Loading

Яўген Захараў 30 год узначальвае арганізацыю «Харкаўская праваабарончая група», якая раней называлася «Харкаўскі мемарыял». Падчас СССР яна ўваходзіла ў саюзны «Мемарыял», а пасля распаду і да гэтага часу  прадстаўляе Украіну ў міжнародным «Мемарыялы». У эфіры «Світанку свабоды» Яўген пракаментаваў атрыманне Нобелеўскай прэміі міру расійскім аддзяленнем руху.

Яўген Захараў

Арганізацыя ўдзельнічала ў розных міжнародных праектах, такіх як «Час дысідэнта» ці стварэнне міжнароднага біяграфічнага слоўніка дысідэнтаў.

Усе арганізацыі расійскага «Мемарыялу» уваходзілі ў міжнародны рух. Пакуль у Расіі працаваў міжнародны «Мемарыял», расійскі фактычна шмат гадоў існаваў фармальна,  быў амаль у бяздзейнасці. Быў праваабарончы цэнтр «Мемарыял» у Маскве, які працаваў у гарачых кропках і займаўся правамі чалавека. Таксама іншай юрыдычнай асобай быў «Навукова-даследчы, асветніцкі цэнтр Мемарыял». Пасля закрыцця судом міжнароднага офіса і расійскага праваабарончага цэнтра расійскі «Мемарыял» стаў яго паўнавартасным пераемнікам і працягнуў весці іх работу. Магчыма, Нобелеўскаму камітэту гэтыя акалічнасці не зразумелы.

Але абсалютнай праўдай з’яўляецца тое, што ў міжнародным руху «Мемарыял» дамінавалі расійскія арганізацыі. У іх было больш дзейных арганізацый і яны былі больш выніковымі ў параўнанні з усімі іншымі «Мемарыяламі» у розных краінах свету. Таму, магчыма, у кагосьці можа скласціся ўражанне, што «Мемарыял» – гэта выключна расійская арганізацыя. Гэта не так. Гэта міжнародны рух.

«Мемарыял – гэта не толькі міжнародны рух, гэта памяць. А памяць немагчыма забараніць!»

Таму зараз за мяжой ствараецца новая юрыдычная асоба, да якой далучацца былыя і новыя чальцы міжнароднага руху.

Яўген Захараў пераймаецца за сваіх сяброў у Расіі, якія зараз пад пагрозай крымінальнага пераследу. Іх сумленне не дазваляе ім маўчаць, і яны не могуць не выказвацца супраць вайны. З іншага боку, гэта прыводзіць да вялікіх турэмных тэрмінаў.

Таму шмат супрацоўнікаў арганізацыі ўжо выехалі за мяжу. Некаторыя прадстаўнікі «Мемарыялу» свядома застаюцца ў Расіі. Гэта такі вядомыя дзеячы, як Алег Арлоў і Святлана Ганнушкіна. Пасадзіць Святлану Аляксееўну, якой ужо 81 год, гэта нешта неверагоднае. Але ад рэжыму можна чакаць чаго заўгодна.

Тым не менш, Святлана Ганнушкіна працягвае адкрыта выказваць сваю пазіцыю супраць вайны і за тое, каб вярнуць Украіне яе законныя тэрыторыі.

«Для мяне гэта прэмія ўсяму «Мемарыялу», але перш за ўсё — расійскаму. Бо ён найбольшы па памерах і аб’ёмах працы, і пад найбольшым ударам зараз».

Абразлівая рэакцыя часткі ўкраінскай супольнасці і палітыкаў на атрыманне Нобелеўскай прэміі таксама рускімі і беларускім праваабаронцамі Яўген Захараў лічыць вынікам поўнага непаразумення таго, як працуе Нобелеўскі камітэт і каму і за што прысуджаюцца прэміі. Нобелеўскі камітэт падтрымлівае тых, каго зараз пераследуюць і рэпрэсуюць.

Алесь Бяляцкі – нястомны і бясстрашны барацьбіт з рэжымам Лукашэнкі. Менавіта таму ён у чарговы раз за кратамі. І разглядаць гэта, як быццам бы прэмію атрымаў прадстаўнік краіны, якая напала на Украіну, цалкам неадэкватны погляд. Гэтым украінцы ў чарговы раз прадэманстравалі сваю правінцыйнасць і непаразуменне таго, як у свеце адбываюцца розныя працэсы.

Нобелеўскі камітэт падтрымлівае тых, хто адстойвае верхавенства права. Ён не вымярае людзей па пашпартах і дзяржавах, а ацэньвае іх пазіцыю і канкрэтныя справы.

За гэта ў свой час атрымалі прэміі Аляксандр Салжаніцын і Андрэй Сахараў. Так і зараз, Нобелеўская прэмія міра дасталася тым, каму яна павінна была дастацца.

Comments are closed.