Беларускі тэатр-студыя «Team Theatre» у нядзелю паказаў у Варшаве дакументальны спектакль пра вайну ва Украіне. Пастаноўка «How are you?» прайшла адначасова на беларускай, украінскай і рускай мовах.
Спектакль грунтуецца на ўспамінах людзей, якія на ўласныя вочы бачылі ўсе жахі вайны. У пастаноўцы распавядаюцца гісторыі ўцекачоў з Кіева і Вінніцы, згадваюцца трагедыі ў Бучы і Марыупалі.
Пра тое, як з’явілася ідэя пастаноўкі і наколькі акторам, якія не бачылі вайну складана было перадаць эмоцыі людзей, якія хаваліся ад бомбаў, у эфіры радыё Ўнэт распавялі рэжысёр Андрэй Новік і аўтар спектаклю Віталь Карабань.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
Сцісла ў размове:
- Як толькі пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне, мы зразумелі, што трэба нешта рабіць. Спачатку мы дапамагалі фізічна, вазілі людзей, але, праз некалькі месяцаў, калі сітуацыя стабілізавалася і ўсё стала на свае рэйкі, мы вырашылі, што цяпер варта рабіць тое, што мы ўмеем лепш за ўсё – у выніку паўстала п’еса, а пасля і сам спектакль.
- Насамрэч, на тое, каб напісаць п’есу спатрэбілася ўсяго два дні. Я закупіўся ежай у краме, зачыніўся ў пакоі і выйшаў з яго праз 48 гадзінаў з гатовым тэкстам.
- У Кіеве, пасля пачатку вайны, з беларускім пашпартам нельга было нават дастаць дыктафон. Адзіны варыянт захаваць гісторыі людзей – гэта іх запомніць, таму я ўсё ў дробных дэталях фіксаваў у памяці.
- Гэта гучыць дзіўна, але падаецца, што людзі, якія чытаюць пра вайну ў СМІ перажываюць больш за тых, хто бачыць яе на ўласныя вочы. Многія ўкраінцы ўспрымаюць вайну, як сітуацыю, якая з імі ўжо адбылася і ў якой ім даводзіцца жыць. Без панічных настрояў.
- «How are you?» – гэта самае частае пытанне, якое чуюць жыхары Украіны ад сваіх замежных сяброў. Адсюль і назва спектаклю.
- Паміж сабою, спектакль «How are you?» мы называем «чытаклем». Справа ў тым, што пачаткова мы планавалі зрабіць аднаразовы паказ – чытанне, але гледачу спадабалася і ён патрабаваў яшчэ. Таму мы дапрацавалі спектакль, але пакінулі аркушы паперы, з якіх мы чыталі, каб нагадаць, што мы чытаем рэальныя гісторыі, а не проста граем п’есу.
Размову са стваральнікамі спектакля «How are you?» слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.