Loading

Самая буйная на дадзены момант, Беластоцкая грэнадзерская харугва Паспалітага рушэння правядзе паўнавартасны іспыт сваіх добраахвотнікаў на права нашэння шэўрона падраздзялення. Акрамя гэтага, у харугве ўжо існуюць пасады і адпаведныя рангі байцоў, як у сапраўдным войску. Па словах камандзіра беластоцкай харугвы, афіцэра з пазыўным Шляхтіч, у яе склад увайшлі як былыя кадравыя афіцэры беларускай арміі, якія з яе звольніліся па розных прычынах, так і ветэраны палка імя Кастуся Каліноўскага. Яны і займаюцца падрыхтоўкай байцоў і выбудоўваннем структуры падраздзялення, менавіта таму гэта будзе не міліцыя, не апалчэнне, а паўнавартасная вайсковая адзінка.

«У нас у харугві кадравыя афіцэры. Мы ня ведаем як фармаваць, дапусцім, апалчэнне ці міліцыю. Мы можам фармаваць толькі воінскае падраздзяленне. Так, як служылі мы калісьці ў беларускай арміі і праходзілі курсы ў Польшчы і Украіне… На дадзены момант штаб Паспалітага рушэння ўжо разглядае пытанне ўвядзення воінскіх званняў».

У харугві ўжо падрыхтаваныя іспыты на права насіць шэўрон падраздзялення. Па словах камандзіра харугвы, гэтыя іспыты былі сфармаваныя ўлічваючы найлепшы досвед розных армій свету.

«Я б сказаў, што гэты іспыт – гэта лепшае, што ёсць у розных арміях і падраздзяленнях армій свету. Экзамен – гэта вынік дзейнасці байца на яго пасадзе… Любая праца павінна прыходзіць да мэты і вывадаў. Вось гэтыя мэта і вывады – гэта і ёсць экзамен. Гэта часткова і псіхалагічны экзамен, ці гатовы баец рыхтавацца месяц-два і з першага разу не здаць экзамен. Ці расчаруецца ён і кіне працу, альбо будзе рыхтавацца далей да другога экзамену? Афіцэрамі харугвы быў прааналізаваны досвед як украінскага войска, так і войска ЗША і Польшчы. Адтуль было ўзята самае неабходнае».

У выніку, як прызнаецца камандзір харугвы, які сам калісці быў кадравым афіцэрам беларускага войска, узроўні падрыхтоўкі ў беларускім войску і ў Паспалітым рушэнні ўжо зараз цалкам адрозніваюцца. Ужо зараз у харугвах беларускія патрыёты могуць атрымаць такі досвед, які не атрымліваюць нават курсанты вайсковай акадэміі ў Беларусі.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.