Loading

Як бачаць Беларусь замежныя журналісты і што расказваюць сваім чытачам? Медыйны вобраз Беларусі за мяжой ужо другі раз даследаваў Цэнтр Новых ідэй. Аўтаркі даследавання – Леся Руднік і Кацярына Шмаціна. Асноўная задача: паглядзець, хто, што і колькі пісаў пра нашую краіну з сярэдзіны 21 года па сярэдзіну 22-га. Сёлета, праўда, апроч колькасных характарыстык, вывучалі і якасныя: аўтары прааналізавалі артыкулы і пагаварылі з журналістамі. Публічная прэзентацыя даследавання адбылася 25 лістапада.

У 2020 годзе Беларусь уварвалася ў міжнародны парадак дня спачатку яркай прэзідэнцкай кампаніяй, асобай Ціханоўскай, потым шматтысячнымі пратэстамі, затым гвалтам і тэрорам, парушэннем правоў чалавека. Пасля інтарэс да нашай краіны крыху спаў, але з сярэдзіны 2021 года Беларусь зноў вярнулася ў медыйную павестку, часам нават на першыя палосы, за кошт уцягнутасці ў міжнародныя падзеі. У маі 2021 года ўлады Беларусі прымусова пасадзілі самалёт, каб арыштаваць Рамана Пратасевіча. Пазней яны справакавалі міграцыйны крызіс на межах Беларусі і краін ЕС. З пачаткам 2022 года Беларусь пачала прыцягваць увагу замежных выданняў праз вучэнні з расійскай арміяй на тэрыторыі краіны. І калі ў студзені ўвага замежных медыя канцэнтравалася на Расіі і яе падрыхтоўцы да вайны, то 24-га лютага Беларусь пачала набываць вобраз суагрэсара ў вайне супраць Украіны.

Адна з аўтарак даследавання Леся Руднік:

«Мы праверылі, як міжнародныя выданні акрэслівалі беларусаў у кантэксце вайны. Самае папулярнае меркаванне, што беларусы з’яўляюцца ахвярамі рэжыму (35.9%), амаль 27% лічаць беларусаў агрэсарамі, хтосьці кажа, што гэта народ пад акупацыяй. 2.5% называюць беларусаў «слабай па духу нацыяй», але такое меркаванне хутчэй трапіла ў наш аналіз з украінскіх медыя.

Міжнародныя выданні звярталі ўвагу на беларускіх добраахвотнікаў на вайне, якіх яны характарызуюць як герояў. Вельмі ахвотна пісалі пра «рэйкавых» партызан».

Але вайна і ўдзел у ёй Беларусі ўсе ж такі на другім месцы ў замежных выданнях. Больш за ўсё пісалі пра міграцыйны крызіс. І тут па-за канкурэнцыяй СМІ Польшчы і Літвы.

«Краіны, якія знаходзяцца далёка ад Беларусі, такія як ЗША ці Бразілія, шмат пісалі пра Беларусь у геапалітычным кантэксце. Польшча і Літва часцей за ўсе пісалі пра міграцыйны крызіс і вайну ва Украіне. Больш за ўсе на ваенную тэму, прадказальна, пісалі ўкраінскія выданні. Да тэм культуры і грамадства часцей звярталіся польскія выданні, а японскія – да спорту, у кантэксце ўдзелу Беларусі ў Алімпіядзе».

Скрыншот з даследавання «Медыйны вобраз Беларусі за мяжой у 2021-2022 гг.?»

Дзякуючы месяцам міграцыйнага крызіса Лукашэнка паступова прымушаў Захад вяртаць яго суб’ектнасць у міжнародную палітыку, што ўплывала на рост яго медыйнай прысутнасці ў замежных СМІ. І тут у барацьбе за ўвагу журналістаў афіцыйны Мінск на чале з Лукашэнкам перамог дэмакратычныя сілы з Ціханоўскай з разгромным адрывам: 79% супраць 4%.

