Loading

Беларускі нацыянальны моладзевы Савет «Рада» бярэ ўдзел у Кантактнай групе па Беларусі Рады Еўропы. Гэта прадстаўнікі беларускай моладзевай Рады расцэньваюць як магчымасць быць пачутымі, бо, на жаль, многія моладзевыя ініцыятывы наракаюць на недастатковае разуменне сваіх патрэбаў і памкненняў нават прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных колаў. Пра тое, з якімі чаканнямі і прапановамі Моладзевы Савет «Рада» патрапіў у Кантактную групу па Беларусі Рады Еўропы і якія пытанні мае моладзь на цяперашім этапе распавяла сакратарка Беларускага нацыянальнага моладзевага савета «Рада» Марго.

Калі фармавалася Кантактная група было прапанавана некалькі актараў, якія прэзентавалі розныя групы грамадства. Наш парадак дня – гэта моладзь, і так, як мы, напэўна, самыя рэпрэзентатыўныя з усіх існых аўтараў, якія прэзентуюць моладзь, бо мы ўлучаем у свой склад 36 моладзевых арганізацыяў, у якіх свае аўдыторыі і якія прадстаўляюць іх у Радзе, было прынятае рашэнне, што мы будзем прадстаўляць моладзь у Кантактнай групе.

Сама Кантактная група нарадзілася як ідэя таму, што Беларусь уваходзіла ў склад Рады Еўропы як назіральнік і чалец 11 кантактных груп у розных напрамках да сакавіка 2022 года, калі Рада Еўропы прыняла рашэнне аб выключэнні і Беларусі, і Расіі са складу кантактных груп. І гэта для нас свайго роду інструмент уплыву на розныя сацыяльныя групы ў краінах Еўропы, каб прасоўваць цікавасці беларускай моладзі, а таксама такі пул экспертаў, якія могуць дапамагчы нам будаваць новую Беларусь.

Пасля таго, як мы сабралі ўсе патрэбы з нашага моладзевага сектара, мы вызначыліся з тымі прыярытэтамі, якія мы прасоўваем менавіта ў складзе Кантактнай групы. Гэта абарона правоў моладзі і ўвядзенне моладзі ў працэс прыняцця рашэнняў ды нарошчванне патэнцыялу моладзі. У межах гэтых напрамкаў можна распрацоўваць праекты і зараз яны ў нас працуюць на такіх трох канцэптуальных узроўнях – гэта адукацыя, правы моладзі і моладзевы ўдзел.

Разуменне таго, што адбываецца ў Беларусі ў еўрапейскіх чальцоў Кантактнай групы рознае. Калі я пачынала казаць, што ў Беларусі на той момант было больш за 1300 палітычных зняволеных і больш за палову з іх – гэта моладзь, было бачна, што эмацыйная рэакцыя ў шмат каго з іх вельмі здзіўленая. Агульная атмасфера – у шмат каго адсутнічае дэтальнае разуменне.

Гэта цалкам новы досвед узаемадзеяння для Рады Еўропы. Раней у іх у кантактныя групы ўваходзілі менавіта прадстаўнікі дзяржаваў, прызначаныя дзяржаўнымі органамі. І ў іх няма механізма працы з намі. Яны разумеюць, што ў нас ёсць праблемы і іх трэба вырашаць, але ў іх няма разумення, як гэта рабіць. То бок, павінен быць прапісаны нейкі механізм працы. І зараз для нас асноўная мэта – гэта распрацаваць такі механізм.

Калі быць шчырымі, то ні Офіс Святланы Ціханоўскай, ні Пераходны Кабінет, ні іншыя структуры ў складзе новых дэмакратычных сілаў не маюць поўнага разумення, што такое моладзь і якія ў яе ёсць патрэбы і што нам насамрэч патрэбна. Для нас зараз вельмі вялікая праблема – гэта данесці нашыя праблемы да Офісу Святланы Ціханоўскай, даць зразумець, што мы асобная ўразлівая група, якая патрабуе ўвагі ад іх. Гэта наш вельмі вялікі выклік на цяперашні момант – даць зразумець палітычным актарам, што моладзь – гэта таксама палітычны актар, што мы хочам быць гэтым працэсе прыняцця рашэнняў.

Уся наша кантактная група наладаваная на працу ў пабудове новай Беларусі і мы гатовыя прыкладаць нашыя намаганні, каб стварыць новую дэмакратычную структуру і вельмі радыя, што нам далі шанец працаваць з Радай Еўропы. Мы хочам прыцягваць супольнасць да гэтага працэсу. Мы максімальна адкрытыя, гатовыя да прапановаў і працы з усімі, хто мае такое жаданне.

Цалкам размову з сакратаркай Моладзевага Савету «Рада» Марго слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.