Loading

У Гомельскім абласным судзе Аляксей Хлышчанкоў вынес прысуд журналісту Яўгену Меркісу – 4 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за нібыта стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім. Таксама прысуд прадпісвае канфіскаваць у Яўгена Меркіса аўтамабіль, ноўтбук ды іншую маёмасць. Яўген – асоба добра вядомая не толькі на Гомельшчыне. Акрамя плённай працы ў журналістыцы ён займаўся яшчэ і самымі рознымі праектамі ў сферы ўрбаністыкі, краязнаўства, экалогіі, адраджэння беларускай мовы і даўно быў у сферы ўвагі адпаведных дзяжаўных органаў. Пра Яўгена Меркіса і ацэнку прысуду, вынесенага яму, распавёў кіраўнік Гомельскай філіі ліквідаванай уладамі Беларускай асацыяцыі журналістаў Мікола Бянько.

— У адным з журналісцкіх матэрыялаў, які мы з калегамі выпускалі яшчэ некалькі гадоў таму, у «вегетарыянскія» часы, калі Яўгена прыцягвалі яшчэ паводле адміністрацыйных артыкулаў, мой калега Аляксей Харкевіч назваў Яўгена Меркіса самым вядомым журналістам. І ён насамрэч не перабольшваў, таму што ў 2017 годзе на хвалі «антыдармаедаўскіх» пратэстаў Яўген сапраўды вырваўся ў такую арбіту лідараў грамадскіх меркаванняў. Ён вельмі файна сябе праявіў як вядоўца анлайн-трансляцый.

Яго сюжэты глядзел сотні тысяч, калі не мільёны грамадзян. Ён стаў вельмі вядомым у нейкі момант. Ну і за гэта яго пачалі карацць. Канешне, яго максімальна сталі ціснуць па тых часах. З гэтага моманту пачынаецца яго ланцуг непрыемнасцяў. Хаця, былі і раней пэўныя правакацыі з боку ўладаў, але я лічу, што пункт адліку трэба браць з акцыяў «недармаедаў». Калі ён стаў вядомым журналістам.

Ён насамрэч таленавіты вядоўца, ён не губляецца падчас прамых эфіраў. І тое, што яму далі 4 гады – гэта проста пакаранне за тое, што ён сябе вельмі прафесійна праявіў, як журналіст, яшчэ ў 2017 годзе. Мне падаецца, што гэта «па сукупнасці ягоных заслуг» такая кара. Паколькі зараз рэпрэсіўны каток не спыніць у Беларусі, то яму прыгадалі тое, што ён раней актыўнічаў.

Гэтае «экстрэмісцкае фармаванне» – беларускі народ 9,5-мільённы, які ён прадстаўляе. Прычым, ён адзін з лепшых рэпрэзентантаў нашай нацыі. І, адпаведна, яго караюць за тое, што ён не абыякавы чалавек, заўжды кідаўся туды, дзе несправядлівасць, пісаў пра гэта, гаварыў пра гэта. Усяляк дабіваўся паляпшэння сітуацыі ў родным горадзе. Ён намагаўся яго беларусізаваць усяляк.

Яго караюць за тое, што ён беларус па-сутнасці. Гэта не тое, што пафасныя мае нейкія выказванні, а насамрэч адлюстроўвае тое, што ідзе вайна – неабвешчаная такая, супраць беларускага народа і ягоных прадстаўнікоў. То бок, людзей, якія дакладна сябе акрэсліваюць як беларусы, для якіх каштоўнасцю з’яўляюцца мова, культура, гісторыя. Супраць адукаваных людзей, набыякавых. Вось гэта «экстрэмісцкае фармаванне» – беларускі народ.

Яўген – «шматстаночнік», калі можна так выказацца. Ён не толькі журналіст. І ў гэтай сферы ён сябе добра праявіў і як аўтар тэкстаў шматлікіх, на ўрбаністычную, перадусім, тэматыку, на культурніцкую тэматыку. Ён здымаў відэа вельмі якасныя. Акрамя журналістыкі ён таксама займаўся пытаннямі развіцця горада Гомеля. То бок, урбаністычнымі пытаннямі. Удзельнічаў у шматлікіх ініцыятывах у паляпшэнні градскога асяроддзя. Намагаўся зрабіць наш горад больш сучасным і ў плане безбар’ернага асяроддзя, і ў плане руху транспарту, і ў плане экалогіі, і ў плане беларусізацыі, навігацыі па ім.

Зразумела, што ўсе гэтыя ініцыятывы, якія ішлі ў разрэз з рашэннямі гарадскіх уладаў, часта непапулярнымі сярод гараджан, выклікалі пэўную рэўнасць, злосць з боку кіраўніцтва горада і гэта таксама, я думаю, магло быць прычынай яго пераследу. Акрамя таго, Яўген яшчэ актыўна займаўся беларусізацыяй. Ён быў выкладчыкам курсаў моўных. Мы пачыналі з ім курсы «Мова Нанова». Ён быў вядоўцам шэрагу імпрэз на беларускую тэматыку. Таму я нездарма гаварыў вышэй, што «па сукупнасці заслуг» ён і быў пакараны.

Comments are closed.