Loading

Выстава жыццяпісаў і гісторый подзвігаў беларусаў, якія загінулі ва Украіне за ідэалы свабоды «З Украінай у сэрцы» працягвае знаёміць украінцаў з сапраўды годнай роляй беларусаў у процістаянні Украіны з агульным злом – расійскай імперскасцю. Яшчэ адным горадам, жыхары якога пазнаёміліся з подзвігам беларусаў, стаў  Дняпро.  

Урачыстае адкрыццё выставы адбылося 23 траўня ў музеі АТА. І ў гэтым ёсць пэўны сімвалізм. Арганізатар гэтай вандроўнай ужо выставы, кіраўнік дабрачыннага фонду «Вільна Білорусь» і музею «Вільна Білорусь з Україною в серці» Аляксей Францкевіч распавёў нашаму радыё ў чым палягае выпадковае сімвалічнае супадзенне даты адкрыцця выставы, а таксама акрэсліў далейшыя планы. 

«Мы працягваем адкрываць выставы ў іншых гарадах Украіны. Сёння распачалася выстава ў Дняпры ў музеі АТА. Вельмі знамянальна, што пачала яна сваю працу ў дзень, калі ва Украіне адзначаюць Дзень  герояў. І таксама вельмі добра, што сёння так супала – адкрыцё музея АТА ў Дняпры, і першы дзень адкрыцця музея пачаўся менавіта з адкрыцця выставы, прысвечанай беларускім героям. Наступны горад – гэта Запарожжа. Выстава там пачне сваю працу 26-га, а потым мы плануем наведаць Літву, Вільню, дзе яна пройдзе ў памяшканні Літоўскага Сейма. Там мы прабудзем тыдзень. Потым плануем Варшаву, Польшчу, можа быць Кракаў, Чэхію, Прагу. Потым вяртаемся назад ва Украіну. Нас запрасілі ўжо ў Харкаў. Мы самі плануем Мікалаеў, Сумы, Адэса і Чарнігаў. То бок, працягваем сваю працу. І ўжо, на маю думку, зусім хутка ў нас з’явіцца памяшканне і ў нас будзе ўжо паўнавартасны музей, мы зробім адкрыццё музея. Мы ўжо ў найбліжэйшыя  дні, я так думаю, запускаем анлайн-музей, то бок, уся інфармацыя будзе ў нас на сайце. І потым ёсць  такая задумка – зрабіць гэты музей у 3D, каб увесь свет даведаўся пра подзвіг беларускіх герояў».

Адкрылася ўрачыстая цырымонія з паказу відэароліка, у якім праз фотавыявы і ўрыўкі відэазапісаў распавядалася пра жыцці беларусаў, якія абарваліся ў баях з расійскімі захопнікамі Украіны. Суправаджалася відэа вядомай песняй Алеся Чаркашына. Пасля дэманстрацыі відэароліка слова далі святарам – праваслаўнаму і каталіцкаму. Вось, што сказаў прадстаўнік Праваслаўнай царквы Украіны, вайсковы капелан айцец Мар’ян

«Першы раз я пазнаёміўся з беларускім ваярамі, калі так можна назваць, яшчэ ў 2014 годзе на Майдане Незалежнасці. І тое, што мяне здзіўляла – гэта тое, што нібы Майдан не меў аніякага дачынення да Беларусі, не меў аніякага дачынення да іншых народаў, гэта была такое наша ўнутранае свабодавыяўленне, мы разумелі, што можа прынесці расійская дзяржава ў нашу культуру. І калі я задаў пытанне «Што ты тут робіш?», мне хлапчына сказаў такія словы: «Пакуль украінская зямля будзе пад уплывам Расіі, датуль і Беларусь будзе залежнаю ад Расіі. І менавіта шлях вызвалення ўкраінскай зямлі павінен панесці за сабой таксама і вызваленне беларускай зямлі. Таму што мы сёння бачым і можам называць гэта сваімі словамі, што нечасцівы вораг не толькі захапіў частку Украіны, не толькі яе тэрарызуе, але таксама ён выкарыстоўвае і землі Рэспублікі Беларусь, разам з іхнім самаабвешчаным «прэзідэнтам» для таго, каб наносіць і ўдары па нашай украінскай зямлі, для таго, каб выкарыстоўваць гэтую зямлю, як навучальныя палігоны. Таму што яны добра ведаюць, што мы першымі на Беларусь ніколі не наступім. Сёння мы згадваем не толькі герояў Украіны, таму што яны паклалі свае жыцці на тэрыторыі Украіны, яны паклалі свае жыцці на землях украінскіх. Але яны паклалі іх не толькі за нас з вамі, не толькі за ўкраінскую дзяржаву, але, найперш, і за сваю Беларусь».

