай сваёй Радзімы – Беларусі, і будзе да канца жыцця змагацца за яе свабоду. Паліна просіць міжнародныя гуманітарныя і праваабарончыя арганізацыі сачыць за яе лёсам, і зрабіць усё магчымае для вызвалення яе і ўсіх палітзняволеных”.

Крыніца: facebook.com/Andrei.Sharenda

Comments are closed.