Фестываль традыцыйнай беларускай культуры Soncahraj, які ўпершыню прайшоў летась, і арганізатарам якога быў фонд «Тутака», рыхтуецца і сёлета. Яго пазіцыянуюць як прадстаўленне выключна аўтэнтычнай, без разнастайных аўтарскіх умяшальніцтваў, народную творчасць.
Асноўная мэта фестываля, як сцвярджаюць арганізатары, – паказаць беларускую традыцыйную спеўную, музычную, рамесніцкую, кулінарную культуру без савецкіх эстрадных штампаў, якія былі і ёсць як у Беларусі, так і на Падляшшы. Хоць перадусім гаворка ідзе пра культуру падляшскіх беларусаў, на фестывалі маюць намер прадэманстраваць такую ж культуру з-за польска-беларускай мяжы. Пра адрозненне ад тых народных гулянняў, якія мы прызвычаіліся бачыць у Беларусі, напрыклад на 3 ліпеня, і зместу фестываля гаворыць прадстаўнік фонду «Тутака» Зміцер Косцін.
«Перадусім мы ставім на фальклор аўтэнтычны, стары. Не аўтарскія песні, створаныя ў апошнія дзесяцігоддзі, кшталту «Чаркі на пасашок» ці «Полькі беларускай». На вялікі жаль, многія спеўныя калектывы з Беласточчыны беларускія, дзякуючы супрацы з інструктарамі з Беларусі, проста перацягнулі, паводле мяне, эстраду ў сваю творчасць і зусім не карыстаюцца песнямі сваіх бабуляў і дзядуляў.
Мы фестываль, самі канцэрты праводзім у чэрвені, але перад гэтым, адбываюцца майстар-класы з Ірынай Мазюк, даследчыцай беларускага фальклору, з мясцовымі гуртамі. Сёлета, так як і летась, мы працуем з трыма гуртамі мясцовымі. Гэта спеўная група ў Дубічах Царкоўных. У Міхалове працуем з гуртом, які ўжо спявае. І трэці гурт «Журавінкі» з-пад Супрасля з вёскі Агароднічкі, непадалёк ад Беластока», – распавёў Косцін.
Пачатак фестывалю запланаваны на 9 чэрвеня ў Дубічах Царкоўных, што ў Белавежскай пушчы, дзе будуць песні і танцы. 10 чысла – перамесціцца ў пушчу Кнышынскую, у вёску Саколе. Наступная фестывальная сустрэча – 18 чэрвеня ў гарадскім парку ў Супраслі. Вялікі фінал запланаваны на 24 чэрвеня на Семяноўскім вадасховішчы ў вёсцы Бандары гміны Міхалова. Там наведвальнікаў чакаюць не толькі песні і танцы, але і вялікае вогнішча. Акрамя таго, ёсць намер стварыць намётавае мястэчка для тых, хто захоча заначаваць у тым маляўнічым месцы. Будзе нешта падобнае на Купалле, распавядае Косцін, тлумачачы, што менавіта на асацыяцыях з гэтым народным святам і ўзнікла назва фестывалю «Сонцаграй», бо «На Купала сонца грала».
Зараз фонду «Тутака» дапамагаюць у арганізацыі фестывалю Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, якое часткова фінансуе мерапрыемства ў межах праекта «Спеўны сход». Галоўны ж партнёр – гміна Міхалова. Сярод іншых – асяродак культуры ў Міхалове, Цэнтр культуры і адпачынку ў Супраслі, гміна Супрасль, Цэнтр культуры, спорту і адпачынку ў Дубічах Царкоўных, Беластоцкі тэатр лялек. Але арганізатары спадзяюцца прыцягнуць яшчэ крыху больш фінансаў, зацікавіць іншых партнёраў, тым больш, што чагосьці падобнага, па іх сцвярджэнні, у беларусаў у Польшчы яшчэ няма.
Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.