У сваім слове падчас адкрыцця выставы дырэктарка музею АТА Ганна Тэранік адзначыла, што вельмі важна, што ва Украіне кожны павінен ведаць, хто такія сапраўдныя беларусы і якія ў іх каштоўнасці. 

«Так атрымалася, што сёння мы не толькі адкрываем выставу. З 24 лютага 2022 года мы былі зачыненыя. І сёння першы дзень, калі ў нашу ўнутраную экспазіцыю прыйшлі людзі. І прыйшлі людзі, якія прадстаўляюць сапраўдных украінскіх герояў. Так, гэта беларусы, але гэта героі Украіны, якія аддалі жыцці за Украіну. І гэта яшчэ раз паказвае не толькі Украіне, але і ўсяму свету наколькі адкрытыя ўкраінцы, наколькі адкрытая наша краіна, наколькі адкрытыя нашыя дзверы для ўсіх. І вельмі прыемна бачыць не толькі ва Украіне, але і ў розных краінах свету, што вельмі магутная беларуская дыяспара, якая знаходзіцца зараз тут у нас, так і за мяжой, гэта абсалютна стоадсоткавая падтрымка дэмакратычных каштоўнасцяў і ўвогуле развіцця і прагрэсу. То бок, мы ўсе мусім ведаць і распавядаць, што Беларусь – гэта не толькі «батько», «картопля» ці як там асацыююць. А гэта таксама магутная краіна, якая разам з намі змагаецца за перамогу. За перамогу ва Украіне – гэта па-першае, і за перамогу сваёй краіны. Я ўпэўненая, што ўсе жыцці, якія аддадзеныя, усе жыцці герояў, гэта абсалютна не дарма. Кожнае жыццё аддадзенае за тое, што мы з вамі будзем жыць, будуць жыць новыя пакаленні і згадваць заўжды ўчынкі сваіх родных. Я вельмі ўдзячная, што сёння менавіта наш музей, наша пляцоўка супрацоўнічае з беларускай дыяспарай. Я дзякую спадару Аляксею. Спадзяюся, што працяг будзе, мы адкрытыя і ўсіх запрашаем».

Мы паразмаўлялі з запрошанымі і тымі, хто прыйшоў паглядзець выставу. Дарадца старшыні Абласной Рады Алім Маладан распавёў пра тое, як змянілася стаўленне ў жыхароў Днепрапятроўшчыны да Беларусі і беларусаў пасля пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, якое адбывалася ў тым ліку і з тэрыторыі Беларусі.

«Трансфармацыя, вядома ж, адбылася. Літаральна да пачатку вайны і Україна, і Беларусь падтрымлівалі вельмі шчыльныя сувязі. Нават адбываліся форумы рэгіёнаў-пабрацімаў, праводзіліся супольныя выставы, супольныя імпрэзы. Нават Беларусь на той момант была пэўнай пляцоўкай перамоўнага працэсу ва ўрэгуляванні ваеннага канфлікту. Але ўварванне з тэрыторыі Беларусі, нанясенне і ракетных, і бомбавых удараў па Украіне, яно істотна змяніла стаўленне да краіны. Стаўленне да народу, хутчэй за ўсё яно засталося пазітыўным, як і было. Мы разумеем той фармат, у якім жыве краіна, мы разумеем той інфармацыйны ціск, у якім жыве краіна. Таму мы бачым і падтрымку з боку беларусаў. Вельмі магутны апазіцыйны замежны рух. І прысутнасць, як у інфармацыйнай прасторы Украіны, так і прысутнасць у складзе Узброеных Сілаў Украіны беларусаў даводзіць тое, што гэта – браты».

Жонка загінулага беларуса Васіля Парфянкова з пазыўным «Сябро» Алена Гэргэль узгадала як яна ўпершыню пазнаёмілася з беларусамі, што раней ведала пра Беларусь і што лічыць пра беларусаў цяпер. 

