Стварыць агульнапрызнаныя органы ўлады і вярнуць плюралізм у беларускае грамадска-палітычнае поле. Такія амбітныя задачы стаяць перад Кааліцыяй беларускіх палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў патрыятычнага накірунку.
Устаноўчы сход новай арганізацыі прайшоў у нядзелю ў Варшаве. У стварэнні кааліцыі паўдзельнічалі прадстаўнікі 4 партыяў (БНФ, БХД, Народная Грамада, АГП) і 9 грамадскіх аб’яднанняў і ініцыятываў.
Пра тое, як кааліцыя партый будзе ствараць легітымныя органы ўлады і якім чынам будзе супрацоўнічаць з Аб’яднаным пераходным кабінетам і Каардынацыйнай радай, у эфіры радыё Ўнэт распавёў сустваральнік кааліцыі, прадстаўнік БНФ Анатоль Фёдараў.
Сцісла ў размове:
- На сённяшні дзень палітычнае і грамадскае поле надзвычай манапалізавана, таму казаць пра нейкі плюралізм мы не можам. Пасля падзеяў жніўня 2020 года партыі знаходзіліся ў складанай сітуацыі, чым і скарысталіся пэўныя асобы, якія захапілі палітычнае поле і згарнулі нармальны палітычны працэс.
- Мы не будзем далучаць да кааліцыі партыі, якія ніколі не ўдзельнічалі ў палітычным працэсе, а проста спекулявалі на палітычных праблемах. Напрыклад, мы не імкнуліся, каб АГП удзельнічала ў сходзе, але на сустрэчу прыйшоў чалавек, які прадставіўся сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Яго запрашалі як праваабаронцу, але ён захацеў прадстаўляць менавіта сваю арганізацыю. Пры гэтым мы не лічым АГП патрыятычнай партыяй.
- Для нас няважны ўзровень вядомасці палітыкаў, якія далучацца да кааліцыі, бо гэтая вядомасць часта абсалютна штучная. Мы хочам, каб да нас прыходзілі асобы, здольныя думаць пра будучыню краіны, а не пра ўласныя праблемы. А пазнавальныя палітыкі ўжо завялі Беларусь у тупік. Нам патрэбныя новыя палітычныя лідары, а не аферысты.
- Бабарыка не збіраўся нічым рызыкаваць, гэта неафіт, які не ведаў куды ён ідзе і чым усё можа скончыцца. Тое ж самае з Сяргеем і Святланай Ціханоўскімі. Гэта была маскоўскай гульня, але людзі выйшлі на вуліцы і зламалі крамлёўскі сцэнар. Тая ж Ціханоўская не змагла набраць неабходную колькасць подпісаў, каб стаць кандыдатам у прэзідэнты, але ў выніку была зарэгістраваная.
- На сённяшні дзень на палітычным полі ёсць некалькі палітычных груп. Першая сфармавалася вакол Святланы Ціханоўскай. Другая група – гэта каманда Зянона Пазняка. Трэцяя – гэта «Хартыя», у якую ўваходзяць Радзіна, Халезін, Бандарэнка. Чацвёртая – каманда Цапкалы. І пятая група – гэта Кааліцыя беларускіх палітычных партый, якую мы ствараем.
Comments are closed.