185 total views
Беларуская перакладчыца, даследчыца, пісьменніца і паэтка Ганна Янкута выдала канцэптуальны зборнік вершаў «Канстытуцыя».
На яго старонках Ганна метафарычна разважае пра закон і адносіны чалавека з ім ды са светам увогуле. Пісьменніца распавяла нам пра гісторыю стварэння выдання, пісьменніцкія рытуалы і сваю літаратурна-навуковую працу:

«Зборнік вершаў «Канстытуцыя» быў напісаны ў Польшчы. Я пачала пісаць яго ў жніўні мінулага году — тады я вельмі зацікавілася тэмай канцэлярыту. Я трапіла на некалькі беларускіх імпрэз, дзе людзі расказвалі пра свой досвед у 2020 годзе, і тады заўважыла, што асобы, якія не працуюць са словам, з мовай, успрымаюць канцэлярскі, бюракратычны стыль як высокі. Мяне гэта зачапіла, я пачала разбірацца. Так з’явілася ідэя перапісаць які-небудзь афіцыйны дакумент паэтычный мовай.
Спачатку я ставілася да гэтага як да жарта, потым ідэя захапіла, і так я пачала перапісваць канстытуцыю. Спынілася на першых двух раздзелах — «Асновы канстытуцыйнага ладу» і «Асоба, Грамадства, Дзяржава». Яны самыя цікавыя, бо падымаюць вельмі шырокае кола пытанняў, ад раздзялення ўлады да працы і падаткаў. Мне было цікава паглядзець, ці можна ўвогуле пра такія тэмы гаварыць мовай паэзіі.
Насамрэч гэта было вельмі падобна на пераклад: я прыдумляла мову, на якую я буду перакладаць канстытуцыю, пазычала яе ў розных навук, шукала розныя метафары да падаткаў, працы, права на адукацыю ў біялогіі, фізіцы, астраноміі, геалогіі, сапраўды спрабавала спалучыць гэтыя дзве мовы. Напэўна, на іх сутыку атрымалася штосьці трэцяе. У гэтай кнігі ёсць блізнятка пад назвай «Геалогія», дзе прадстаўлены тыя ж самыя вершы, але называюцца яны не «артыкуламі», а «выкапнямі». Гэта своеасаблівая гульня з самацэнзурай і спроба выкарыстаць яе ў якасці мастацкага сродку.
Спачатку кніжка выйшла ў Мінску, але мне хацелася выдаць яе і ў Польшчы, менавіта ў поўным выглядзе, бо ў польскім варыянце нават вокладка выдання нагадвае беларускую Канстытуцыю: на барвовым фоне, тыповым для выдання дакументаў. Праўда, замест герба намаляваны аманіт. Я вельмі ўдзячная фундацыі Kamunikat за тое, што яны дапамаглі мне ўвасобіць гэтае маё ўяўленне і зараз дапамагаюць з распаўсюдам кнігі, якую можна набыць на іх сайце ці ў сядзібе фундацыі ў Беластоку. У Варшаве кніга прадаецца ў Беларускім моладзевым хабе.

Ідэя кнігі прыйшла да мяне ў Варшаве, але большая частка тэкстаў напісана ў Гданьску. Мне вельмі дапамагла стыпендыя для беларусаў ў Гданьску, на якую я паспяхова падалася з гэтым праектам і на працягу месяца дашліфоўвала яго канцэпцыю, прыдумляла нейкія асноўныя лініі, гераіню гэтай кнігі.
На стыпендыі я мела свабодны час і магла дазволіць сабе пісьменніцкія рытуалы. Мне, напрыклад, дапамагаюць доўгія шпацыры. Я звычайна ўважліва чытала артыкул, думала пра яго, і проста потым ішла шпацыраваць гданьскімі вуліцамі. Уесь час думала пра гэты артыкул, круціла ў галаве яго ідэю. Так нечакана з’яўляліся думкі, метафары. Таксама вельмі добра думалася ў музеях, таму я хадзіла ва ўсе, да якіх магла дабрацца. У музеях я таксама знаходзіла вялікую колькасць гэтых вобразаў: напрыклад, для артыкула 55 «Ахова асяроддзя — абавязак кожнага» вобраз пазычаны з гданьскага музею бурштыну. Зараз жа рытуал у мяне застаўся адзін — калі ў мяне ёсць вольная хвілінка, я сядаю і пішу, бо ведаю, што наступны раз можа быць ужо няхутка.

Чым больш пішаш, тым хутчэй і лепш гэта пачынае атрымлівацца, неяк досвед усё-ткі набіраецца. Але мне, нягледзячы на гэта, пісанне даецца вельмі цяжка, палёгка пакуль нязначная, так што трэба пісаць яшчэ больш. Для мяне самае прыемнае пачынаецца яшчэ да пісання, менавіта калі прыходзіц ідэя. Потым пачынаецца жудаснае змаганне з сабой і з тэкстам — часам ён нават перамагае — прыходзіцца прымушаць сябе, дысцыплінаваць. Пазней, ужо калі ёсць нейкі чарнавік, я вельмі люблю яго крэсліць, рэзаць, перастаўляць месцамі сказы — інакш кажучы, прычэсваць тэкст. Гэта для мяне таксама вялікая асалода.
Тэма маёй дысертацыі тычыцца літаратуры і фемінізму — таго, як другая хваля фемінізму змяняла жанры. Ад пачатку ў літаратуры прысутнічалі пераважна мужчыны, якія распрацавалі нейкія жанры, а пасля прыйшлі жанчыны, узялі гэтыя жанры і нейкім чынам адаптавалі пад сябе. Я вывучала гэтую адаптацыю на прыкладзе Маргарэт Этвуд, але ёсць у маёй дысертацыі і раздзел, прысвечаны беларускай жаночай літаратуры.
Дарэчы, беларуская мова вельмі ўдзячная да фемінітываў, у ёй яны гучаць натуральна, таму я не бачу ніякіх праблем у іх ужыванні.
Зараз мяне найбольш цікавіць жанр эсэ. У апошнія месяцы я напісала два эсэ, адно з іх называецца «Мінскія канікулы» і расказвае пра мой досвед прыезду ў Беларусь, пра змены, якія я бачу ў краіне і ў самой сябе і тое, як мы сустракаемся пасля гэтых нашых зменаў. Другое эсэ пад назвай «Мая вялікая беларуская праблема» — пра спробу асэнсаваць, што значыць быць беларускамоўнай, які баланс паміж беларускай і расійскай мовамі ў маім жыцці, і як я выстройваю — фактычна, нават прыдумляю — сваю беларускую ідэнтычнасць. Зараз я працую яшчэ над некалькімі тэкстамі ў гэтым жанры пра жыццё ў эміграцыі і пра магчымасць ці немагчымасць вяртання».
Comments are closed.