«Пакуль не бачу адэкватных дзеянняў з боку Захада» – Вячаслаў Сіўчык аб перамяшчэнні расійскай ядзернай зброі ў Беларусь
227 total views
Міністры абароны Беларусі і Расіі падпісалі дакументы, якія вызначаюць парадак утрымання расійскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў спецыяльным сховішчы на тэрыторыі Беларусі. Для гэтага ў Мінск прылятаў кіраўнік расійскага абароннага ведамства Сяргей Шайгу. Ён запэўніў: кантроль над тактычным ядзерным узбраеннем застанецца ў руках расіян, як і рашэнне аб яго прымяненні. А Лукашэнка, які ў гэты час знаходзіўся ў Маскве, ледзь не сцвярджаў, што ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі ўжо вязуць.
У Еўрасаюзе заявілі, што абвяшчэнне Расіі і Беларусі аб размяшчэнні ў Беларусі нестратэгічнай ядзернай зброі «не спрыяе дээскалацыі». ЗША не бачаць прычын для карэктавання сваёй стратэгічнай ядзернай пазыцыі або якіх-небудзь прыкмет, што Расія рыхтуецца прымяніць ядзерную зброю.
Размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі радыё Ўнэт пракаментаваў лідар Руху Салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык. Па яго словах гэта з’яўляецца парушэннем дасягнутых пасля развалу СССР дамоўленасцей і краіны Захаду фактычна маюць перад Беларуссю абавязацельствы, але іх не выконваюць.
Вячаслаў Сіўчык
«Хацеў бы нагадаць, што Будапешцкі мемарандум тычыўся трох краінаў. Асобна Расія, якая з’яўляецца агрэсарам сёння, Велікабрытанія і Злучаныя Штаты Амерыкі давалі гарантыі Беларусі, асобна давалі гарантыі Украіне і асобна давалі гарантыі Казахстану за тое, што выводзілася ядзерная зброя ў Расію. На вялікі жаль, гэты дакумент быў растаптаны ў Беларусі яшчэ ў тым стагоддзі. Пасля анексіі Крыма і пачатку вайны на Данбасе, працягвалася дэградацыя ўсіх міжнародных пагадненняў».
Па меркаванні спадара Вячаслава, беларусам не варта чакаць актыўнай дапамогі ад іншых краінаў, а пачаць актыўныя дзеянні самастойна.
«Беларусам трэба разлічваць на свае сілы. Разумець, што ёсць такая ідэалогія незалежніцтва і Беларусь мусіць быць перадусім. Бо наперадзе вельмі цяжкія і, можа быць, страшныя падзеі».
Comments are closed.