Loading

Новая кніга «Тастамент Рагвалода» пісьменніка і паэта Алеся Аркуша апублікавана ў траўні гэтага года выдавецкай ініцыятывай «Skarynyczy». Гэта дэтэктыўнае апавяданне пра Полацк – ад княскіх часоў да ХХ стагоддзя. Новае выданне адмыслова рыхтавалася да міжнароднага кніжнага кірмаша, які на гэтым тыдні мусіць адкрыцца ў варшаўскім Палацы культуры і навукі. Аб новай кнізе з яе аўтарам, які цяпер пражывае ў Беластоку, пагутарыў наш карэспандэнт Уладзімір Лапцэвіч.

Як адразу адзначыў у нашай размове спадар Алесь, «Тастамент Рагвалода» стаў другім выданнем, якое надрукаваў у Польшчы імпрынт «Skarynyczy». Першым – кніга Насты Кудасавай «Побач», адзначаная сёлета «Гліняным Велесам» – прэміяй Таварыства вольных літаратараў, старшынёй якога з’яўляецца мой суразмоўца. А ён доўгі час жыў і працаваў у Полацку, зачараваны яго гісторыяй і культурнай спадчынай.

«У гэтую кнігу я адмыслова падабраў тэксты і творы, якія распавядаюць пра Полацк – ад Полацкага княства да ХХІ стагоддзя. Гэта мастацкія творы. Тут дэтэктыўнае апавяданне, якое так і называецца «Тастамент Рагвалода». Там падзеі адбываюцца на пачатку ХХ стагоддзя, галоўны герой – ювелір Златкін, які скупае ў людзей розныя старажытныя рэчы. А тады вельмі часта знаходзілі, асабліва ўвесну, калі Дзвіна спадае пасля паводкі, прыгожыя ювелірныя вырабы. Аднойчы Златкіну прынеслі дзіўную пліту са старажытнымі надпісамі. Ён прачытаў там «Торвальд» і палічыў, што гэта тэстамент славутага полацкага князя», – распавёў Алесь Аркуш.

Таксама ў кніжцы два раманы, якія былі апублікаваны раней – «Захоп Беларусі марсіянамі» і «Сядзіба».

«Захоп Беларусі марсіянамі» зараз гучыць на радыё «Рацыя». Я сам начытаў гэты раман. Гэта была першая мая спроба самому начытаць аўдыёкнігу, бо фонд «Камунікат» зрабіў аўдыёкнігу з рамана «Сядзіба», – паведаміў пісьменнік.

Алесь Аркуш амаль два дзясяткі гадоў як з’ехаў з Беларусі па сваёй журналісцкай працы. Раней ён працаваў на радыёстанцыі «Балтыйскія хвалі» у Вільні, але ўжо працяглы час на радыё «Рацыя» ў Беластоку, і пры гэтым у яго не знікае натхненне пісаць пра Беларусь.

Цікава, што ўпершыню новае выданне сваіх твораў аўтар збіраецца патрымаць у руках толькі на міжнародным кніжным кірмашы ў Варшаве, які пройдзе 25-28 траўня ў Палацы культуры і навукі. Прэзентацыя «Тастамента Рагвалода» намечана на 27 траўня на беларускім стэндзе. Наклад кнігі не перавышае 300 асобнікаў.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.