326 total views
15 лютага 1944 года ў амерыканскім часопісе «Эйнікайт» быў апублікаваны паэтычны зварот Марка Шагала. «Як даўно, мой горад любімы, я не бачыў цябе», – прызнаваўся мастак у каханні свайму роднаму Віцебску. Яго словы сёння могуць паўтарыць дзясяткі тысяч беларусаў, якія з’ехалі са сваіх гарадоў і не ведаюць, калі яны туды вернуцца.
І калі для Шагала своеасаблівым пасланнем скрозь час і прастору стаў яго верш у прозе, то сёння такім пасланнем становяцца фатаграфіі – з гарадоў, якія цяпер жывуць без нас.
Мы папрасілі дызайнера Уладзіміра Маляўку адабраць для нас топ-5 інстаграм-акаўнтаў з фотаздымкамі Менска – горада, у якім ён нарадзіўся, вырас і жыў да 2021 года.
– Маё дзяцінства прайшло каля Камсамольскага возера на вуліцы Чарвякова, потым я жыў у Першамайскім раёне каля будынку беларускага тэлебачання, пасля ў іншых раёнах горада, – распавядае дызайнер, якога вы можаце ведаць па серыі здымкаў менскіх будынкаў. Адметная яна была тым, што Уладзімір множыў іх па кадры, ствараючы эфект бясконцай колькасці паверхаў і акон.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
1 @graph_calligraph
– Фотамастак, які стварае ў Менску новыя сусветы, падобныя нашым марам або снам. Серыя з чарапашкамі Ніндзя – гэта ўвогуле нейкі галівудскі блакбастар. Мне вельмі падабаецца, як ён працуе са светам і колерам. Акрамя фантастычных работ, у Графа Каліграфа ёсць работы проста пра горад. Напрыклад, зімовы Камароўскі рынак. Увогуле, зімовыя здымкі выглядаюць апакаліптычна – снег, туман, шэрыя будынкі. А Менск і без таго не самы яркі горад. Зрэшты, кожны бачыць яго ў сваім свеце.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
2 @palasatka
– Я б назваў, што гэта фота Менска вачыма менчукоў. І калі ты сумуеш – проста паглядзі гэты акаўнт, паглядзі на гэтыя фота. Вось табе Кастрычніцкая, а вось ты зараз ля Парка Горкага. І быццам бы ніколі нічога не адбывалася. Усё стаіць, як ёсць. Ты ўспрымаеш гэта як вечаровы шпацыр ад Першамайскай, а там недзе будзе кава з «Лаўкі» ці блінцы з «Дэпо».
Посмотреть эту публикацию в Instagram
3 @fankovin
– Падабаецца яго серыя і ўвогуле падыход да начных фотаздымкаў. Напрыклад, у яго ёсць фатаграфія з нейкага парку, які выглядае не як умоўны Парк Чалюскінцаў, а нейкае Токіа. Ці туманны Менск – як нейкі трылер. Вельмі кінематаграфічна. Фотаздымкі, якія робіць Фанковін, даюць нам магчымасць паглядзець на наш горад з іншага боку. Менск становіцца быццам бы нейкім аб’ектам фэшн-індустрыі.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
4 @mister_slivster
– Ён сам пра сябе піша, што даследуе Беларусь, і яго мара – наведаць усе яе гарады. Таму ў гэтым акаўнце можна знайсці фота амаль кожнага куточка, мястэчка Беларусі. Ад нейкіх савецкіх панэлек да возера каля Уручча, пра якое нават ніхто не ведае. Таксама ён здымае відэашпацыры па гарадах. І калі вы забыліся, як выглядае, напрыклад, Серабранка, можна паглядзець відэа і быццам бы трапіць на кароценькую экскурсію.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
5 @dimid_by
Вельмі папулярны відэограф, фатограф, які знакаміты сваімі здымкамі з дрона. Яны даюць нам іншы погляд на тое, як мы ўспрымаем усё, што навокал нас. Напрыклад, горад быццам лялечны, а прырода з такой вышыні выглядае як нейкі малюнак абстракцыяніста ці імпрэсіяніста – залежыць ад таго, што мы бачым на здымках. А яшчэ, я вельмі раю паглядзець яго таймлапсы, паскораныя відэа з паўночным ззяннем над Менскам.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
Comments are closed.