Неверагодна, але факт! Аказваецца, што нават у сённяшніх рэаліях, жыхары нашай краіны маюць рэальныя магчымасці ўплываць на ўлады. Што праўда, мясцовыя. Беларусы могуць самі вырашаць, як будзе выглядаць іх вуліца ці квартал, якія муралы будуць на сценах іх дамоў і ў якія колеры фарбаваць лаўкі каля пад’ездаў.
Якім чынам можна націснуць на мясцовыя ўлады, у эфіры радыё «Ўнэт» распавёў былы дэпутат Мастоўскага райсавету, заснавальнік ініцыятывы «КОТэГС» Зміцер Кухлей.
Галоўнае ў размове:
- Закон аб мясцовым самакіраванні дазваляе беларусам ствараць калегіяльныя органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (КОТэГСы), якія маюць юрыдычную сілу і права патрабаваць ад мясцовых уладаў вырашаць цэлы шэраг задач.
- У гэта складана паверыць, але ў Беларусі больш за 50 тысяч чальцоў КОТэГСаў. У адным Менску налічваецца 130 органаў мясцовага самакіравання, але рэальна працуюць з іх адзінкі.
- Сяброўства ў КОТэГСе ў пэўнай ступені абараняе неабыякавых беларусаў. У нашай краіне калі ты праяўляеш актыўнасць, то за гэта можа пагражаць адказнасць. А калі ты з’яўляешся чальцом органу самакіравання і дзейнічаеш у межах свайго раёну, то цябе не могуць пакараць, бо ты фактычна з’яўляешся прадстаўніком мясцовай улады.
- Чаму ўлады не знішчаюць КОТэГСы? Бо чыноўнікі зацікаўленыя ў гэтых органах. Справа ў тым, што ў бюджэце часта не хапае сродкаў, накопліваецца шмат праблемаў і ёсць людзі, зацікаўленыя ў вырашэнні гэтых праблем і галоўнае – яны не патрабуючы за гэта грошай. Часта чальцы органаў самакіравання ахвяруюць уласныя сродкі на тое, каб палепшыць жыццё свайго двара ці вуліцы.
Comments are closed.