«Першыя беларусы з’явіліся ў маім жыцці ў 2014 годзе – «азоўцы». Гэта і Ілля «Ліцвін», і «Кіт», і «Зубр». Мы тады з імі пазнаёміліся на «Азове», і адзін з іхніх інструктараў прапанаваў правесці ім шэраг трэнінгаў у маўленчым мастацтве, каб яны лепей сабе адчувалі і лепей выкладалі. Вось так я з імі пазнаёмілася – праз «такмедаў» дайшлі да маўленчага мастацтва. Потым яны ўжо паехалі на баявыя задачы, а я неяк выпадкова пазнаёмілася з Васілём. Ён толькі прыехаў у Кіеў, шукаў ці ў «Правы сектар» ісці, ці потым яму прапанавалі ў АУН. Мы пачалі стасавацца. Яны мяне ўсе ўражвалі. Вось гэтае пытанне, якое дагэтуль задаюць украінцы: «Што вы тут робіце? Гэта не ваша краіна, гэта не ваш канфлікт». Цяпер я ўжо ведаю, што яны тут усе робяць. Васіль таксама сказаў, што вызваліць Беларусь магчыма толькі праз вызваленне Украіны, выстаіць Украіна, тады будзе прасцей вызваліць Беларусь. На жаль, гэта зацягнулася на гады.

Дзякуючы Васілю я вельмі шмат даведалася. Насамрэч я не ведала нічога пра Плошчу. Нічога! Васіль пра Майданы ведаў, бо ён ездзіў яшчэ за часамі Юшчанкі, яны з УНСО, як асяродак, ездзілі нейкія там улёткі раздавалі недзе на Галіччыне. А я пра Беларусь… Ну што – малочка, так, Мілавіца – ну такія вось рэчы дасяжныя, стэрэатыпныя для ўкраінцаў. Дзякуючы суджэнцу я даведалася вельмі шмат гістарычных фактаў і ўсё, што адбывалася ў сучаснай гісторыі Беларусі, і працягваю даведвацца яшчэ нейкія новыя рэчы ўжо ад іншых беларусаў.

Ён хадзіў заўжды на ўсе акцыі. І потым і малыя нашыя заўжды хадзілі там на Дзень вышыванкі, на Дзень Волі – прыгожыя фатаграфіі. Як нехта з ягоных пабрацімаў казаў, яшчэ ці знойдзецца хоць нейкі беларус, які настолькі часта заўжды быў з бел-чырвона-белым сцягам. Васіль з ім не расставаўся ніколі. І на фронт, і дома, і нейкія там вандроўкі – сцяг абавязкова меў быць.

Мая задача, як жонкі, працягваць ягоны шлях. Бо ён ужо не можа гэта зрабіць праз абставіны. То я працягваю ягоную справу. То бок, я стала ўжо таксама напалову беларускай. Я веру, што тое, за што хлопцы тут ваююць, за тую ідэю, яна ажыццявіцца, Беларусь будзе вольнай, Беларусь будзе дэмакратычнай, незалежнай краінай. І я гэта дакладна пабачу».

Пра свайго пабраціма-беларуса Андрэя Краўчанку з пазыўным «Зубр» узгадаў вайсковец з Палтавы, які як раз праходзіць лекаванне ў шпіталі і, даведаўшыся пра выставу, прысвечаную беларусам, вырашыў прыйсці на яе. Прадставіўся ваяр «проста Саня».

«Часта ён сядзеў, як там пасля пазіцыяў прыязджалі, ён уключаў YouTube і праглядаў ролікі, як ён трэніраваўся яшчэ жывучы ў Беларусі, служыў калі там. І, памятаю, кажа: «Самае страшнае не тое, каб там на пазіцыях не памерці, не баюся нічога. А баюся менавіта сустрэцца твар у твар са сваімі хлопцамі, з якімі…» Тады проста нехта сказаў, што нібыта зайшла «спецуха» беларуская. І вось я памятаю, у яго аж слёзы на вачах з’яўляліся, калі ён казаў: «З імі жыццё пражыў».

Увогуле хлопец быў проста залаты, правільны. То бок, у яго не было там дакладна загадам камандавання падпарадкоўвацца. У яго свой пункт гледжання заўжды быў слушны. І ні адно жыццё ўратаваў. Я памятаю, як апошняя пазіцыя з ім была пад Даўгенькім у дубах вялікіх. У нас быў самы крайні пункт каля поля. Мы з ранку да вечара выклікалі на сябе агонь, каб «спаліць» адкуль танчык страляе. Камандаванне нам не дазваляла гэтага рабіць. А мы ўсё адно адкрывалі з двух пунктаў агонь, «спалілі» танчык і спалілі потым танчык. Шкада, вядома ж, што такія людзі сыходзяць».

