Віталь Алексіёнак — малады беларускі дырыжор, які сенсацыйна быў запрошаны ў тэатр La Scala для пастаноўкі оперы «Маленькі Прынц» паводле казкі Экзюперы. Пра ўражанні ад супрацы з тэатрам нумар адзін і сусветную прэм’еру маэстра распавёў у эфіры радыё Ўнэт.
— Што такое La Scala? Гэта больш, чым проста тэатр?
— Вядома. Гэта ці не самы знакаміты тэатр у свеце. Калі хтосьці думае пра мастацтва, хутчэй за ўсё, сярод іншых вядомых культурных аб’ектаў ён прыгадае і La Scala, таму працаваць там — гэта вялікі гонар.
— Ці маглі вы некалі ўявіць, што будзеце дырыжыраваць прэм’еру ў такім месцы?
— Канешне, не. Я заўсёды больш дбаю пра музыку, чым пра месцы, дзе буду выступаць. Але такая прапанова, вядома, вельмі ганаровая і нечаканая. Я не адразу зразумеў, мара гэта ці рэальнасць.
Я раптам апынуўся за дырыжорскім пультам, за якім за апошнія 200 гадоў стаялі сусветна вядомыя кампазітары і дырыжоры, легенды. Гэта цяжка апісаць, я проста адчуваю нейкую сувязь з усім тым, што там адбывалася.
— У каго з блізкіх атрымалася спрычыніцца да вашай радасці?
— На маіх спектаклях былі некаторыя мае сябры, якія адмыслова прыязджалі для гэтага ў Мілан. Абяцала прыляцець і мая першая выкладчыца па дырыжыраванні Таццяна Васільеўна Міцягіна. Наперадзе яшчэ тры спектаклі. Спадзяюся, на іх будуць блізкія мне людзі. Мне, дарэчы, на кожны паказ даюць два запрашальнікі, і не куды-небудзь, а ў каралеўскую ложу. А адзін квіток я магу набыць з вялікай зніжкай.
— Віталь, вы дырыжыравалі сусветнай прэм’ерай. Абсалютна новая музыка! Ці была магчымасць сустракацца з кампазітарам?
— Так, яшчэ нават не атрымаўшы партытуру, я адразу пачаў кантактаваць з Пьеранджэла Вальтыноні, папрасіў яго даслаць мне ўсе свае ранейшыя оперныя творы. Гэта 4 оперы, якія таксама выконваліся па ўсёй Еўропе. Я хацеў зразумець яго музычную мову, яго мысленне, сусвет. Так што калі я пачынаў працу над «Маленькім Прынцам», я ўжо ведаў, хто такі Вальтыноні і як мне знайсці падыход да гэтай музыкі. Ён прысутнічаў на рэпетыцыях, мы шмат размаўлялі. На маю думку, мы з ім супалі на 99 адсоткаў.
Поўную размову з беларускім дырыжорам Віталём Алексіёнкам слухайце тут:
Comments are closed.