«Лукашэнка апісваўся як сябра ці паплечнік Пуціна, партнёр, які добраахвотна пагаджаецца на ўсе тое, што адбываецца, то бок добраахвотна прымае рашэнні наконт удзелу ў вайне. Нашмат менш артыкулаў апісвала Лукашэнку як «марыянетку Пуціна». І гэта было для нас невялікім сюрпрызам, таму што нам падавалася, што ў заходніх выданнях павінен дамінаваць наратыў, што Лукашэнка цалкам падкантрольны Пуціну, але на практыцы атрымалася крыху інакш. Былі нават артыкулы, якія адзначалі, што Лукашэнка – гэта гарант незалежнасці Беларусі.

Што тычыцца Ціханоўскай, то яна займала значна менш месца ў медыйнай прасторы замежжа, што таксама вялікая змена ў параўнанні з мінулым даследаваннем. Зараз пра яе пісалі нашмат менш. У большасці выпадкаў асвятлялі яе міжнародныя візіты і дзеянні, скіраваныя на дэмакратызацыю Беларусі. У адрозненне ад Лукашэнкі, журналістаў больш цікавілі прыватнае жыццё Ціханоўскай і яе асабістая гісторыя. Гэта звязана з тым, што Ціханоўская ўвасабляе вобраз палітыка без прамога ўплыву на падзеі ў Беларусі і яе станаўленне як палітыка фарміравалася непасрэдна праз прызму падзей прыватнага жыцця».

Скрыншот з даследавання «Медыйны вобраз Беларусі за мяжой у 2021-2022 гг.?»

Рэцэнзавала даследаванне «Медыйны вобраз Беларусі за мяжой у 2021-2022 гг.» Марыя Садоўская-Комлач, Non-Resident Fellow, CEPA. Яна агучыла і асноўныя высновы, якія павінны зрабіць грамадзянская супольнасць, дыяспара і дэмакратычныя сілы.

Марыя Садоўская-Комлач:

«Як мінімум да пачатку вайны ва Украіне бачна, што беларусы, з народа, якія спрабаваў узяць уладу ў свае рукі, змяніць сваю будучыню, зноў у міжнародных медыя ператварыліся ў ахвяр рэжыму, палітычных вязняў, закладнікаў, ад якіх нічога не залежыць. Выключэннем стала вайна ва Украіне, калі дзякуючы зладжаным акцыям грамадзянскай супольнасці, добраахвотнікам і «рэйкавым» партызанам, удалося прадэманстраваць, што ў Беларусі засталіся яшчэ пэўныя суб’екты з асабістай воляй. Але гэтая суб’ектнасць праяўляецца на ўзроўні асобных людзей, а не нацыі ў цэлым. Офісы, кабінеты і прадстаўнікі дэмакратычных сіл гэтую працу поўнасцю правалілі. Яны мелі ўсе магчымасці стварыць добры піяр-наратыў. Яны мелі ўсе магчымасці, каб іх імёны і прозвішчы ўзгадваліся. Добра, не як людзей, якія ўводзяць ці не ўводзяць войскі, а як людзей, якія даюць экспертныя каментары па тым, што адбываецца. У ByPol ёсць былыя міліцыянты, у цяперашнім Кабінеце ёсць былыя супрацоўнікі і сілавых структур, і былыя дыпламаты, у якіх ёсць вялікая экспертыза па тых тэмах, якіх не хапае: Беларусь у геапалітычным кантэксце, наколькі рэалістычна ваенная пагроза з боку Беларусі ў выпадку тых ці іншых дзеянняў Расіі і т.д. Каб такія каментары бралі, каб па іх звярталіся, павінна быць вельмі граматная праца, у тым ліку і з замежнымі піяр-агенцтвамі, людзей, якія з гэтымі палітыкамі працуюць за мяжой. Нагодаў для такіх каментарыяў было вельмі шмат, бо адных замежных візітаў былі дзесяткі. Але частата ўзгадвання той жа Ціханоўскай у замежных медыя на ўзроўні маргінальнай. І такім чынам дэмакратычным сілам не ўдалося стаць голасам, альтэрнатыўным Лукашэнку, які б распавядаў, якая насамрэч Беларусь. Гэтую задачу на жаль не выканала і дыяспара. Беларуская дыяспара, дзе ёсць вельмі моцны эксперты патэнцыял, таксама не стала крыніцай такой экспертызы».

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

 

 

Comments are closed.