Loading

У СМІ патрапіў тэкст дакладной запіскі на імя прэм’ер-міністра Галоўчанкі, у якім даецца справаздача аб выкананні даручэння Лукашэнкі, якое тычыцца паступовай адмовы ад выкарыстання ў грамадскім асяроддзі надпісаў на беларускай лацінцы. Там гэта тлумачыцца тым, што ў 16-м стагоддзі нібыта лацінка была ўведзеная для апалячвання беларусаў, а цяпер выкарыстоўваецца для навязвання «чужых заходніх каштоўнасцяў». Загадваюць адмовіцца ад выкарыстання лацінкі і карыстацца «толькі дзяржаўнымі мовамі». Пра тое, калі і ў якіх варунках зʼявіўся беларускі лацінічны алфавіт, а таксама што можа хавацца за жаданнем уладаў знішчыць беларускую лацінку, размаўляем са знаўцам беларускага лацінкавага пісьма, магістрам філасофіі і кіраўніком згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі Мікалаем Пачкаевым.

Адкуль у беларусаў з’явілася лацінка?

Варта прызнаць, што на пачатак ХІХ стагоддзя ніякага беларускага пісьменства не толькі не існавала, але і не было вядома людзям, якія гэтым цікавіліся. Калі Ян Чачот у 1840-х гадах публікаваў свой зборнік беларускіх песняў, ён змясціў прадмову і ў гэтай прадмове ён абмяркоўвае пытанне, як трэба пісаць па-беларуску. І галоўная выснова ў тым, што ніякіх прыкладаў пісання па-беларуску, ні кірыліцай, ні лацінкай Чачоту не было вядома. І гэта была тады ўніверсальная сітуацыя. Дунін-Марцінкевіч у сваіх выданнях друкаваў, скажам, «у нескладовае» па-свойму, не так, як Чачот. Аляксандр Рыпінскі ў 1850-х гадах і раней у некаторых віленскіх выданнях друкаваў «у нескладовае» зноў жа па-свойму – там яны з’яўляюцца ўжо ў знаёмай нам форме, лацінкаю, безумоўна.

Толькі ў другой палове ХІХ стагоддзя была зробленая вялікая праца па публікацыі старабеларускіх дакументаў, выданняў, яны сталіся вядомыя. І вось толькі ў канцы ХІХ стагоддзя мы чытаем у Багушэвіча ў прадмове да «Дудкі беларускай» спасылкі на гісторыю. Ён там кажа, што «чытаў я ці мала старых папераў па 200-300 гадоў, пісаных у нашай зямлі вялікімі панамі на нашай мове чыстай, як бы вось цяпер пісалася».

Таму мы маем тое, што дзейнічала забарона на друк па-беларуску, і для чалавека ХІХ стагоддзя, пачатку ХХ стагоддзя, калі адбывалася адраджэнне і стваралася пісьменства ў сучаснай беларускай мове, гэта была «tabula rasa», і фактычна сучаснае беларускае пісьменства паўстала ў ХІХ стагоддзі і пачатку ХХ стагоддзя. Ніякай кірыліцы не было. У 1906 годзе пасля легалізацыі друку ў Расійскай імперыі была створана новая кірыліца на аснове лацінкі, то бок, фактычна як транслітарацыя па правілах, якія існавалі раней ужо лацінкай. Гэтая тая сістэма, з якой з невялікімі зменамі развілася сучаснае беларускае пісьмо кірыліцай.

Таму ніякай сувязі паміж сучаснай беларускай кірыліцай і той кірыліцай, якою друкаваў Скарына, Цяпінскі, Будны і гэтак далей, фактычна няма. У свой час яна перарвалася і сучасная беларуская кірыліца паўстала на аснове лацінкі толькі каля 1906 года.

Пра тое, чаму беларускае пісьмо паўстала менавіта на такой лацінцы

У часы рэфармацыі адукаваныя класы пераходзілі ад адукацыі на аснове нейкіх царкоўнаславянскіх азбукаў да больш сучасных школаў, у якіх ужо дамінавала тады польская мова і лацінская мова. Гэта было не нешта спецыфічнае для тэрыторыі Беларусі, гэта была з’ява, уласцівая многім краінам Усходняй Еўропы.

І, калі тэрыторыя Беларусі была захопленая Расійскай імперыяй падчас падзелу Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, гэта нічым не стварыла лепшыя ўмовы для нейкага адраджэння беларускага пісьменства, таму што ў Расійскай імперыі ўжо дзейнічалі забароны на кірылічны друк украінскай мовай. Там асабліва не разбіраліся – «юго-западное наречие» ці «северо-западное наречие» – гэта ўсё было забаронена.

