Loading

3 снежня ў Беластоку адкрыўся беларускі хаб «Новая зямля». У эфіры радыё Ўнэт сузаснавальнік хаба Зміцер Антончык распавёў пра падзею.

Ідэя стварэння такой прасторы была ад пачатку нашага прыезду ў Польшчу. Мы пабачылі вялікую колькасць актыўных беларусаў. Таму вырашылі з сябрамі стварыць такую прастору, дзе людзі маглі б далучыцца да ініцыятываў, якія ўжо ёсць альбо стварыць новыя.

Плануем ладзіць цікавыя імпрэзы і сустрэчы, запрашаць гасцей і шукаць жывыя тэмы. Сама прастора вельмі добра для гэтага падыходзіць. На адкрыцці мы пабачылі, што ў памяшканні можа змесціцца вялікая колькасць людзей. Толькі ў першай зале свабодна размяшчаюцца каля 90 чалавек. А залі ў нас дзве.

Па колькасці беларусаў, якія жывуць у горадзе, Беласток займае другое месца пасля Варшавы. Тут і да прыезду апошняй хвалі пасля 2020 года было актыўнае беларускае жыццё, існавала шмат ініцыятываў. Дыяспара даволі дружная і тыя, хто нядаўна прыехаў, добра ладзяць са старажыламі.

Мы плануем праводзіць зараз курсы «Мова нанова» і іншыя адукацыйна-культурніцкія праграмы. Плануюцца кінапрагляды і дыскусійны клуб. Гістарычная ініцыятыва, якая працуе ў іншым месцы, таксама думае над фарматам мерапрыемстваў і ў нас.

Зміцер лічыць, вельмі важным падтрымліваць ініцыятыўных беларусаў. Бо з часам людзі стамляюцца, зацягваюць побытавыя праблемы. А калі яшчэ немае падтрымкі ці месцы для рэалізацыі, то гэта расчароўвае і дэматывуе. Пакуль сярод беларусаў Беластоку стомленасці няма.

Людзі могуць пераходзіць з адных ініцыятываў да другіх. Але гэта цалкам натуральна. Зміцер Антончык больш за 20 год у дэмакратычным руху і ведае, як падобныя працэсы адбываліся пасля кожных выбараў.

Пакуль праца хаба вядзецца за ўласныя сродкі і спонсарскую дапамогу. Але стваральнікі зарэгістравалі фундацыю, праз якую спадзяюцца збіраць грошы на аплату арэнды і іншыя выдаткі.

Зміцер падкрэслівае важнасць такіх прастораў для беларусаў, якія згубілі бацькаўшчыну і могуць згубіць жаданне ўдзелу ў грамадскіх ініцыятывах, калі не будзе падтрымкі, аднадумцаў і перспектывы.

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.