Loading

17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзіцяці пры прэзідэнце РФ Марыі Львовай-Бяловай. Што азначае выдача такога ордэра і наколькі рэальна яго выканаць мы спыталі ў юрысткі-міжнародніцы, кандыдаткі юрыдычных навук Кацярыны Дзяйкала.

Таксама ў падкасце «Працэс»:

  • У Беларусі працягваюцца масавыя затрыманні і катаванні затрыманых у тым ліку праз прымус раскайвацца на відэа. На тыдні стала вядома пра такое затрыманне ў Мінску супрацоўніка бюро тэхнічнай інвентарызацыі, якога прымусілі казаць, што ён перадаваў звесткі пра карнікаў нібыта экстрэмісцкім каналам. Вядома таксама, што, карнікі захапілі бацьку ваяра Палка імя Кастуся Каліноўскага і кіраўніка Маладога Фронту Дзяніса Урбановіча і таксама прымусілі казаць на відэа, звяртаючыся да сына, каб той вяртаўся з вайны ва Украіне і сядаў у турму. Праваабаронцы расцэньваюць такія відэазапісы, як спосаб катавання.
  • Затрымалі як мінімум двух адвакатаў – адваката Валянціна Стэфановіча, Ігара Лосіка, Паўла Белавуса ды шэрагу іншых палітвязняў Арцёма Сям’янава і адваката Яўгена Юшкевіча – Юрыя Козікава. Пазней стала вядома, што Арцёма Сям’янава асудзілі да арышту на 15 содняў нібыта за непадпарадкаванне. Таксама вядома, што пад «зачыстку» трапілі адвакаты Уладзімір Сташкевіч і Іван Чыжык. Апошні абараняў Віктара Бабарыку. Дзе яны зараз знаходзяцца невядома. Яшчэ шэраг затрыманых адвакатаў праз нейкі час вызвалілі.
  • На тыдні масавыя затрыманні людзей зладзілі ў Мазыры. Праваабаронцам стала вядома пра затрыманне мужа палітзняволенай Крысціны Чаранковай Фёдара Чаранкова і ўсіх, хто прысутнічаў на судзе над Крысцінай.
  • Цягам тыдня з’вілася інфармацыя пра масавыя затрыманні ў Гомелі, Мазыры, Каленкавічах, Берасці, Пінску, Воршы, Мёрах, Сянне, Глыбокім, Івацэвічах, Лепелі. Полацку. Наваполацку. Затрыманыя некалькі дзясяткаў чалавек. Са многімі каналы карнікаў выклалі так званыя пакаяльныя відэа.
  • 25 сакавіка ў Дзень Волі ў Менску затрымалі вядомую актывістку сталага веку Ніну Багінскую. Карнікі да самага вечара пратрымалі яе ў пастарунку і вызвалілі толькі цёмначы.
  • На тыдні праваабарончая супольнасць Беларусі мусіла прызнаць палітзняволенымі яшчэ 12 чалавек, якіх улады трымаюць у вязніцах праз патлітычныя матывы. Гэта Максім Сташулёнак, Ірына Савашынская, Канстанцін Зарэмба, Альберт Гарбуз, Максім Сеннік, Вольга Гладкая, Уладзіслаў Шукан, Дзмітрый Юртаеў, Мікіта Нядзелька, Наталля Сялях, Максім Палітаў, Аляксандр Несцярэнка. Такім чынам, станам на 27 сакавіка ў Беларусі з палітычных матываў за каратамі ўтрымліваюць 1466 чалавек са статусам палітычных зняволеных.

Comments are closed.