Калі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў грамадскай свядомасці падышла справа да нейкай цікавасці да беларускай народнай культуры, да нацыянальнага адраджэння, гэтая цікавасць паўстала ў колах грамадства, адукаваных пераважна па-польску. Тыя колы грамадства, якія арыентаваліся на Расію, ніякай цікавасці, ніякіх высілкаў для нацыянальнага адраджэння ў ХІХ стагоддзі не выяўлялі, разглядалі беларусаў, як частку расійцаў.

Але тыя людзі, якія нешта рабілі для нацыянальнага адраджэння, вельмі хутка прыйшлі да разумення, што патрэбная сістэма правапісу, адрозная ад польскай. І тут яны сутыкнуліся з праблемамі. Калі Дунін-Марцінкевіч абгрунтоўваў, чаму ён друкуе лацінкай, ён спаслаўся на той факт, што ўсе чытачы яго беларускамоўных твораў маюць адукацыю першасную, здольнасць чытаць, на аснове польскай мовы. І з гэтай прычыны не было сэнсу друкаваць кірыліцай. У канцы ХІХ стагоддзя ўсё моцна змянілася, гэтага фактару ўжо практычна не было. Наадварот, сярод народа, які быў зацікаўлены стаць патэнцыйным чытачом беларускамоўных кніг, людзі былі ўжо адукаваныя чытаць па-расійску.

І, тым не менш, калі ў 1906 годзе, пасля легалізацыі, беларускія дзеячы выдалі Лемантар, выдалі яго ў сістэме лацінкі, якая была абсалютна відавочна не польская. Мы там маем «č» – не як па-польску, «š» – не як па-польску, «ž» – не як па-польску. Ну і пасля ў 30-х гадах ад «w» перайшлі да «v». Хачу заўважыць, што ў адрозненне ад расійскага альфабэту, цяпер мы маем «і», «ў» і няма гэтага «щ». Таму ніякага імкнення ўжываць польскападобную лацінку ў 1906 годзе, калі легалізавалі друк у Расійскай імперыі, відавочна не было. Самі выдаўцы ў прадмовах называлі кірылічныя літары рускімі, але лацінскія называлі лацінскімі. Яны не называлі іх польскімі.

Пра ўплыў лацінкі на культурны кантэкст

Калі мы пабачым на тыя дэбаты, якія адбываліся ў пачатку ХХ стагоддзя, то людзі таго часу сапраўды бачылі пэўны цывілізацыйны ўплыў, які мае ўжыванне таго ці іншага альфабэту. Ці лепш сказаць – яны палітызавалі гэта вельмі па-рознаму. Што тычыцца, скажам так, беларускага лагеру, то ўжываліся аргументы, што гэта зручна для беларускай мовы, што гэта дазволіць беларусам адчуваць сябе ў еўрапейскім культурным кантэксце. Але, што тычыцца праціўнікаў лацінкі, у 20-х, 30-х гадах яны ўжывалі не спасылку на нейкую традыцыйнасць, а зусім іншае. Довады былі цалкам камуністычныя. Такія, як скажам, для адмовы ад лацінкі для цюркскіх моваў СССР, ці выключэння лацінкі з малдаўскай, карэльскай, бурацкай моваў у 1937-1939 годзе, увядзенне кірыліцы ў Манголіі ў 1943 годзе. Вось, напрыклад, Уладзімір Дубоўка ў сваёй брашуры 1927 года пад назваю «Кірыліца ці лацінка», выдадзенай у БССР, абсалютна простым тэкстам кажа, што «перш за ўсё, трэба вырашыць, хто больш зацікаўлены ў рэформе альфабэтаў на аснове лацінкі – пралетарыят ці буржуазія?». У 1933 годзе ідэі карыстання лацінкай абвясцілі ўжо нацдэмаўскімі і контррэвалюцыйнымі.

Чым улады могуць замяніць беларускую лацінку

У мяне ёсць тэорыя, яна, праўда, нічым не абгрунтаваная, аб тым, што ў Беларусі цяпер з’явіліся дзясяткі тысяч расійцаў-вайскоўцаў, якія карыстаюцца беларускімі дарогамі і кватаруюць на тэрыторыі Беларусі. Таму мая здагадка, што хтосьці з вайсковых расійцаў наскардзіўся, і толькі такім чынам гэта дайшло да Лукашэнкі ў той форме, што з гэтым трэба нешта рабіць.

З таго дакументу, які быў апублікаваны, не зусім ясна, якога гатунку практычныя дзеянні павінны адбыцца. Увогуле там ідзецца пра ўжыванне толькі дзяржаўных моваў. Дык транслітарацыя лацінкай была з дзяржаўнай мовы. Што яны маюць на ўвазе – не зусім зразумела. Але я не выключаю, што пры нейкай замене знакаў, яны будуць проста замяняцца на знакі па-беларуску ці па-расійску, хутчэй па-расійску, і мы проста не пабачым такога шырокага выкарыстання транслітарацыі.

Comments are closed.