У Беларусі па ініцыятыве ўлад, паводле звестак на 28 кастрычніка, знішчана або зняважана 13 месцаў памяці палякаў, у тым ліку ваенных пахаванняў, помнікаў і памятных знакаў. Пра гэта паведаміла намеснік дырэктара Усходняга дэпартамента МЗС Польшчы Ганна Костшава-Мішталь, піша zerkalo.io, спасылаючыся на інфармацыйнае агенцтва BPN.
Як падкрэсліла Ганна Костшава-Мішталь, падобныя „крэатыўныя” дзеянні, якія былі б адчувальнымі ва ўзаемаадносінах любых дзяржаў і народаў, „нельга інтэрпрэтаваць інакш, чым накіраваныя супраць Польшчы”.
Знішчэнне польскіх пахаванняў і памятных мясцін у Беларусі пачалося ў чэрвені. Не пра ўсе выпадкі інфармацыя з’яўляецца своечасова. Пра апошні такі інцыдэнт стала вядома на гэтым тыдні. Невядомыя вандалы пашкодзілі помнік салдатам Войска Польскага, якія загінулі ў 1920 годзе ў Нёманскай бітве, каля вёскі Феліксава Лідскага раёна. Пра гэта паведамляе выданне Głos z-nad Niemna.
1 ліпеня МЗС Польшчы выказала сур’ёзную заклапочанасць у сувязі з частымі актамі зневажання месцаў польскай нацыянальнай памяці ў Беларусі. Як адзначылі ў Варшаве, вандалізм адбываецца галоўным чынам на тэрыторыі Гродзенскай вобласці, „дзе знаходзіцца каля 550 месцаў пахавання польскіх воінаў, удзельнікаў народных паўстанняў, абаронцаў Гродна”.
Comments are closed.