Пражскі Офіс дэмакратычных сіл Беларусі, які існуе з лістапада 2022 года, ужо дазволіў значна павысіць каардынацыю паміж беларускімі ініцыятывамі ў Чэхіі, наладзіць кантакты з мясцовымі грамадскімі і палітычнымі арганізацыямі, а таксама распрацоўваць планы на будучыню, сярод якіх – атрыманне памяшкання.
Пра гэта распавяла радыё Ўнэт дырэктарка Офіса, былая прадстаўніца беларускай нацменшасці пры магістраце Прагі Крысціна Шыянок. Пры гэтым яна падкрэсліла, што Офіс пакуль не функцыянуе паўнавартасна і яго афіцыйнае адкрыццё яшчэ наперадзе.
- Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Празе быў зарэгістраваны 17 лістапада 2022 года, у дзень, які ў Чэхіі адзначаецца як Дзень барацьбы за свабоду і дэмакратыю. Зараз праходзяць перамовы з чэшскім бокам аб падтрымцы новай беларускай структуры. Ідзе праца, каб урачыстае адкрыццё Офіса адбылося яшчэ сёлета.
- Офіс ужо займаецца дапамогай беларусам у плане афармлення легальнага знаходжання ў Чэхіі пасля «пашпартнага» ўказу Лукашэнкі. Таксама Офіс выконвае шэраг прадстаўнічых функцый, якія раней цалкам былі на дыпламатычных місіях. Магчыма, у будучым Офіс стане кантактным цэнтрам не толькі для беларусаў з Чэхіяй, але і Славаччынай, Нямеччынай, Аўстрыяй.
- Офіс працуе над падрыхтоўкай візіту ў Прагу прадстаўніцы Святланы Ціханоўскай па сацыяльных пытаннях Вольгі Гарбуновай, падчас якога ключавой будзе тэма беларускіх палітзняволеных і дапамога ім. Чэхі дапамаглі перавезці ў краіну пяць былых палітвязняў, якія не паспелі скончыць свае ВНУ, і далі ім урадавыя стыпендыі. Дзеля гэтага было нават зменена заканадаўства. Пяць стыпендый на навучанне абвешчана і на наступны год.
- Беларусы ў Празе плануюць адкрыць беларускую школку для дзяцей.
Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.