Loading

Санаторый «Belorus», што знаходзіцца ва ўласнасці Беларусі,  вымушаны скарачаць персанал з-за таго, што туды не могуць прыязджаць на лекаванне грамадзяне Беларусі, якім пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны Літва не выдае візы. Літоўскае міністэрства замежных спраў прапануе выйсце.

Як паведамляе Delfi.lt, у каментары МЗС Літвы сказана «Мы прапануем санаторыю Belorus звяртацца ў офіс Ціханаўскай, прадстаўляць яму спіс грамадзян Беларусі, якія маюць намер прыехаць на лячэнне, і атрымаць яго дазвол на прыезд гэтых людзей. Пасля атрымання ўхвалення офіса Ціханаўскай і рэкамендацый МЗС гатовы разгледзець пытанне выдачы віз».

Размешчаны ў Друскеніках санаторый «Belorus» 17 кастрычніка паведаміў у Службу занятасці Літвы пра тое, што найбліжэйшым часам вымушаны будзе скараціць чвэрць персаналу (каля 60 чалавек) з-за таго, што МЗС Літвы перастаў выдаваць візы грамадзянам Беларусі і Расіі, якія раней прыязджалі на лекаванне ў санаторый.

У канцы 2020 года Еўрасаюз увёў санкцыі ў дачыненні да Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі, якому тады падначальваўся санаторый «Belorus». Рахункі санаторыя ў Літве былі заблакаваныя. У сярэдзіне 2021 года санаторый перадалі Рэспубліканскаму цэнтру грамадскага здароўя і санаторна-курортнага лячэння Беларусі, каб вывесці з-пад санкцыяў, пазней літоўскі Swedbank разблакаваў рахункі. Але пасля пачатку паўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну ў тым ліку і з тэрыторыі Беларусі Літоўскае МЗС спыніла выдачу віз грамадзянам Беларусі. У чэрвені санаторый ужо быў звольніў 51 супрацоўніка. Зараз санаторый абслугоўвае толькі грамадзян Еўрасаюза.

Comments are closed.