Loading

20 снежня 300 дзень гераічнага змагання Украіны з расійскай навалай. У шэрагах УСУ ад пачатку вайны змагаюцца і беларускія добраахвотнікі. І сёння ў ранішнім эфіры радыё Ўнэт пра сваю асабістую вайну распавёў мінамётчык Палка Каліноўскага Алег Аўчыннікаў з пазыўным «Альгерд».

Фота: facebook.com

«Альгерд» з сябрамі пайшлі ў добраахвотнікі адразу, як пачалося ўварванне расійскіх войскаў ва Украіну. Разам з Дзянісам Урбановічам «Ваўкалакам», Янам Дзюрбейкам «Тромблі» і «Оскарам» яны спрабавалі запісацца ў бліжэйшую тэрытарыяльную абарону на пункт, дзе раздавалі зброю.

Прастаялі ў чарзе з раніцы да вечара пакуль не скончыліся патроны, а без іх зброю не давалі. Калі вярталіся дадому, іх затрымала паліцыя. Агулам тады ў першыя дні вайны, пакуль хлопцы шукалі, дзе ім запісацца ў войска ці ТРО, іх затрымлівалі 5 разоў. Аднойчы нават брутальна, але потым разбіраліся і адпускалі. Яны ўжо пачалі расчароўвацца, бо спробы патрапіць у войска не прыносілі выніку. Але пабачылі відэа, на якім Ян Мельнікаў запрашаў ахвочых беларусаў далучыцца да фармавання беларускага атраду ў складзе палка «Азоў».

Гэты шанец Альгерд з сябрамі скарысталі адразу і далучыліся да беларусаў з «Азову». Спачатку згуртаваліся тыя беларусы, што жылі ва Украіне, прычым, амаль усе з іх мелі досвед вайны з 2014 года. Затым хутка ўзводы нашых добраахвотнікаў выраслі да роты, а потым і да батальёну, бо беларусы штодзень ехалі з розных краінаў, каб бараніць Украіну. І 24 сакавіка, за дзень да нацыянальнага свята Дня Волі, беларускі батальён афіцыйна ўвайшоў у склад УСУ.

У кожнага свой шлях і тэрмін адаптацыі і ператварэння з цывільнага чалавека ў ваяра. «Альгерду» гэты пераход даўся лёгка, бо з вайсковай справай ён знаёмы з дзяцінства. Бо бацька працаваў ваенкіраўніком у школе, таму з маленства Алег ездзіў на розныя зборы, ваенна-спартыўныя гульні і валодаў зброяй. Таксама ён браў актыўны ўдзел у падзеях Рэвалюцыі годнасці на Майдане. Але, напрыклад 90% людзей, якія пазней увайшлі ў склад Палка Каліноўскага – звычайныя цывільныя людзі, якія кожны па-свойму прыстасоўваліся да вайсковага жыцця.

Першы бой, які зблізку пабачыў «Альгерд» адбыўся ў ноч на 10 сакавіка, калі іх з хлопцамі паставілі ахоўваць 7-ую клінічную лякарню на выездзе з Кіева па Жытомірскай трасе. І акурат адтуль заходзіла расійская калона. Да хлопцаў яна не дайшла, бо была разгромлена ўкраінскай артылерыяй.«Альгерд» узгадвае, што гэта было вельмі эфектнае відовішча.

А праз некалькі дзён яны ўжо стаялі на ахове заводу імя Антонава, па якім пачалі страляць крылатымі ракетамі. Пачуцці былі запамінальнымі.

«Але хутка да ўсяго прызвычайваешся», – кажа «Альгерд».

Затым пачаліся паездкі ў Мікалаеўскую і Херсонскую вобласці, дзе ішлі інтэнсіўныя баі. Спачатку «Альгерд» быў сапёрам, а пасля перайшоў да мінамётчыкаў. Кажа, што знайшоў сябе менавіта ў гэтай справе.

Баец узгадвае, як яны некалькі месяцаў запар стаялі на самай паўднёвай кропцы – каля вёскі Аляксандраўка. Яна за 42 кіламетры ад цэнтру Херсона. З двух бакоў аточаная вадой. Ёсць вялікая дамба, якую кантралявалі на той момант рускія.

«Альгерд» з групай кожную ноч ездзілі ўглыб, бліжэй да ворага, каб пабудаваць сабе там пазіцыю. Пакідалі машыну і пяць кіламетраў ішлі пешшу. Капалі начамі, а раніцай вярталіся. Праз месяц такой маруднай працы яны перайшлі на новую пазіцыю, адкуль было зручна дасягаць ворага з мінамёта. Месяц падрыхтоўкі прынёс плённы вынік – былі разгромленыя склады з боепрыпасамі, бліндажы і штаб ворага, частка тэхнікі і іншыя цэлі, якімі дзяліліся з выведкі УСУ.

«Альгерд» падкрэслівае, што ўкраінская армія ўзору 2022 года ні ў якое параўнанне не ідзе з арміяй 2014 года, якая была яшчэ рэшткай савецкай арміі. Разам з высокай матываванасцю ўкраінцаў, якія бароняць сваю зямлю, гэта прыносіць такія станоўчыя вынікі. Гэта армія, якая ўмее праводзіць наступальныя і абарончыя аперацыі. З боку расійскіх вайскоўцаў былі рэдкія выпадкі гераізму, але агулам армія РФ дэматываваная.

Сябра «Альгерда» яшчэ па цывільным жыцці, Ян Дзюрбейка з пазыўным «Тромблі» зараз у палоне. Ён разам з групай Івана «Брэста» на пачатку ліпеня прыкрывалі адыход УСУ. У тым баі загінулі Іван Марчук «Брэст», Васіль Парфянкоў «Сябро», Васіль Грудовік «Атам» і Вадзім Шатроў «Папік». А Ян «Тромблі» і Сяргей Дзёгцеў «Клешч» патрапілі ў палон.

«Альгерд» кажа, што спачатку думаў: загінулі ўсе ў тым баю. А калі пабачыў пакаяльнае відэа Яна з палону, дзякаваў Богу, што хлопцы засталіся жывымі. Усё, што Ян кажа на відэа – словы пад прымусам, таму не вартыя ўвагі. Галоўнае, што ён жывы і ёсць шанец, што яго абмяняюць.

Гэтая вайна – асабістая для кожнага. І кожны вырашае сам, дзе, калі і як яе скончыць для сябе. Вайна «Альгерда» скончыцца толькі, калі Украіна вернецца да межаў 1991 года, а Беларусь будзе звольнена ад рэжыму.

«Калі з бел-чырвона-белымі сцягамі мы пройдзем маршам Перамогі па вуліцах Мінска».

Поўную размову з «Альгердам» слухайце ў плэеры ніжэй.

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.