Днямі стала вядома, што традыцыя беларускага дударства атрымае ў Беларусі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. А неўзабаве нашая дуда можа з’явіцца і ў спісе сусветнай культурнай спадчыны. Прынамсі, даклад «Культура беларускай дуды» ужо рыхтуецца для UNESCO.
Дуда – адзін з самых старажытных беларускіх інструментаў. На нашай тэрыторыі дуда з’явілася на мяжы XIII-XIV стагоддзяў. Для беларусаў яна заўсёды мела сакральнае значэнне і выкарыстоўвалася ў абрадах, звязаных з самымі важнымі момантамі ў жыцці чалавека. Дарэчы, ні ў адной традыцыі свету дуда не была так міфалагізаваная, як у нашых продкаў. Для іх гэта быў касмалагічны, рытуальны, вельмі актыўны, мужчынскі інструмент.
Дудар быў чалавекам, які – меркавалі нашыя продкі – валодаў магічнымі здольнасцямі. Людзі верылі, што ён і яго музыка могуць змяніць свет. Нездарма ў народзе казалі: «Сварыся з гаспадаром, толькі не барыся з дударом». Або: «Як дудар сказаў, дак з людзей ваўкалакам стаў». То бок як дудар мовіў слова, так чалавек абярнуўся ваўкалакам.
Не аддзяляліся ў народнай свядомасці дуда і танец: «Ой, без дуды, без дуды ходзяць ножкі не туды!» А вось яшчэ адзін цікавы факт: асаблівую ролю дудар адыгрываў на вяселлі нявесты-сіраты. Дзяўчыне ён замяняў маці, падказваючы, як трэба сябе паводзіць у той ці іншы момант абраду.
Традыцыя дударства мела на Беларусі драматычны лёс і была перарваная на даволі працяглы час. Як згадвала прафесар Іна Назіна, напрыканцы XIX cтагоддзя дудары пачынаюць сустракацца ўсё радзей і радзей. Апошняга, здаецца, слухалі на фестывалі народнай творчасці ў Полацку ў 1951 годзе. І толькі ў 1980-ыя музычныя майстры, мастакі, выканаўцы, этнографы пачалі працу па адраджэнні гэтага ўнікальнага інструмента і вярнулі яго ў мастацкі ўжытак.
Абавязкова паслухайце чароўныя гукі дуды і гісторыю традыцыі беларускага дударства ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.