У Дняпры жыў і яшчэ адзін беларус, жыццё якога абарвала гэтая вайна. Гэта Даніла Ляшчук з пазыўным «Маджахед», які загінуў зусім нядаўна. Аказалася, што ў горадзе пра яго ведаюць. Прычым, ведае моладзь. З намі пагадзіўся паразмаўляць малады хлопец, удзельнік параалімпійскай каманды, які назваўся Валэрыем

«Я шмат чаго новага даведаўся. Я з 2014 года сачу за «Маджахедам», за Данілам Ляшчуком. І я хочу, каб яму далі пасмяротна Героя Украіны і далі грамадзянства. Таму што для мяне гэты чалавек шмат чаго адкрыў, навучыў не баяцца, у нейкім плане больш смела дзейнічаць у жыцці. І, на маю думку, трэба ўсім беларусам, якія загінулі за Украіну, даваць Героя».

Прыйшлі на адкрыццё выставы, прысвечанай загінулым беларускім ваярам і прадстаўніцы афіцыйнай арганізацыі беларусаў Дняпра і Днепрапятрўскай вобласці «Беларусы Прыдняпроўя». Раней гэтая арганізацыя, як і шэраг падобных ім, падтрымлівала шчыльныя сувязі з уладамі Беларусі, з амбасадай лукашэнкаўскага рэжыму ва Украіне. Нам было цікава даведацца меркаванне чальцоў некалі афіцыйнай дыяспары пра цяперашнюю сітуацыю. Вось, што мы пачулі ад кіраўніцы арганізацыі Аліны Лявіцкай.

«Розныя думкі былі. Ну, людзі ўсе розныя. І ад кіраўніцтва, ад Лукашэнкі, што ён зрабіў такую справу, пусціў на гэта… Людзі ў Беларусі, яны не падтрымліваюць гэта. І, калі мы звонім, ну, там шмат розных інфармацыяў паступае ў Беларусі, і, калі я размаўляю на расійскай мове, яны: «Гэта як? Вы можаце размаўляць вольна на расійскай мове?» Я кажу: «Так, мы размаўляем на той мове, на якой мы размаўлялі і раней. І мы жывем тут добра». Але мы не падтрымліваем тое, што там адбывалася. Агрэсіі канкрэтнай да нас не было такой. Таму што ведаюць, што мы мірныя людзі, і са мной увогуле не было такіх размоваў з нагоды агрэсіі».

На пытанне, ці не адарваліся беларусы Прыдняпроўя ад сваіх беларускіх каранёў, спадарыня Аліна адказала вось так: 

«Мы ездзім на фестывалі. Самі праводзім свае фестывалі. Праводзім Масленку, Купалу – вельмі вялікія святы, дзе збіраюцца тысячы людзей. І размаўляем на сваёй беларускай мове. Мы трошкі адарваліся. Таму што я ўжо больш за 30 гадоў у Беларусі не жыву». 

Пэўную дапамогу афіцыйная беларуская дыяспара надавала і бежанцам з прыфрантавых ды акупаваных трыторыяў.

«Мы дапамагаем. Мы робім там і падушкі, і дыванкі. І дзеці мае – мой гэты, зяць – яны гатуюць есці. Дачка гатавала – два разы на тыдзень яна цэлыя вёдры  баршчу, катлеты гатавалі ўсё». 

Дарэчы, на адкрыцці выставы «З Україною в серці» ў Дняпры было заўважна шмат моладзі. Выявілася, што маладым людзям насамрэч цікава больш ведаць пра тыя старонкі гэтай вайны, якія не часта можна пабачыць ва ўкраінскіх СМІ. І ўдзел у ёй беларусаў – адна з іх. Вось, што распавёў нам адзін з маладых гледачоў. 

«Мяне зваць Канавалаў Мыхайла, і што я хачу сказаць. Зараз ідзе вайна і шмат людзей памірае. Шмат памірае ўкраінцаў, беларусаў, і гэта вельмі важна для грамадства – разумець хто на чыім баку, хто дапамагае нам, з кім мы поплеч ваюем, і хто ёсць нашым пабрацімам. І гэтых людзей павінны ведаць і ўшаноўваць памяць кожнага загінулага на гэтай вайне».

На нашых хвалях гэта ўжо трэці рэпартаж пра выставу «З Україною в серці». Першыя два былі са Львова і Кіева. Але цяжка пераацаніць тое, што мы чуем у кожным горадзе ад украінцаў, якія даведваюцца, а некаторыя і адкрываюць для сябе ролю беларусаў у расійска-ўкраінскай вайне. Гэтыя думкі і эмоцыі ўсюды розныя. І ведаць іх, як нам падаецца, вельмі важна для нашай аўдыторыі.

Comments are closed.