Loading

20 лістапада ў Варшаве завяршыўся чарговы Bulbamovie. Восьмы па ліку фестываль беларускіх фільмаў стаў самым паспяховым за ўсю сваю гісторыю. Ахвотных далучыцца да праглядаў і дыскусій часамі было відавочна больш, чым магла змясціць зала варшаўскага кінатэатра Iluzjon. Музыканты і журналісты, літаратары і акцёры, крытыкі і, уласна, самі рэжысёры: дыстанцыя паміж героямі праграмы і яе гледачамі ўсе гэтыя тры дні была мінімальная.

Аліна Крамко падрыхтавала рэпартаж з кінафестываля Bulbamovie 2022.

12 конкурсных стужак і столькі ж – у асноўнай праграме. Агульны фестывальны настрой – рэха 2020 года, а галоўныя героі – маладыя беларускія аўтары, працы якіх з’яўляюцца ў першую чаргу голасам апазіцыі і актам салідарнасці з беларусамі.

Адкрыццём (ва ўсіх сэнсах) першага фестывальнага дня стала «Мара» Сашы Кулак. Беларуская рэжысёрка, якая цяпер жыве і працуе ў Амстэрдаме, зрабіла сюрэалістычны док пра беларускія пратэсты 2020 года. Гісторыю, прэмʼера якой адбылася ў Ротэрдаме, Саша здымала на самую звычайную камеру. Месяц – на працу ў Мінску, каля года – на мантаж. Атрымаўся сюрэалістычны фільм-эсэ, дзе кашмарныя сны пераплятаюцца з хронікай пратэстаў.

«Тыя змены якія адбыліся ў нас – гэта вялікая цана, якую мы былі вымушаныя заплаціць. Не кожнаму ў жыцці выпадае прайсці праз такія працэсы», – распавяла Саша Кулак пра паслясмак сваёй работы.

«Цікава было глядзець на рэакцыю гледачоў, дзе людзі смяюцца. Я шмат чаго атрымаў ад публікі. Адчуў такую цеплыню на фестывалі», – падзяліўся ўражаннямі рэжысёр Андрэй Куціла.

На фэсце можна было паглядзець не толькі фільмы, а і паўдзельнічаць у дыскусіях і прэзентацыях праектаў. Амаль кожны паказ асноўнай праграмы завяршаўся абмеркаваннем. Гледачы маглі падзяліцца сваімі ўражаннямі і задаць пытанні рэжысёрскай групе. Абмен думкамі адбываўся і ў фае кінатэатра. Сваімі думкамі з намі падзяліўся журналіст і кінааглядальнік Аляксандр Шустар.

«Магчыма, зараз гэта самы сур’езны фестываль у беларускім кінаассяродзі. Я адмыслова паглядзеў дзве стужкі Андрэя Куцілы, рэжысёра, узровень якога – гэта моцныя еўрапейскія фестывалі. У яго атрымалася галоўнае – схапіць плынь часу».

Летась – «Вольны хор», у гэтым годзе – сольны канцэрт Маргарыты Ляўчук і Канстанціна Гарачага. Другі фестывальны дзень завяршыўся іх сумесным выступам. Апошні раз самы вядомы джазавы піяніст Беларусі і оперная зорка ігралі разам у 2020 годзе.

На трэці фестывальны дзень араганізатары зрабілі стаўку на фільмы самага вядомага сёння беларускага дакументаліста. У межах фестывалю адбылася польская прэм’ера «Возера Радасці». Але ўбачылі гледачы не толькі кароткі метр Аляксея Палуяна. Упершыню на Bulbamovie паказалі і яго «Кураж».

«Вельмі добрыя ўражанні пасля кінафестывалю. Амаль на кожным паказе быў аншлаг, вельмі моцная праграма. Патэнцыйна ён можа стаць галоўным беларускім кінафестывалем у выгнанні. Ва ўмовах, калі «Лістапад» зараз пад акупацыяй, Bulbamovie мае выдатныя магчымасці стаць тым цэнтрам, які будзе прыцягваць беларускае кіно».

«Галоўны фестываль беларускага кіно»: і гэта – самы важны мэсэдж сёлетняга Bulbamovie, які працягваецца цяпер ў анлайне. Да 19 снежня на бясплатнай платформе VOD ninateka.pl пакажуць «Handbook» Паўла Можара, «Апошняе лета» Ігара Чышчэні, «Галасы» ад DocWave і «Возера радасці» Аляксея Палуяна.

Поўны рэпартаж з VIII фестывалю беларускага кіно Bulbamovie cлухайце па спасылцы:

Comments are closed.