19 кастрычніка ў Кіеве адбылася сустрэча прадстаўнікоў Палка Каліноўскага з Міжфракцыйным дэпутацкім аб‘яднаннем у Вярхоўнай Радзе Украіны «За Дэмакратычную Беларусь». І як толькі фотаздымкі і справаздачы з гэтага спаткання з’явіліся ў пабліку, градус канспіралогіі ў беларускім грамадстве ўзрос. Пра што гаварылі і дамаўляліся «каліноўцы» і ўкраінскія дэпутаты — радыё Ўнэт спытала нардэпа Аляксея Ганчарэнку, які не толькі прысутнічаў на сустрэчы, а яшчэ і з’яўляецца кіраўніком групы «За Дэмакратычную Беларусь» ва ўкраінскім парламенце.
Аляксей Ганчарэнка:
Мы хацелі сустрэцца з прадстаўнікамі палка Каліноўскага, з беларускімі добраахвотнікамі, якія сёння ваююць у складзе ўзброеных сіл Украіны. Да гэтага я сустракаўся з прадстаўніком Кабінета Святланы Ціханоўскай Валерыем Кавалеўскім. Я ў кантакце з іншымі чальцамі Пераходнага Кабінета. Чаму мы сустракаліся з прадстаўнікамі палка Каліноўскага? Таму што гэта найбуйнейшае аб’яднанне беларускіх добраахвотнікаў. У прынцыпе мы сустракаемся не толькі з палітыкамі, мы сустракаемся і працуем з усімі сіламі, якія могуць дапамагчы зрабіць Беларусь вольнай. А полк Каліноўскага — сёння гэта ядро Узброеных Сіл вольнай Беларусі, якія будуць стварацца пасля вызвалення Беларусі і, мажліва, якія будуць вызваляць Беларусь. Але сёння яны ваююць за Украіну.
Што тычыцца заканадаўчых актаў, якія абмяркоўваліся на гэтай сустрэчы. Я лічу, што наш Кабінет Міністраў прыняў няправільнае рашэнне, калі адмяніў выплату кампенсацый сем’ям загінуўшых, калі такія сем’і пражываюць на тэрыторыі Беларусі. І гэта непасрэдна тычыцца беларускіх добраахвотнікаў. Але гэта не яны ўзнялі гэтае пытанне першымі, гэтую тэму ўзняў я і сказаў, што мы зараз рыхтуем калектыўны зварот ва ўрад. Два гады таму Украіна падчас кавіду закрывала дзяржаўную мяжу для ўсіх, і вось пасля зварота нашага аб’яднання, выключэнне было зроблена для грамадзян Беларусі, якія ў той час беглі ад палітычнага пераследу. Таму і зараз будзем звяртацца.
Тое, што яны (полк Каліноўскага — рэд.) самі расказваюць пра гэтую сустрэчу, гэта іх асабістае бачанне. Мы ў палітыку беларускую не ўмешваемся, гэта не наша справа. Што тычыцца легітымнасці: добраахвотнікі для нас легітымныя, таму што яны ваююць і рызыкуюць сваім жыццём за Украіну. Безумоўна, легітымнасць для нас маюць Святлана Ціханоўская і Аб’яднаны Пераходны Кабінет. Але калі казаць у класічным разуменні гэтага слова, то легітымнымі органамі ўлады для нас будуць тыя, якія ўрэшце беларусы абяруць на свабодных выбарах, пасля таго як будзе знесены рэжым Лукашэнкі і спыніцца акупацыя Беларусі Расіяй.
Поўны каментар Аляксея Ганчарэнкі слухайце ў плееры ніжэй.
Comments are closed.