Loading

9 снежня нарадзіўся аўтар, які падараваў беларусам таямнічую «Зорку Венеру», узрушыў «Пагоняй» і пакінуў кранальнае «…і тчэ, забыўшыся, рука замiж персiдскага узора цвяток радзiмы васiлька».

У дзень нараджэння Максіма Багдановіча згадваем факты з яго жыцця. Адмысловую пяцёрку біяграфічных цікавостак радыё Ўнэт распавёў літаратурзнавец і драматург Васіль Дранько-Майсюк.

1. Зацяты анархіст

Багдановічу-гімназісту вельмі падабаўся анархічны рух. Калі ягоны сябар узарваў лесвіцу, то будучы класік рабіў усё, каб паліцыя не знайшла вінаватага. На допыце Багдановіч паводзіў сябе вельмі незалежна і нахабна і ўсім відам паказваў, што не будзе супрацоўнічаць з царскімі органамі!

Максім Багдановіч (у цэнтры) з аднакласнікамі. Крыніца: БЕЛТА.
2. Ненавідзеў здраднікаў

Адзін з яго ранніх празаічных твораў – «Юдава поле»: павесіўся страшны здраднік Юда, цела яго надламілася, звяры гідзіліся яго есці, чарвякі гідзіліся яго тачыць, і толькі вароны пачалі дзяўбсці мёртвае цела. Але Бог пракляў і варон, яны пачалі вырыгваць недажаванае цела Юды, і ўсюды, дзе гэтыя кавалкі падалі, нараджаўся здраднік… З гэтага Багдановіч пачынаў сваю творчую дзейнасць, а адзін з апошніх яго праграмных твораў – легендарная «Пагоня». Вершнік гоніць не толькі знешняга ворага, а і здрадніка-беларуса. Менавіта яго і трэба біць у сэрца, біць мячамі, не даваць чужынцам быць.

3. Меў няшчаснае каханне

Багдановічу не шанцавала з жанчынамі. Знаёмыя гімназісткі і студэнткі ўспрымалі яго дастаткова іранічна: ён быў худы, няўсмешлівы, заўсёды жыў адзін. У 1915 годзе Багдановіч паехаў у Крым і там закахаўся ў адну з замужніх дзяўчын. У іх быў і сэкс, і фізічная радасць. Тады ж ён напісаў свой інтымны дзённік, які па сёння супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча не могуць апублікаваць, хаця там нічога страшнага няма. Гэта проста фізіялагічнае апісанне сексуальнага акта. Дарэчы, Багдановіч вельмі хацеў, каб гэтая жанчына нарадзіла яму дзіця, дачушку. Ён ужо ведаў, што смяротна хворы.

Бацька паэта – Адам Ягоравіч Багдановіч.
4. Быў у складаных адносінах з бацькам

Фактычна да канца свайго жыцця Багдановіч жыў за кошт свайго таты. Бацька цалкам яго апякаў, фінансаваў і дапамагаў. Літаратурнай справай займацца не замінаў, але і не натхняў. Я б назваў гэтыя адносіны «любоў-нянавісць». Бо калі ты ад кагосьці вельмі залежны, то ты не вельмі яго далюбліваеш. Але толькі бацька мог прымусіць Максіма Багдановіча прымаць лекі, сачыць за сабой і меў хоць нейкі ўплыў на свайго сына, вялікая ўпартасць якога магла б стаць асобным фактам у гэтай падборцы.

5. Першы з беларускіх пісьменнікаў, хто сказаў, што смерць фізічная – нішто

Галоўнае, што ты пасля сябе пакідаеш.
Ў краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
3 друкарні пана Марціна Кухты.

Яго верш – не пра смерць у адзіноце. Багдановіч як бы кажа нам, што ён памірае фізічна, але кніга застаецца. Застаецца «Вянок». І таму Багдановіч бессмяротны. Вось так…

Аўдыёверсію падкаста Топ-5 слухайце ў плэеры ніжэй.

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.